§ 3. Сацыяльныя статусы, ролі і мабільнасць

Сацыяльная мабільнасць. Адной з адметных рыс сацыяльнага развіцця сучаснага грамадства з’яўляецца магчымасць кожнага індывіда дасягнуць поспеху і падняцца вышэй па прыступках сацыяльнай лесвіцы. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра сацыяльную мабільнасць — змену індывідам або групай сваёй пазіцыі ў сацыяльнай структуры.

icon-persona
Паняцце «сацыяльная мабільнасць» было ўведзена ў навуковы ўжытак у 1920-я гады Піцірымам Сарокіным.

Вучоны лічыў, што грамадства — гэта велізарная сацыяльная прастора, у якой людзі перамяшчаюцца як рэальна, так і ўмоўна, у меркаваннях навакольных і сваім уласным. Па кірунках сацыяльных перамяшчэнняў вучоны вылучыў два асноўныя тыпы мабільнасці: вертыкальную і гарызантальную.

Вертыкальная мабільнасць прадугледжвае перамяшчэнне ўверх або ўніз па прыступках сацыяльнай лесвіцы, якое прыводзіць да павышэння ці паніжэння сацыяльнага статусу індывіда. У залежнасці ад кірунку перамяшчэння вертыкальная мабільнасць можа быць узыходнай (сацыяльны пад’ём) або сыходнай (сацыяльнае падзенне). Як правіла, узыходжанне — з’ява добраахвотная, а сыходжанне — прымусовая ці вымушаная (напрыклад, паніжэнне ў пасадзе чыноўніка або разарэнне бізнесмена).

Гарызантальная мабільнасць уяўляе сабой перамяшчэнне ад адной сацыяльнай пазіцыі да другой, якая знаходзіцца на тым жа ўзроўні (напрыклад, пераход на іншае месца працы ў той жа пасадзе, пераход у іншую рэлігійную абшчыну, змена грамадзянства або змена адной прафесіі на другую, якая мае ў грамадстве такі самы статус).

icon-discussions
Вызначце, прыкладам якой мабільнасці з’яўляецца ўступленне чалавека ў шлюб. 

На вертыкальную і гарызантальную мабільнасць уплываюць розныя фактары — пол, узрост, узровень нараджальнасці і смяротнасці ў краіне, шчыльнасць насельніцтва. Моладзь звычайна больш мабільная, чым людзі старэйшага ўзросту, а мужчыны, як правіла, больш мабільныя, чым жанчыны. Таксама існуе заканамернасць, што ў людзей, якія знаходзяцца на больш высокіх пазіцыях сацыяльнай лесвіцы, звычайна менш дзяцей, чым у прадстаўнікоў ніжэйшых слаёў. Такім чынам, нават калі дзеці багатых і паспяховых людзей ідуць услед за сваімі бацькамі, у верхніх слаях грамадства ўсё роўна ўзнікаюць вольныя месцы, якія запаўняюць выхадцы з больш нізкіх слаёў.

Шляхі, па якіх адбываецца перамяшчэнне людзей з адных сацыяльных груп у другія, называюць каналамі сацыяльнай мабільнасці.

icon-task

На падставе прыведзенай выявы вызначце, якое паняцце выкарыстоўваецца ў якасці сінанімічнага для паняцця «канал сацыяльнай мабільнасці».

ОАсноўнымі каналамі сацыяльнай мабільнасці з’яўляюцца:
• армія;
• рэлігійныя арганізацыі;
• школа (адукацыя) і навука;
• палітычная або грамадская дзейнасць;
• мастацтва;
• сродкі масавай інфармацыі;
• назапашванне багацця, валоданне ўласнасцю;
• сям’я і шлюб.

Якія каналы лепш за ўсё «працавалі» ў мінулым, а якія з’яўляюцца найбольш значнымі ў сучаснасці? 

icon-search
Высветліце, якія тры каналы сацыяльнай мабільнасці П. Сарокін лічыў асноўнымі, разглядаючы гісторыю розных грамадстваў. Вызначце, ці ўсе з гэтых каналаў захавалі значэнне ў нашы дні. Якія сучасныя каналы сацыяльнай мабільнасці вы можаце назваць у дадатак да прыведзеных? 

Сацыёлагі вылучаюць індывідуальную і групавую мабільнасць. Індывідуальная мабільнасць азначае сацыяльнае перамяшчэнне канкрэтнага чалавека. Групавая мабільнасць прадугледжвае, што перамяшчэнне здзяйсняецца калектыўна і цэлыя класы, сацыяльныя слаі змяняюць свой статус. Так здараецца ў перыяды кардынальных змен у грамадстве — сацыяльных рэвалюцый, грамадзянскіх ці міждзяржаўных войнаў, дзяржаўных пераваротаў і да т. п.

У сучасным грамадстве працэсы сацыяльнай мабільнасці працякаюць вельмі актыўна. Адбываюцца пераўтварэнні ў эканоміцы, пастаянна ўдасканальваюцца тэхналогіі, знікаюць старыя і з’яўляюцца новыя прафесіі. Пастаянна ўзрастае роля адукацыі. Сёння кожны чалавек павінен быць гатовы вучыцца на працягу ўсяго жыцця, асвойваць новыя заняткі, пастаянна павышаць кваліфікацыю, каб быць запатрабаваным на рынку працы і ў грамадскім жыцці.

Праходзячы стадыю сацыялізацыі ў такіх умовах жыццядзейнасці грамадства, лепш як мага раней вызначыцца са сваёй жыццёвай стратэгіяй і сканцэнтравацца на яе рэалізацыі.

Жыццёвая стратэгія — гэта асноўная лінія жыцця, абраная індывідам свядома, зыходзячы з яго ўяўленняў пра сэнс жыцця, каштоўнасцей і вобраза будучыні, а таксама з ацэнкі сваіх рэсурсаў і патэнцыялу. Гэта ўменне размяркоўваць свой час, энергію і рэсурсы дзеля дасягнення пастаўленай мэты. І нават у выпадку поспеху пастаянна карэкціраваць абраны курс.

icon-task

Як дадзеная візуалізацыя адлюстроўвае жыццёвую стратэгію яе аўтара? Намалюйце плакат з уласнай жыццёвай стратэгіяй. 

Па ступені і формах актыўнасці ў адносінах да сацыяльнага асяроддзя можна вылучыць: прыстасаванства, ізаляцыянізм (аўтанамізм), актывізм (можа быць накіраваны на развіццё сістэмы або яе злом, радыкальную перабудову). Адна жыццёвая стратэгія можа быць асноўнай на працягу ўсяго жыцця, але часцей бывае, што стратэгія змяняецца.

Фарміраванне жыццёвай стратэгіі асобы адбываецца ў юнацтве. У сучасным грамадстве на фарміраванне жыццёвых стратэгій моладзі ўплываюць:

• змена ўстаноўкі ад дзяржаўнай апекі да прыярытэту асабістых намаганняў для дасягнення поспеху;

• рацыяналізацыя сістэмы каштоўнасцей, зніжэнне ўплыву ідэалагічных мэт і сродкаў, далёкіх ад уласных запатрабаванняў індывідаў;

• пераход да пераважна рыначных адносін, развіцця прыватнага прадпрымальніцтва;

• атрыманне вышэйшай адукацыі, калі практычна ўвесь перыяд сацыялізацыі прыпадае на перыяд навучання.

У цэлым адметнай сацыяльнай якасцю маладых людзей з’яўляецца аптымізм і больш гнуткая рэакцыя на сацыяльныя змены, высокая інфармаванасць аб працэсах у навуцы, тэхніцы, сацыяльным жыцці, дынамічнае авалоданне сучаснымі тэхналогіямі і ўключэнне ў сусветную інфармацыйную прастору.

Сучасны свет зменлівы, складаны і непрадказальны, хутка змяняе сацыяльныя статусы і ролі людзей. Паскараецца тэмп жыцця, узнікае вялікае жаданне чалавека хутка дасягнуць поспеху, падняцца вышэй па прыступках сацыяльнай лесвіцы ў адпаведнасці з абранай жыццёвай стратэгіяй, сваім уяўленнем пра сэнс жыцця, прыярытэтнымі каштоўнасцямі і вобразам будучыні.