*§ 1-1. Грамадства як сістэма

Сацыяльныя супольнасці і групы. Сацыяльныя супольнасці з’яўляюцца неабходным спосабам існавання грамадства, у іх рэалізуюцца ўзаемадзеянні людзей паміж сабой і з грамадствам у цэлым. Сацыяльныя паводзіны асобы абумоўлены яе прыналежнасцю да тых ці іншых сацыяльных форм аб’яднання людзей. Супольнасці як суб’екты грамадскага жыцця праз сумесную дзейнасць уплываюць на ўстойлівасць, інтэграцыю, фукцыянаванне і змяненне грамадства і яго структурных складнікаў.

icon-persona
Класічнае азначэнне сацыяльнай супольнасці было дадзена польскім сацыёлагам Янам Шчапаньскім: «Мы ўводзім паняцце “сацыяльная супольнасць” як тэрмін з шырокім аб’ёмам, што ахоплівае ўсе аб’яднанні людзей, у якіх створана і захоўваецца хаця б на працягу кароткага перыяду пэўная сацыяльная сувязь. <…> Гэтым тэрмінам мы будзем абазначаць усе ўстойлівыя формы сумеснага жыцця. Такім чынам, гэта будзе наш найбольш агульны тэрмін».

Адзін са спосабаў прадставіць шматлікасць сацыяльных супольнасцей – гэта класіфікаваць іх па прыметах аб’яднання людзей і ступені ўнутрыгрупавога кантролю, што спараджае розную ступень суаднясення (самаідэнтыфікацыі) чалавека з канкрэтнай сацыяльнай супольнасцю. Так мы атрымаем чатыры віды супольнасцей: сацыяльныя катэгорыі, сацыяльныя агрэгацыі, квазігрупы, сацыяльныя групы.

Сацыяльныя супольнасці
Сацыяльная катэгорыя Супольнасць, якая аб’ядноўвае людзей па пэўнай істотнай прымеце (пол, узрост, прафесія, адукацыя, веравызнанне і інш.), але не стварае канкрэтных груп і структур. Прыклады: пенсіянеры, ваенныя
Сацыяльная агрэгацыя Сукупнасць людзей у пэўнай фізічнай прасторы без свядомага ўзаемадзеяння паміж сабой. Прыклады: людзі на транспартным прыпынку, пакупнікі ў чарзе
Квазігрупа Спантанна ўзнікшая, няўстойлівая група людзей, аб’яднаных кароткачасовай мэтай-дзеяннем. Прыклад: абураная чарга пакупнікоў
Сацыяльная група

Сацыяльная група – найбольш устойлівы від супольнасці.

Члены групы – удзельнікі групы, суб’екты калектыўных дзеянняў. Членства ў групе задае фізічны (знешні выгляд) і маральны (паводзіны, функцыі, нормы і каштоўнасці) узор члена групы, ступень прыналежнасці да яе.

Патрэбы як непасрэдная нагода для арганізацыі групы, у межах якой яны будуць задавальняцца.

Задачы групы адлюстроўваюць мэту і сэнс існавання групы, задаюць прынцып адасаблення, структуру, сістэму кантролю, характар адносін.

Цэнтры аб’яднання (матэрыяльныя і ідэальныя) групы – каштоўнасці, сімвалы, матэрыяльныя аб’екты і прадметы, якія складаюць базу яе існавання, што вызначае групу.

Сістэма стаўлення да асяроддзя – стуктуры, сродкі і арганізацыйныя інструменты, якія рэгулююць сувязі групы са знешнім асяроддзем («знешняя палітыка» групы)

icon-discussions
Чаму менавіта сацыяльныя групы даюць найбольш інфарматыўны зрэз грамадства?

Існаванне групы непарыўна звязана з выкананнем ёю сваіх сацыяльных функцый: агульных (універсальных) і спецыяльных (спецыфічных).

Да першых адносяцца: мэтавызначэнне (група задае мэту сваім членам), кантроль (у групе адсочваюцца прынятыя ў ёй паводзіны і мысленне ўдзельнікаў) і сацыялізацыя (членаў групы «выхоўваюць» пад яе мэты і задачы). Спецыяльныя функцыі задаюцца канкрэтнымі мэтамі і спецыфікай групы, патрэбамі, дзеля якой яна ўзнікла.

icon-task

Вызначце фактары, якія могуць садзейнічаць ператварэнню чаргі з сацыяльнай агрэгацыі ў квазігрупу. Пры якіх умовах чарга можа ператварыцца ў сацыяльную групу?

Істотнай рысай групы з’яўляецца членства, якое вызначае ў індывідаў пачуццё прыналежнасці да яе і ляжыць у аснове агульнасці дзеянняў, забяспечвае салідарнасць у групе. Акрамя таго, членства ў групе фарміруе групавую ідэнтычнасць, калі людзі, што ўваходзяць у групу, успрымаюцца, у тым ліку і староннімі, як члены гэтай групы. Ідэнтычнасць – даволі ўстойлівая з’ява, якая прадугледжвае, што група можа аказваць на індывіда і яго ўчынкі значны ўплыў.

Шматлікасць форм узаемасувязей, элементаў, якія складаюць сацыяльныя групы, абумоўлівае фарміраванне розных відаў сацыяльных груп. За аснову іх класіфікацыі бяруцца розныя падставы: сацыяльныя функцыі групы, тыпы групавой структуры, формы ўзаемадзеяння сацыяльных сувязей у групах і да т. п. Найбольш істотнымі рысамі групы з’яўляюцца сістэма ўзаемадзеяння і асаблівасці членства ў групе, якія фарміруюць групавую ідэнтычнасць. Разнастайныя формы ўзаемаадносін паміж індывідамі ў сацыяльных групах дазваляюць вылучыць два віды груп: першасныя і другасныя.

Першасныя групы характарызуюцца найбольшай колькасцю ўдзельнікаў, паміж якімі ўзнікаюць цесныя ўзаемаадносіны, заснаваныя на іх індывідуальных асаблівасцях, асабістай прыхільнасці, эмацыйнай уцягнутасці і непасрэдных кантактах. Паняцце першаснай групы ўвёў ва ўжытак амерыканскі сацыяльны псіхолаг Чарльз Кулі, скарыстаўшы яго ў першую чаргу ў адносінах да сям’і, якая характарызуецца аднароднасцю ўзаемадзеянняў і з’яўляецца першым агентам сацыялізацыі індывіда. Да першасных груп можна таксама аднесці кампанію аднагодкаў, кола сяброў. Галоўная асаблівасць першасных груп – узаемадзеянне пераважна на падставе ўласных інтарэсаў. У першасных групах індывід успрымаецца не з пункту гледжання функцый, якія ён выконвае, а з пункту гледжання яго індывідуальнасці. Узаемадзеянне ў групе дазваляе індывіду ўключыцца ў групавую супольнасць такім чынам, што накіраванасць яго асобы (у значным аб’ёме) пачынае адпавядаць мэтам, якія сумесна дасягаюцца гэтай групай.

У аснове фарміравання другасных сацыяльных груп ляжыць імкненне да дасягнення пэўнай мэты. Найбольшае значэнне ў такіх групах надаецца ўменню выконваць адпаведныя функцыі, а значнасць асабістых кантактаў адыходзіць на другі план. Асаблівасцямі другасных сацыяльных груп з’яўляюцца інстытуцыяналізаванасць і схематызаванасць адносін, апасродкаванасць кантактаў, фармалізацыя спосабаў камунікацыі, функцыянальнасць адносін у адпаведнасці з патрабаваннямі сацыяльных роляў.

У залежнасці ад колькасці індывідаў у групе і, адпаведна, яе памераў можна выдзеліць малыя і вялікія сацыяльныя групы. Малыя групы характарызуюцца невялікай колькасцю, адносіны паміж іх членамі грунтуюцца на непасрэдных асабістых кантактах, якія рэгулююцца нефармальнымі інстытутамі. Малыя групы характарызуюцца блізкасцю суб’ектаў, устойлівасцю і працягласцю сувязей, высокай ступенню супадзення каштоўнасцей, фарміраваннем агульных норм паводзінаў. Сістэма адносін, пабудаваная на асабістым узаемадзеянні членаў групы, садзейнічае выпрацоўцы адпаведных узораў паводзінаў, якія спрыяюць высокай ступені ідэнтыфікацыі члена з групай. Спецыфіка малых груп праяўляецца ў тым, што кантакты паміж індывідамі, якія ў яе ўваходзяць, узнікаюць міжволі, праз сумесную дзейнасць, з-за чаго групы функцыянуюць у якасці пэўнага мікраасяроддзя, якое ўплывае на развіццё асобы.

Вялікія групы – адносна ўстойлівыя аб’яднанні са значнай колькасцю ўдзельнікаў, што не дазваляе ім усталёўваць асабістыя непасрэдныя сувязі. Нягледзячы на вялікую колькасць членаў, прыналежнасць індывідаў да вялікіх груп усталёўваецца на падставе шэрагу сацыяльна значных прымет. Да іх можна аднесці культурна-гістарычны кантэкст існавання групы (плямёны, народнасці, нацыі), класавую прыналежнасць (класы і сацыяльныя пласты), дэмаграфічныя паказчыкі, прыналежнасць да рэлігійных канфесій або этнічных аб’яднанняў, змест сацыяльнай дзейнасці і да т. п.

Групы могуць абмяжоўваць колькасць індывідаў у сваім складзе, і ў гэтай сувязі яны падзяляюцца на адкрытыя і закрытыя. Для ўваходжання ў закрытую групу індывід павінен адпавядаць сістэме выпрацаваных стандартаў і крытэрыяў. У адкрытых групах да ўдзельнікаў не прад’яўляецца пэўных патрабаванняў, у іх склад могуць трапіць усе ахвочыя.

Адна з найбольш распаўсюджаных падстаў для класіфікацыі сацыяльных груп – асаблівасць іх арганізацыі. У залежнасці ад характару арганізаванасці можна выдзеліць фармальныя і нефармальныя групы.

Дзейнасць індывідаў, якія ўваходзяць у фармальную групу, рэгулюецца на падставе афіцыйных правіл і дакументаў: юрыдычных норм, нарматыўных прававых актаў, інструкцый, дазволаў, забарон і інш. Фармальная група, як правіла, мае замацаваны юрыдычны статус, уваходзіць у структуру сацыяльнага інстытута, арганізацыі, арыентуецца на дасягненне пэўнай мэты, пры гэтым функцыі, мэты, правілы паводзінаў фіксуюцца ў нарматыўных дакументах, што дазваляе дасягаць высокай ступені ўпарадкаванасці дзеянняў яе членаў. Аснову сацыяльнага ўзаемадзеяння ў фармальнай групе складаюць адносіны субардынацыі (падпарадкаванне на падставе іерархічнай структуры), аўтарытэт залежыць ад занятай пасады, а не ад асабістых якасцей. Асаблівасцю фармальных груп з’яўляецца магчымасць фарміравання ў іх таксама і нефармальных адносін.

Крытэрыі стварэння нефармальных груп нарматыўна не замацаваны. Такія групы фарміруюцца на падставе асабістых інтарэсаў, каштоўнасцей, прыхільнасцей. Іх функцыянаванне вызначаецца нефармальнымі інстытутамі, арганізацыяй і кантролем. У нефармальных групах адсутнічае фіксацыя юрыдычнага статусу, а асноўным механізмам развіцця і функцыянавання з’яўляецца самаарганізацыя. Асаблівую ролю ў нефармальных групах адыгрывае лідар, аўтарытэт якога грунтуецца на яго асабістых якасцях.

Прыналежнасць індывіда да сацыяльнай групы фарміруе ў яго пачуццё ідэнтычнасці з ёю, а таксама пэўныя адносіны да іншых груп. На падставе прыметы прыналежнасці вылучаюць два віды груп: унутраныя (інгрупы) і знешнія (аўтгрупы).

Калі індывід ідэнтыфікуе сябе з групай, яна з’яўляецца для яго інгрупай: мае сябры, мая сям’я. Чалавек адчувае прыналежнасць да інгрупы, а іншыя індывіды, якія ўваходзяць у такую групу, разглядаюцца ім як «мы». Аўтгрупа – група, з якой індывід сябе не ідэнтыфікуе, яна з’яўляецца знешняй у адносінах да яго. Людзі схільныя дыстанцыравацца ад знешніх груп, расцэньваць індывідаў, якія ў іх уваходзяць, як «не мы», «іншыя». Спецыфіка ўзаемадзеянняў у сучасным грамадстве абумоўлівае ўваходжанне індывіда ў разнастайныя сацыяльныя групы і перакрыжоўванне інгрупавых і аўтгрупавых сувязей.

icon-task
Абагульніце і сістэматызуйце інфармацыю аб відах сацыяльных груп, прывядзіце прыклады. Запоўніце табліцу «Віды сацыяльных груп».
Від групы Прыметы Прыклады
1. Першасныя
2. Другасныя
1. Малыя
2. Вялікія
1. Фармальныя
2. Нефармальныя
1. Унутраныя
2. Знешнія

Чым вылучаецца моладзь як сацыяльная група?

icon-persona
Нямецкі сацыёлаг Карл Манхейм у першай палове ХХ ст. выказаў меркаванне, што моладзь з’яўляецца свайго роду рэзервам, які выступае на пярэдні план, калі грамадству неабходна прыстасоўвацца да якасна новых абставін або ўмоў, што хутка змяняюцца. У час перамен моладзь выконвае функцыю пасрэдніка сацыяльнага жыцця. Пры гэтым моладзь ні прагрэсіўная, ні кансерватыўная па сваёй прыродзе, яна гатова да любога пачынання. Дынамічныя грамадствы павінны актывізавацца і нават арганізоўваць людзей (рэсурсы, якія ў традыцыйным грамадстве не мабілізуюцца, а часцей нават душацца).
icon-discussions
Наколькі погляды К. Манхейма актуальныя ў наш час у параўнанні з часам, калі яго тэорыя была сфармулявана?

Сацыялагічнае даследаванне сацыяльных груп накіравана ў першую чаргу на вывучэнне рэальнасці сацыяльных сувязей і сістэмы ўзаемадзеянняў індывідаў, якое дазваляе характарызаваць структурныя элементы сацыяльных груп, вызначаць іх сацыяльныя функцыі, а таксама выяўляць іх разнастайнасць у сістэме грамадскіх стасункаў.