Печатать книгуПечатать книгу

*§ 9-1. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 9-1. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 07:02

Прававая дзяржава. Свае асноўныя рысы і прыметы канцэпцыя прававой дзяржавы набыла ў канцы XIX — пачатку XX ст. Правы і свабоды чалавека былі прызнаны неадчужальнымі, а іх павага, захаванне і абарона з боку дзяржавы — абавязковымі. У прававой дзяржаве чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі разглядаюцца ў якасці найвышэйшай каштоўнасці і мэты дзяржавы. У прававой дзяржаве «не закон ляжыць у аснове правоў людзей, а правы чалавека — у аснове закону».

icon-persona

Родапачынальнікам канцэпцыі прававой дзяржавы лічыцца нямецкі філосаф Імануіл Кант (1724−1804). Менавіта ён прапанаваў ідэю «катэгарычнага імператыву», якая азначае, што кожны чалавек валодае абсалютнай каштоўнасцю і не павінен быць інструментам чыіх-небудзь намераў, няхай нават самых высакародных. Трэба прадухіліць сваволле аднаго індывіда ў адносінах да другога, гэтую ролю заклікана выканаць дзяржава — аб’яднанне людзей, падпарадкаваных закону. Грамадзянскі стан разглядаецца ім як стан прававы, заснаваны на трох прынцыпах:

1) свабода кожнага члена грамадства як чалавека;

2) роўнасць чалавека з кожным іншым чалавекам;

3) самастойнасць кожнага члена супольнасці як грамадзяніна.

Кант дасягнуў адзінага ўяўлення пра тры найважнейшыя тыпы норм: правы чалавека, заканадаўчыя гарантыі саслоўнай роўнасці і дэмакратычныя правы.

Мэтай прававой дзяржавы з’яўляецца забеспячэнне правоў чалавека, недапушчальнасць парушэння свабоды, замацаванай у праве. Гэтаму прынцыпу падпарадкаваны ўсе іншыя прынцыпы прававой дзяржавы.

Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) у 2011 г. падрыхтавала кантрольны спіс пытанняў для выканання вяршэнства права.

Венецыянская камісія прааналізавала азначэнні, прапанаваныя рознымі аўтарамі, якія прадстаўляюць розныя сістэмы права і дзяржаўнай арганізацыі, а таксама розныя прававыя культуры. Камісія прыйшла да вываду, што паняцце вяршэнства права мае на ўвазе дакладную і прадказальную прававую сістэму, пры якой кожны грамадзянін мае права на годныя, раўнапраўныя і разумныя адносіны ў адпаведнасці з законам з боку ўсіх асоб, якія валодаюць уладай, а таксама мае магчымасць аспрэчыць іх рашэнне ў незалежных і аб’ектыўных судах у межах справядлівага судовага разбіральніцтва. Камісія перасцерагла ад чыста фармальнага падыходу да паняцця вяршэнства права, які патрабуе толькі, каб дзеянні чыноўніка былі дазволены законам. «Праўленне сілай закону», ці «праўленне з дапамогай закону», ці нават «правасуддзе па законе» — усё гэта з’яўляецца скажэннем паняцця вяршэнства права.

icon-discussions
Як вы лічыце, чаму фармулёўкі «праўленне сілай закону», «праўленне з дапамогай закону», «правасуддзе па законе» было прапанавана лічыць скажэннем паняцця вяршэнства права?

Найважнейшай умовай пабудовы прававой дзяржавы з’яўляецца не проста абвяшчэнне правоў чалавека і прынцыпаў прававой дзяржавы, а іх гарантаванасць, увасабленне ў рэальную практыку адносін дзяржавы і грамадства, грамадства і чалавека.

Першай краінай, у якой пачала складвацца сістэма стрымлівання і проціваг, былі ЗША. Прынятая ў 1787 г. Канстытуцыя адразу замацавала асаблівыя працэдуры, якія павінны былі забяспечыць гэту сістэму. Яна замацавала розныя спосабы фарміравання галін улады і розныя тэрміны іх дзеяння. Так, заканадаўчы орган улады Кангрэс, які складаецца з дзвюх палат — Сената і Палаты прадстаўнікоў, мае розныя спосабы фарміравання. Палата абіраецца адзін раз на два гады насельніцтвам штатаў. Сенат абіраецца на шэсць гадоў заканадаўчымі сходамі адпаведных штатаў — па два сенатары ад кожнага штата. Выканаўчая ўлада належыць Прэзідэнту, які абіраецца раз на чатыры гады па асаблівай сістэме: спачатку галасуе народ, затым канчатковае рашэнне прымае калегія выбаршчыкаў. Трэцяя ўлада — судовая, суддзі прызначаюцца пажыццёва Прэзідэнтам са згоды Сената. Асаблівае значэнне ў амерыканскай сістэме стрымлівання і проціваг надаецца немагчымасці ўзмацнення выканаўчай улады, якую ўвасабляе Прэзідэнт. Таму Сенату было дадзена выключнае права адхілення Прэзідэнта ад улады да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў (імпічмент) або за цяжкія злачынствы, або за парушэнне прысягі, Канстытуцыі і іншыя злоўжыванні. Калі разглядаецца справа Прэзідэнта Злучаных Штатаў, у Сенаце старшынствуе Галоўны суддзя: Прэзідэнт не можа быць прызнаны вінаватым без згоды трэці прысутных сенатараў. Таксама Кангрэс мае права адхіляць законапраекты Прэзідэнта, якія ён прапануе Кангрэсу. Сенат мае права адхіліць любую кандыдатуру, рэкамендаваную Прэзідэнтам для прызначэння на пасаду любой федэральнай службы, паколькі для атрымання згоды патрабуецца дзве трэці галасоў Сената. У той жа час Прэзідэнт валодае правам адтэрмінаванага вета на законапраекты, прынятыя Кангрэсам. Калі Прэзідэнт падпісвае законапраект, то ён становіцца законам; калі не падпісвае, то вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў тую палату, адкуль зыходзіў законапраект. Каб пераадолець адтэрмінаванае вета Прэзідэнта, неабходна, каб за законапраект паўторна прагаласавала дзве трэці галасоў у кожнай палаце. Калі законапраект не вяртаецца Прэзідэнтам на працягу дзесяці дзён (без уліку нядзельных дзён), ён становіцца законам. Па пытаннях законнасці дзеянняў іншых дзвюх улад канчатковае рашэнне выносіць Суд.

Грамадзянскае грамадства. У Новы час пачынае складвацца і канцэпцыя грамадзянскага грамадства. У сваёй аснове яна мела вывад аб тым, што ў кожнай дзяржаве суіснуюць у непарыўным адзінстве дзяржава як апарат улады і грамадзянскае грамадства як сукупнасць грамадзян дзяржавы, якія маюць свае ўласныя, адрозныя ад дзяржавы, мэты і інтарэсы. Сфера рэалізацыі прыватных індывідуальных і групавых інтарэсаў і патрэб людзей ахоплівае вытворчае і прыватнае жыццё людзей, іх традыцыі, норавы, звычаі, адукацыю, навуку, культуру. Грамадзянскае грамадства стала паступова разглядацца як такая сфера грамадства, у якой пераважаюць асабістыя, індывідуальныя інтарэсы чалавека, і яны замацоўваюцца ў законе як асабістыя правы і свабоды.

icon-persona
Вядомы нямецкі філосаф Гегель сцвярджаў, што грамадзянскае грамадства з’яўляецца асаблівай субстанцыяй, якая складаецца з мноства асоб і іх інтарэсаў і змяшчаецца паміж сям’ёй і дзяржавай. Гэта сфера эканамічных інтарэсаў людзей, дзе пераплятаецца залежнасць усіх ад усіх. Значыць, грамадзянскае грамадства — гэта сфера прыватных (сямейна-бытавых, гаспадарчых і г. д.) узаемаадносін людзей.

Многія мысліцелі Новага часу гаварылі і пісалі пра тое, што грамадзянскае грамадства павінна быць свабодным ад умяшання дзяржавы, інакш кажучы, яно павінна быць аўтаномным. Але інтарэсы і патрэбы розных людзей і сацыяльных груп часта ўступаюць у супярэчнасць, канфліктуюць, таму дзяржаву немагчыма зусім выключыць з тых адносін, якія складваюцца ўнутры грамадзянскага грамадства. Бо менавіта дзяржава стварае законы, на падставе якіх людзі будуюць свае адносіны адзін з адным, менавіта дзяржава вырашае канфлікты ўнутры грамадзянскага грамадства. Паколькі адносіны ўнутры грамадзянскага грамадства рэгулююцца законамі дзяржавы, можна гаварыць толькі пра адносную незалежнасць грамадзянскага грамадства ад дзяржавы. Грамадзянскае грамадства валодае пэўнай аўтаномнасцю і незалежнасцю ад дзяржавы, але гэтая незалежнасць не з’яўляецца абсалютнай.

Грамадзянскае грамадства (крытэрыі сфарміраванасці) для паўнавартаснага выканання сваіх функцый павінна мець наступныя ўмовы:

• наяўнасць сродкаў і цэнтраў камунікацыі (СМІ, месцаў публічных сходаў), вынікам чаго з’яўляецца фарміраванне сферы грамадскага жыцця і грамадскай думкі;

• грамадскае жыццё свабодных і роўных асоб, чые правы абаронены Канстытуцыяй і законамі;

• незалежныя ад дзяржавы добраахвотныя аб’яднанні, асацыяцыі, саюзы і палітычныя партыі;

• дзейнасць, арыентаваная на грамадскія інтарэсы і публічную палітыку, наступствамі якой з’яўляюцца супрацоўніцтва і салідарнасць паміж людзьмі, зносіны на падставе ўзаемадаверу.

Грамадзянскае грамадства мае складаную структуру. Яно ўключае ў сябе не толькі эканамічныя, духоўныя, этнічныя, сямейныя і іншыя інтарэсы грамадзян і адносіны паміж імі, але і шматлікія арганізацыі, закліканыя абараняць правы грамадзян і рэалізоўваць іх разнастайныя інтарэсы. Такія арганізацыі, як палітычныя партыі, прафесійныя, творчыя аб’яднанні, царква, сацыяльныя рухі, органы грамадзянскай самадзейнасці і інш., з’яўляюцца найважнейшымі інстытутамі грамадзянскага грамадства.

icon-search
Правядзіце пошук па фотаздымках і вызначце, якія значныя змены ў жыцці грамадства і законах дзяржавы адбыліся ў выніку дзеянняў грамадзянскіх актывістаў. Як вы лічыце, чаму мемарыялізацыя была праведзена на падставе прадстаўленых фота? Выкарыстоўвайце памяткі па рабоце з фота і помнікамі.

Узаемаадносіны паміж грамадзянскім грамадствам і дзяржавай носяць складаны, часта канфліктны характар. Грамадзянскае грамадства пастаянна адчувае ціск з боку дзяржавы, якая імкнецца абмежаваць яго свабоду. Грамадзянскае грамадства, у сваю чаргу, імкнецца максімальна вызваліцца ад умяшання дзяржавы ў сваё жыццё, што часам прыводзіць да парушэння інтарэсаў дзяржавы.

СМІ. Роля СМІ ў сучасным грамадстве ўвесь час узрастае. Усё больш людзей разумее, што без адкрытасці палітычнай сферы, якая забяспечваецца СМІ, дэмакратыя немагчыма. Абавязковай умовай дэмакратыі з’яўляецца прадастаўленне грамадзянам магчымасці рабіць такі выбар, які заснаваны на свабодным доступе да інфармацыі. Даўно зацвердзілася думка, што роля СМІ, у першую чаргу, складаецца ў інфармаванні насельніцтва пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Гэта інфармацыйная функцыя СМІ з’яўляецца адной з самых галоўных.

img
icon-search
Скарыстайце сайт Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (http://mininform.gov.by) і вызначце, колькі ў нашай краіне інфармацыйных агенцтваў.

Сёння СМІ маюць вялікае значэнне ў фарміраванні грамадскай думкі, уплыве на палітычныя паводзіны грамадзян. СМІ не проста адлюстроўваюць навакольную рэчаіснасць, аб’ектыўна фіксуючы падзеі, якія адбываюцца наўкол, але прама ці апасродкавана, у адкрытай ці прыхаванай форме ўплываюць на ўсе палітычныя працэсы.

img
img

Палітыкі ўсё часцей выкарыстоўваюць новыя магчымасці СМІ для таго, каб мабілізаваць грамадзян на тыя ці іншыя дзеянні, прапагандаваць свае палітычныя мэты, прыцягваць прыхільнікаў. Сучасныя працэсы інфарматызацыі грамадства прыводзяць да істотнага павышэння значнасці СМІ не толькі як крыніцы сацыяльнай інфармацыі, але і як інстытута фарміравання грамадскай думкі. Акрамя гэтых функцый, сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць працэс камунікацыі паміж палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі інстытутамі і грамадствам. Сучасныя СМІ — гэта асаблівы суб’ект палітыкі, вельмі ўплывовы, з самастойнай пазіцыяй, сур’ёзным эканамічным патэнцыялам. СМІ з’яўляюцца таксама інструментамі кантролю ўлады. Іх роля настолькі вялікая, што грамадства адносіцца да іх як да «чацвёртай улады» (заканадаўчая, выканаўчая, судовая). Для таго каб выконваць свае функцыі, СМІ павінны валодаць свабодай. У сучасных дэмакратычных краінах існуюць не толькі дзяржаўныя СМІ, якія адлюстроўваюць пазіцыю дзяржавы, але і не залежныя ад дзяржавы СМІ.

Найбольш актуальнай для сучаснага этапу з’яўляецца праблема скажэння інфармацыі, інфармацыйных войнаў паміж дзяржавамі і паміж рознымі палітычнымі сіламі ўнутры краін.

Адначасова сучасныя СМІ ператварыліся ў асобны элемент культуры. Але камерцыялізацыя СМІ (накіраванасць на атрыманне прыбытку), якая ўсё ўзмацняецца, часта негатыўна ўплывае на культуру грамадства, прыводзіць да распаўсюджвання прадуктаў нізкай якасці.