§ 2. Сацыяльная структура грамадства

Сацыяльныя класы. У адпаведнасці з класавым падыходам у вертыкальнай арганізацыі грамадства вылучаюць грамадскія класы. Класы ўяўляюць сабой вялікія сацыяльныя групы, розныя па іх месцы і ролі ў сістэме вытворчасці і размеркавання даброт, а таксама — па адноснай долі спажываных даброт.

icon-persona
Нямецкі філосаф і эканаміст Карл Маркс у 1860-я гг. даследаваў заканамернасці развіцця чалавечай цывілізацыі і звяртаў асаблівую ўвагу на супярэчнасці паміж класамі, якія, на яго думку, рухаюць развіццём грамадства.
icon-remember
Успомніце, якія асноўныя класы вылучаюцца ў рабаўладальніцкім, феадальным, капіталістычным грамадстве.

Згодна з канцэпцыяй К. Маркса, класавыя інтарэсы процілеглыя і непрымірымыя, таму сацыялістычная рэвалюцыя заканамерна прывядзе да пабудовы новага, бяскласавага грамадства, у якім будуць знішчаны сацыяльныя няроўнасці. Магчыма, дзякуючы менавіта гэтай навукова абгрунтаванай перасцярозе сцэнарый сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі не быў рэалізаваны, бо пасля ўсведамлення рэальнасці будучых рызык сталі распрацоўвацца і ўкараняцца механізмы скарачэння сацыяльнай няроўнасці (праз супрацоўніцтва працадаўцаў з прафсаюзамі, прыцягненне працаўнікоў да ўдзелу ў кіраванні кампаніяй за кошт акцыянавання, стымуляванне прафесійнага і кар’ернага росту работнікаў і інш.). Вопыт развітых краін паказаў, што вырашаць праблемы сацыяльнай няроўнасці можна нерэвалюцыйным шляхам.

У сацыяльна-класавай структуры сучаснага грамадства прынята вылучаць тры асноўныя сацыяльныя класы: вышэйшы, сярэдні і ніжэйшы.

Вышэйшы клас складаюць найбольш багатыя і ўплывовыя людзі (іх колькасць звычайна невялікая), якія валодаюць значнай уласнасцю і вялікім капіталам. Як правіла, менавіта яны аказваюць вырашальны ўплыў на эканоміку і палітыку.

Сярэдні клас вызначаецца як сацыяльная група, прадстаўнікі якой маюць устойлівыя даходы, дастатковыя для задавальнення шырокага кола матэрыяльных і сацыяльных патрэб.

Да ніжэйшага класа вучоныя адносяць работнікаў, занятых некваліфікаванай працай, найбольш бедных членаў грамадства. Ніжэй за дадзены клас размяшчаюцца людзі, якія апынуліся за межамі ўмоў і норм жыцця, прынятых у грамадстве (валацугі, беспрытульныя, наркаманы, злачынцы).

У развітых краінах большую частку насельніцтва ў наш час складае сярэдні клас. Яго прадстаўнікі фарміруюць і выказваюць грамадскую думку, з’яўляюцца гарантам сацыяльнай стабільнасці.

Колькасныя суадносіны прадстаўнікоў трох класаў адрозніваюцца ў розных краінах, аднак агульнай тэндэнцыяй з’яўляецца імкненне да павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне колькасці прадстаўнікоў сярэдняга класа. Наяўнасць вялікай колькасці матэрыяльна забяспечаных людзей дазваляе развесці два процілеглыя «полюсы» (багатых і бедных), аслабіць сацыяльныя супярэчнасці і захаваць стабільнасць у грамадстве.

img
icon-discussions

На ілюстрацыі прадстаўлены асноўныя характарыстыкі сярэдняга класа ў заходнім грамадстве.

Якія з дадзеных характарыстык з’яўляюцца актуальнымі для сучаснага беларускага грамадства?

Складзіце пералік прымет, якія могуць характарызаваць прыналежнасць да сярэдняга класа ў Беларусі.