§ 3. Сацыяльныя статусы, ролі і мабільнасць

Сацыяльныя ролі. Займаючы тое ці іншае становішча ў грамадстве, чалавек валодае пэўнымі правамі і абавязкамі, павінен выконваць пэўную сукупнасць дзеянняў. Узор паводзінаў, які грамадства прызнае мэтазгодным для ўладальніка дадзенага статусу, называюць сацыяльнай роляй. Змястоўнае адрозненне паміж сацыяльным статусам і сацыяльнай роляй заключаецца ў тым, што статусам валодаюць, а ролю выконваюць. Паколькі кожны чалавек звычайна мае шырокі набор статусаў, то і роляў у яго таксама шмат. Сукупнасць роляў, якія належаць канкрэтнаму чалавеку, называюць ролевым наборам. У якасці асноўных у ролевым наборы асобы вылучаюць наступныя ролі: сямейна-бытавыя, прафесійныя, грамадска-палітычныя, сітуацыйныя (пешаход, пакупнік, пасажыр). Дзякуючы своечасоваму засваенню і паспяховаму выкананню людзьмі сваіх сацыяльных роляў магчыма нармальнае функцыянаванне ўсяго грамадства і самой асобы.

Сацыяльная роля разглядаецца ў двух асноўных аспектах: чакання і выканання.

Ролевае чаканне — гэта мадэль паводзінаў для чалавека дадзенага статусу, якую чакаюць ад яго іншыя людзі. Ролевыя чаканні ўзаемазвязаны з ролевымі патрабаваннямі, інакш кажучы, абавязковымі і неабходнымі дзеяннямі, якія вынікаюць з ролі, прынятай асобай. Напрыклад, бацькі павінны клапаціцца пра дзяцей, блізкі сябар — дапамагаць у цяжкую хвіліну, дыспетчар — адказваць на тэлефонныя званкі і да т. п.

Ролевае выкананне (паводзіны) — гэта фактычныя паводзіны чалавека. Яны залежаць ад асабістых якасцей чалавека, яго перакананняў і ўстановак, ад ступені засваення ім сацыяльных норм. Калі па якіх-небудзь прычынах чалавек не выконвае дзеянняў, прадпісаных яму сацыяльнай роляй, то чаканні людзей не апраўдваюцца. У адных выпадках гэта можа выклікаць здзіўленне і грамадскае ганьбаванне, у другіх — прывесці да фармальных санкцый (напрыклад, звальнення з працы, пазбаўлення права на кіраванне аўтамабілем і да т. п.).

Пры выкананні сацыяльных роляў могуць узнікнуць цяжкасці, звязаныя з няправільнай ролевай падрыхтоўкай, няўдалым выкананнем ролі, несумяшчальнымі патрабаваннямі розных роляў, значнымі намаганнямі і часовымі выдаткамі для выканання ролевых прадпісанняў.

Цяжкасці могуць прывесці да ролевага канфлікту. Напрыклад, не кожны чалавек можа адначасова спраўляцца з выкананнем прафесійных, дамашніх (вядзенне побыту) і сямейных абавязкаў, паспяхова сумяшчаць пабудову кар’еры і клопат пра сям’ю.

icon-task
Вызначце найбольш частыя ролевыя канфлікты, характэрныя для старшакласнікаў, і сфармулюйце эфектыўныя стратэгіі іх пераадолення.

Для таго каб пазбегнуць праблем, неабходны спецыяльныя намаганні па аптымальным камбінаванні сваіх роляў. У працэсе сацыялізацыі чалавек навучаецца выкананню розных роляў і вырашэнню ролевых канфліктаў.