§ 3. Сацыяльныя статусы, ролі і мабільнасць

Сацыяльны статус. Сацыяльныя дзеянні, што выконваюцца чалавекам, як правіла, залежаць ад яго сацыяльнага статусу — становішча ў грамадстве, з якім звязаны пэўны набор правоў і абавязкаў. Статус асобы вызначаецца праз пол, узрост, сямейнае становішча, нацыянальнасць, прафесію, пасаду, матэрыяльнае становішча, палітычны ўплыў і інш. Таму ў кожнага чалавека можа быць мноства сацыяльных статусаў. Сукупнасць усіх сацыяльных статусаў асобы складае яе статусны набор. У гэтым наборы вылучаюць наступныя асноўныя статусы: прадпісаны, набыты, змешаны, галоўны.

Прадпісаны (які прыпісваецца) статус — гэта статус, атрыманы носьбітам «аўтаматычна», згодна з фактарамі, якія ад яго не залежаць. Ён вызначаецца полам, расавай і нацыянальнай прыналежнасцю, узростам, сацыяльным паходжаннем і да т. п. Набыты (дасягнуты) статус чалавек атрымлівае дзякуючы сваім разумовым і фізічным намаганням (прафесійныя дасягненні, вучоная ступень, званне, пасада і да т. п.). Змешаныя сацыяльныя статусы валодаюць прыметамі прадпісаных і набытых, але дасягаюцца яны не па жаданні чалавека. Напрыклад, у выніку эканамічнага крызісу чалавек становіцца беспрацоўным.

Той статус, які сам чалавек або людзі, што знаходзяцца побач з ім, лічаць асноўным, называецца галоўным. Ён вызначае пераважнае становішча чалавека ў грамадстве, яго лад жыцця, кола знаёмых, манеру паводзінаў. У сучасным грамадстве гэта, як правіла, прафесійны статус. Калі гаворка ідзе пра незнаёмага чалавека, мы перш за ўсё цікавімся: «Чым займаецца гэты чалавек? Кім ён/яна працуе?»

Асабісты статус праяўляецца на ўзроўні малой сацыяльнай групы, напрыклад сям’і, школьнага класа, кола блізкіх сяброў, сваякоў. У малой групе статус чалавека вызначаецца асабістымі якасцямі і рысамі характару, аўтарытэтам, якім ён карыстаецца сярод іншых людзей.

Групавы статус характарызуе індывіда як члена вялікай сацыяльнай групы ў якасці, напрыклад, прадстаўніка нацыі, канфесіі, прафесіі, узроставай або гендарнай групы.

img
icon-task
Вызначце, членам якіх сацыяльных груп з’яўляецца кожны з апісаных персанажаў, якімі статусамі ён валодае і якія ролі выконвае. Працягніце прапанаваны спіс іншымі магчымымі статусамі і ролямі для кожнага персанажа.