§ 2. Сацыяльная структура грамадства
Сацыяльныя страты. Нароўні з сацыяльнымі класамі да вялікіх сацыяльных груп адносяць таксама сацыяльныя страты (слаі). Тэрмін «страта» (лац. stratum — слой) быў запазычаны сацыёлагамі з геалогіі, дзе страты абазначаюць слаі розных парод, размешчаныя па вертыкалі. Стратавы «зрэз» грамадства дазваляе дапоўніць класавы «зрэз», зроблены на падставе пераважна эканамічных крытэрыяў.
У сучаснай сацыялогіі вылучаюцца чатыры асноўныя параметры для выдзялення страт: даход, улада, адукацыя, прэстыж. Прэстыж — гэта ацэнка ў грамадскай думцы той ці іншай прафесіі, пасады, роду заняткаў чалавека, сацыяльнай прывабнасці той ці іншай пазіцыі.
Выберыце на графіку лінію пэўнага колеру і апішыце па дадзеных крытэрыях умоўнага чалавека. Прывядзіце гістарычныя і сучасныя прыклады:
• прэстыжных і непрэстыжных прафесій, якія дазваляюць атрымліваць высокія даходы;
• паспяховай і няўдалай кар’еры неадукаваных людзей;
• уплывовых людзей, якія не маюць высокіх даходаў.
Абмяркуйце іх.
Сучаснае грамадства ўяўляе сабой складанае ўтварэнне і характарызуецца наяўнасцю ў ім розных класаў, слаёў.
Суадносіны сацыяльных слаёў, класаў у грамадстве можна прадставіць графічна. Піраміда і ромб ілюструюць розныя мадэлі сацыяльнай структуры грамадства.
Якая мадэль характэрная для сучаснага грамадства? Абгрунтуйце сваю думку.
Даход, улада, адукацыя і прэстыж вызначаюць месца і становішча чалавека ў грамадстве. Аднак людзі знаходзяцца ў пастаянным руху, а грамадства — у развіцці. Сацыяльныя перамяшчэнні людзей з адной групы ў другую адбываюцца як са зменай іх становішча ў грамадстве (напрыклад, педагог зрабіў кар’еру — стаў міністрам адукацыі), так і на сваім узроўні (напрыклад, урач-стаматолаг змяніў месца жыхарства — пераехаў у іншы горад). Чалавек можа перамяшчацца па сацыяльнай лесвіцы не толькі індывідуальна, незалежна ад іншых людзей, але і разам са сваёй групай. Для таго каб мець больш поўнае ўяўленне пра сацыяльную структуру грамадства (як вертыкальную, так і гарызантальную) і сацыяльныя працэсы, неабходна азнаёміцца з паняццямі «сацыяльны статус», «ролі» і «мабільнасць».