*§ 2-1. Сацыяльная структура грамадства
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | *§ 2-1. Сацыяльная структура грамадства |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 06:53 |
Сацыяльная структура. Сістэмны падыход, якія дамінуе ў сучаснай навуцы, мяркуе разглядаць аб’ект пазнання як сістэму, найважнейшай характарыстыкай якой на шляху яе даследавання выступае структура – уласцівасць, што адлюстроўвае яе неаднароднасць, прыроду, архітэктуру.
Структура (ад лац. structura – размяшчэнне, будова, парадак) у агульнанавуковым разуменні – сукупнасць функцыянальна звязаных элементаў сістэмы, якія адлюстроўваюць яе ўнутраную арганізацыю і забяспечваюць яе цэласнасць, узнаўленне і развіццё. Пад структурай разумеюць таксама ўстойлівы, паўтаральны спосаб узаемасувязі канкрэтных элементаў якой-небудзь цэласнасці.
Сучасная сацыяльная тэорыя зыходзіць з таго, што пытанне пра сацыяльную структуру з’яўляецца трыадзіным:
● з чаго складаецца (выявіць элементы);
● як пабудавана (усталяваць сувязі паміж элементамі);
● як дзейнічае (зразумець механізм і працэс функцыянавання сістэмы).
Без ведаў пра сацыяльную структуру немагчыма разважаць пра сутнасць, спецыфіку, функцыянаванне і развіццё грамадства і складана адказаць на два фундаментальныя пытанні сацыяльнай тэорыі: што такое грамадства і як магчыма грамадства?
Існуе мноства тэорый сацыяльнай структуры, але ўсе даследчыкі адзначаюць, што паняцце структуры заўсёды мае на ўвазе два прадметы даследавання: элементы структуры і сувязі паміж гэтымі элементамі. Найбольш часта вылучаюцца (у межах аналізу сацыяльнай структуры) такія элементы грамадскай сістэмы, як сацыяльныя інстытуты, сацыяльныя супольнасці, асобы. Інстытуцыянальную структуру грамадства мы разгледзелі на прыкладзе сацыяльных інстытутаў у розных сферах жыцця грамадства. Сацыяльныя супольнасці дазваляюць вылучыць разнастайныя структуры грамадства, кожная з якіх нясе ў сабе інфармацыю пра пэўны набор канкрэтных характарыстык дадзенага грамадства. Асоба ў сацыяльнай структуры грамадства вызначаецца праз сукупнасць яе статусаў і роляў.
У гісторыі сацыялогіі склаліся дзве праекцыі апісання і аналізу будовы грамадства, якія зафіксаваны ў двух паняццях – «сацыяльная структура» і «сацыяльная стратыфікацыя».
Праекцыі грамадства | |
Гарызантальная | Вертыкальная |
Адлюстроўвае сацыяльны склад насельніцтва як мноства супольнасцей, якія нельга ўпарадкаваць на адной шкале па нейкім адным крытэрыі | Апісвае іерархію сацыяльнай прасторы (вышэй – ніжэй), адлюстроўвае сацыяльную няроўнасць |
Этнічная, пасяленчая, дэмаграфічная, прафесійная… | Сацыяльныя класы, сацыяльныя пласты (страты) |
Сацыяльная структура | Сацыяльная стратыфікацыя |
Дэмаграфічная структура грамадства адлюстроўвае полаўзроставыя характарыстыкі дадзенага грамадства, яго колькасць, суаднясенне розных дэмаграфічных груп (дзеці, моладзь, людзі сярэдняга ўзросту, старыя і састарэлыя), суадносіны смяротнасці і нараджальнасці. Аналіз дадзенай структуры дазваляе гаварыць пра фізічнае здароўе грамадства, вызначаць тэндэнцыі і асаблівасць яго якаснага і колькаснага развіцця, прагназаваць шляхі гэтага развіцця.
Этнічная структура грамадства дае ўяўленне пра нацыянальную стракатасць таго ці іншага грамадства, характар міжнацыянальных адносін. Вывучэнне гэтага віду сацыяльнай структуры грамадства набывае асаблівую важнасць у перыяды сацыяльнай нестабільнасці, калі палітычныя і эканамічныя супярэчнасці могуць мець этнаканфесійную афарбоўку.
Прафесійная структура грамадства адлюстроўвае колькасць прафесій (прафесійных груп) і якасці валодання імі ў дадзеным грамадстве і дае магчымасць даследчыку гаварыць пра тую ці іншую ступень канкурэнтаздольнасці дадзенага грамадства ў параўнанні з іншым, пра ўзровень яго развіцця, магчымыя ўнутраныя канфлікты, спецыфіку яго эканамічнай і сацыяльнай палітыкі.
Пасяленчая (тэрытарыяльная) структура гамадства выражае такія характарыстыкі грамадства, як шчыльнасць насельніцтва, тэрыторыі рассялення, прычыны і шляхі міграцый, колькасць населеных пунктаў, структуру рассялення на дадзенай тэрыторыі.
Крыніца: «Беларусь у лічбах» (Белстат, 2019)
Назавіце найбольш вялікія і малыя па колькасці сацыяльныя групы на дату правядзення даследавання.
Ці можна сцвярджаць на падставе гэтых даных, што праз 10 гадоў дэмаграфічная структура беларускага грамадства істотна зменіцца? Абгрунтуйце сваё меркаванне.
Сацыяльная структура па сутнасці ўяўляе сабой гарызантальную праекцыю грамадства, бо немагчыма размеркаваць на вертыкальнай восі на вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя пазіцыі жанчын, старых, вадзіцеляў, вернікаў, гараджан і інш. Вертыкальная праекцыя – сацыяльная стратыфікацыя – гэта іерархічна арганізаванае, ранжыраванае, а значыць, строга ўпарадкаванае мноства людзей, падзеленых на тры розныя класы: вышэйшы, сярэдні і ніжэйшы, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на пласты (страты).
У сацыялогіі сфарміравалася мноства варыянтаў аналізу сацыяльнай структуры ў залежнасці ад таго, які яе састаўны элемент узяты для разгляду. Аднак варта памятаць, што сацыяльная структура грамадства не з’яўляецца статычным утварэннем – яна фарміруецца, развіваецца, змяняецца. Гэта працэс сацыяльнага ўзнаўлення.
Сацыяльны клас.
У сучаснай сацыялогіі часта гавораць пра класы ў самым агульным сэнсе як пра сукупнасць людзей, якія маюць падобнае грамадскае становішча і жыццёвыя перспектывы на аснове іх даходаў, уплыву, адукацыі і прэстыжу.
Сёння наш сярэдні клас – гэта малыя і сярэднія прадпрымальнікі, спецыялісты, настаўнікі, урачы, інжынеры, аграномы, дробныя фермеры, афіцэры сярэдняга звяна. Гэта радавыя спартсмены, сакратары, рэферэнты, агенты па рэкламе. Інакш кажучы, не вельмі багатыя, але і не вельмі бедныя. Наогул, прыналежнасць да сярэдняга класа – гэта шматкрытэрыяльны сацыяльны феномен. Сярэдні клас – гэта яшчэ і носьбіты традыцый і звычаяў краіны (напрыклад, Радаўніца), ладу жыцця, сярэдніх каштоўнасцей, асабістай і спажывецкай свабоды.
Але важна разумець, што прыналежнасць да сярэдняга класа і адчуванне сябе гэтым класам – розныя рэчы. Сёння з пункту гледжання прыналежнасці да гэтага класа колькасць людзей, якія атаясамляюць сябе з сярэднім класам (50,5—55 %), большая, чым колькасць тых, хто адносіць сябе да сярэдняга класа па ўзроўні даходаў (50,2 %). У нашай краіне доля сярэдняга класа ўдвая меншая, чым у ЗША і развітых краінах Заходняй Еўропы. Аднак зніжэння гэтай долі, характэрнага для мноства краін, у Беларусі няма. У першую чаргу, таму што няма рэзкага расслаення па даходах. Напрыклад, у Расіі найбольш забяспечаныя маюць даходы ў 16 разоў вышэйшыя, чым найменш забяспечаныя, у нашай краіне – у 4,1 раза. Таму стабільнасць існавання сярэдняга класа ў нас не змяняецца, ён нават патроху пашыраецца: за кошт росту заробку, узроўню асабістых і сямейных даходаў.
Сацыяльная стратыфікацыя. Сацыяльная дыферэнцыяцыя (ад лац. differentia – адрозненне) – гэта падзел грамадства на розныя сацыяльныя групы, якія займаюць у ім рознае становішча. Сацыяльная стратыфікацыя – сукупнасць вялікіх сацыяльных груп, размеркаваных іерархічна па крытэрыях сацыяльнай няроўнасці, якія называюцца стратамі.
Сацыяльны пласт аб’ядноўвае людзей з падобным грамадскім становішчам, іх стасункі з іншымі супольнасцямі заснаваны на захаванні правіл агульнапрызнанай іерархіі і пэўнай дыстанцыі. Страта ўключае людзей з блізкімі сацыяльнымі статусамі ў структуры стратыфікацыі грамадства. Страты аб’яднаны на падставе наяўнасці падабенства па рангавых крытэрыях сацыяльнага статусу (доступ да ўлады, даход, узровень адукацыі і прэстыжу прафесіі). Блізкасць сацыяльных пазіцый суправаджаецца падабенствам установак, арыентацый, ладу жыцця і да т. п. Вылучаюцца такія страты, як высокакваліфікаваныя спецыялісты, дзяржаўныя чыноўнікі, офісныя служачыя, кваліфікаваныя рабочыя, некваліфікаваныя рабочыя і да т. п.
Складзіце на падставе візуалізацыі апісанне наступных страт:
• выкладчыкі ўніверсітэтаў;
• міліцыянеры.
Маргіналы, люмпены. У любым грамадстве ёсць людзі, якія займаюць ва ўсталяванай сацыяльнай структуры спецыфічнае становішча.
Маргіналы (ад лац. marginalis – які знаходзіцца на краі) – гэта людзі з груп, што займаюць прамежкавае становішча паміж устойлівымі супольнасцямі. Маргіналізацыя як сацыялагічная з’ява азначае прамежкавасць, пагранічнасць становішча чалавека паміж якімі-небудзь сацыяльнымі групамі. Дадзенае паняцце з’явілася ў амерыканскай сацыялогіі ў 1920-я гады для абазначэння праблем адаптацыі імігрантаў да новых сацыяльных умоў. Маргіналы могуць як апускацца на дно грамадскага жыцця, так і паўторна ўкараняцца ў сацыяльную сістэму.
«Маргінальнасць – паняцце, якое характарызуе пагранічныя, прамежкавыя з’явы, сацыяльныя суб’екты і статусы, якія стаяць на мяжы культур. Маргіналізацыя мае на ўвазе разрыў, страту аб’ектыўнай прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай супольнасці без наступнага ўваходу ў іншую супольнасць або без поўнай адаптацыі ў ёй. Маргінал – гэта чалавек, які мае адносіны да дзвюх розных груп, пры гэтым не належыць ні да адной з іх цалкам… Суб’ектыўнае ўяўленне маргінала пра сябе і сваё аб’ектыўнае становішча супярэчлівае: ён пастаўлены ў сітуацыю барацьбы за выжыванне. Таму маргінальная асоба валодае шэрагам характэрных рыс: неспакоем, агрэсіяй, неапраўданым славалюбствам. Сацыяльныя паводзіны маргінала ствараюць складанасці як самому чалавеку, так і тым людзям, хто мае з ім зносіны. Доўгі час у сацыялогіі маргінальнасць ацэньвалася негатыўна. Апошнім часам сацыёлагі змянілі свае адносіны да яе, бо ўбачылі ў гэтай сацыяльнай з’яве станоўчы бок» (В. У. Мінаеў і інш.).
Да люмпенаў (ад ням. Lumpen – зношанае адзенне) адносяць людзей, якія апусціліся на дно грамадскага жыцця: валацуг, жабракоў, бяздомных.
Сёння пад люмпенамі разумеюць асоб, якія не маюць уласнасці, жывуць выпадковымі заробкамі або не працуюць і жывуць на дзяржаўныя сацыяльныя дапамогі. Як правіла, гэта выхадцы з розных сацыяльных пластоў і класаў. Працэс павелічэння колькасці гэтай групы атрымаў назву люмпенізацыі насельніцтва.
Сфармулюйце прычыны, з-за якіх людзі пазбавіліся дома. Ці ёсць агульныя рысы, у чым заключаюцца адрозненні?
● Вывучыце інтэрактыўную карту, дзе адзначаны дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі, якія дапамагаюць бяздомным людзям у Беларусі.
● Знайдзіце ўстановы і ініцыятывы, якія дапамагаюць бяздомным у вашым рэгіёне. Даведайцеся, чым яшчэ можна дапамагчы.
У сучасным грамадстве з’яўляюцца таксама новыя азначэнні для людзей, не ўключаных ва ўстойлівыя групы. Брытанскі эканаміст і аналітык Гай Стэндынг у працы «Прэкарыят: новы небяспечны клас» (2011) апісвае новую пагрозу-выклік для свету, якая заключаецца ў хуткім фарміраванні і росце новага класа. Ён ужо атрымаў уласную назву – прэкарыят. Паходзіць яна ад англійскага слова precarious, што азначае «няўстойлівы», «нестабільны», і proletariat – пралетарыят.
На думку Г. Стэндынга, для людзей прэкарыяту асабліва характэрныя чатыры асноўныя адчуванні: пастаянная незадаволенасць сваім становішчам і жыццём наогул; анамія (страта арыенціраў у паўсядзённым існаванні); занепакоенасць і адчужэнне ад соцыуму. Галоўная характарыстыка прадстаўнікоў названага класа – статус «пастаянна» часова занятых. Гэтыя людзі могуць у любы момант стаць беспрацоўнымі.
Адсутнасць пастаяннага даходу або стабільнага заробку робіць іх становішча хранічна хісткім. На Захадзе для такога тыпу занятасці насельніцтва нават узнік спецыяльны тэрмін – McJobs (праца ў Макдональдсе). У сістэме сацыяльнай стратыфікацыі аўтар паставіў прэкарыят на перадапошнюю пазіцыю перад галечай, прадстаўнікі якой жывуць і паміраюць на вуліцах.