*§ 2-1. Сацыяльная структура грамадства

Сацыяльная структура. Сістэмны падыход, якія дамінуе ў сучаснай навуцы, мяркуе разглядаць аб’ект пазнання як сістэму, найважнейшай характарыстыкай якой на шляху яе даследавання выступае структура – уласцівасць, што адлюстроўвае яе неаднароднасць, прыроду, архітэктуру.

Структура (ад лац. structura – размяшчэнне, будова, парадак) у агульнанавуковым разуменні – сукупнасць функцыянальна звязаных элементаў сістэмы, якія адлюстроўваюць яе ўнутраную арганізацыю і забяспечваюць яе цэласнасць, узнаўленне і развіццё. Пад структурай разумеюць таксама ўстойлівы, паўтаральны спосаб узаемасувязі канкрэтных элементаў якой-небудзь цэласнасці.

Сучасная сацыяльная тэорыя зыходзіць з таго, што пытанне пра сацыяльную структуру з’яўляецца трыадзіным:

● з чаго складаецца (выявіць элементы);

● як пабудавана (усталяваць сувязі паміж элементамі);

● як дзейнічае (зразумець механізм і працэс функцыянавання сістэмы).

icon-persona
Ствараючы сваю тэорыю сацыяльных сістэм, амерыканскі сацыёлаг Толкат Парсанс меркаваў, што жыццядзейнасць любой сістэмы забяспечваецца яе рэальнай адпаведнасцю чатыром функцыянальным патрабаванням, якія атрымалі назву сеткі AGIL (англамоўная абрэвіятура).
img
icon-search
Вызначце кожную з функцый сеткі AGIL па апісанні. Праверце правільнасць сваіх меркаванняў у крыніцах сацыяльна-гуманітарнай інфармацыі.

Без ведаў пра сацыяльную структуру немагчыма разважаць пра сутнасць, спецыфіку, функцыянаванне і развіццё грамадства і складана адказаць на два фундаментальныя пытанні сацыяльнай тэорыі: што такое грамадства і як магчыма грамадства?

Існуе мноства тэорый сацыяльнай структуры, але ўсе даследчыкі адзначаюць, што паняцце структуры заўсёды мае на ўвазе два прадметы даследавання: элементы структуры і сувязі паміж гэтымі элементамі. Найбольш часта вылучаюцца (у межах аналізу сацыяльнай структуры) такія элементы грамадскай сістэмы, як сацыяльныя інстытуты, сацыяльныя супольнасці, асобы. Інстытуцыянальную структуру грамадства мы разгледзелі на прыкладзе сацыяльных інстытутаў у розных сферах жыцця грамадства. Сацыяльныя супольнасці дазваляюць вылучыць разнастайныя структуры грамадства, кожная з якіх нясе ў сабе інфармацыю пра пэўны набор канкрэтных характарыстык дадзенага грамадства. Асоба ў сацыяльнай структуры грамадства вызначаецца праз сукупнасць яе статусаў і роляў.

У гісторыі сацыялогіі склаліся дзве праекцыі апісання і аналізу будовы грамадства, якія зафіксаваны ў двух паняццях – «сацыяльная структура» і «сацыяльная стратыфікацыя».

Праекцыі грамадства
Гарызантальная Вертыкальная
Адлюстроўвае сацыяльны склад насельніцтва як мноства супольнасцей, якія нельга ўпарадкаваць на адной шкале па нейкім адным крытэрыі Апісвае іерархію сацыяльнай прасторы (вышэй – ніжэй), адлюстроўвае сацыяльную няроўнасць
Этнічная, пасяленчая, дэмаграфічная, прафесійная… Сацыяльныя класы, сацыяльныя пласты (страты)
Сацыяльная структура Сацыяльная стратыфікацыя

Дэмаграфічная структура грамадства адлюстроўвае полаўзроставыя характарыстыкі дадзенага грамадства, яго колькасць, суаднясенне розных дэмаграфічных груп (дзеці, моладзь, людзі сярэдняга ўзросту, старыя і састарэлыя), суадносіны смяротнасці і нараджальнасці. Аналіз дадзенай структуры дазваляе гаварыць пра фізічнае здароўе грамадства, вызначаць тэндэнцыі і асаблівасць яго якаснага і колькаснага развіцця, прагназаваць шляхі гэтага развіцця.

Этнічная структура грамадства дае ўяўленне пра нацыянальную стракатасць таго ці іншага грамадства, характар міжнацыянальных адносін. Вывучэнне гэтага віду сацыяльнай структуры грамадства набывае асаблівую важнасць у перыяды сацыяльнай нестабільнасці, калі палітычныя і эканамічныя супярэчнасці могуць мець этнаканфесійную афарбоўку.

Прафесійная структура грамадства адлюстроўвае колькасць прафесій (прафесійных груп) і якасці валодання імі ў дадзеным грамадстве і дае магчымасць даследчыку гаварыць пра тую ці іншую ступень канкурэнтаздольнасці дадзенага грамадства ў параўнанні з іншым, пра ўзровень яго развіцця, магчымыя ўнутраныя канфлікты, спецыфіку яго эканамічнай і сацыяльнай палітыкі.

Пасяленчая (тэрытарыяльная) структура гамадства выражае такія характарыстыкі грамадства, як шчыльнасць насельніцтва, тэрыторыі рассялення, прычыны і шляхі міграцый, колькасць населеных пунктаў, структуру рассялення на дадзенай тэрыторыі.

img

Крыніца: «Беларусь у лічбах» (Белстат, 2019)

icon-task

Назавіце найбольш вялікія і малыя па колькасці сацыяльныя групы на дату правядзення даследавання.

Ці можна сцвярджаць на падставе гэтых даных, што праз 10 гадоў дэмаграфічная структура беларускага грамадства істотна зменіцца? Абгрунтуйце сваё меркаванне.

Сацыяльная структура па сутнасці ўяўляе сабой гарызантальную праекцыю грамадства, бо немагчыма размеркаваць на вертыкальнай восі на вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя пазіцыі жанчын, старых, вадзіцеляў, вернікаў, гараджан і інш. Вертыкальная праекцыя – сацыяльная стратыфікацыя – гэта іерархічна арганізаванае, ранжыраванае, а значыць, строга ўпарадкаванае мноства людзей, падзеленых на тры розныя класы: вышэйшы, сярэдні і ніжэйшы, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на пласты (страты).

У сацыялогіі сфарміравалася мноства варыянтаў аналізу сацыяльнай структуры ў залежнасці ад таго, які яе састаўны элемент узяты для разгляду. Аднак варта памятаць, што сацыяльная структура грамадства не з’яўляецца статычным утварэннем – яна фарміруецца, развіваецца, змяняецца. Гэта працэс сацыяльнага ўзнаўлення.