Печатать книгуПечатать книгу

*§ 1-1. Грамадства як сістэма

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 1-1. Грамадства як сістэма
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 07:01

Сацыяльнае дзеянне.

icon-persona
Нямецкі сацыёлаг Макс Вебер распрацаваў першую класіфікацыю тыпаў сацыяльнага дзеяння, заснаваную на ступені рацыянальнасці паводзінаў індывідаў. Ён вылучаў чатыры асноўныя тыпы сацыяльнага дзеяння: мэтарацыянальны, каштоўнасна-рацыянальны, традыцыйны і афектыўны. Асноўнымі прыметамі сацыяльнага дзеяння з’яўляюцца асэнсаваная матывацыя і арыентацыя на іншых людзей.
Тыпы сацыяльнага дзеяння
Характарыстыка Прыклад
Мэтарацыянальнае
Дзеючая асоба дакладна ўяўляе мэту і спосабы яе дасягнення, распрацаваны план канкрэтных дзеянняў і вядомы ўмовы рэалізацыі гэтага плана Прадпрымальнік на падставе вынікаў сацыёлага-маркетынгавага даследавання прымае рашэнне абнавіць асартымент тавараў і спектр паслуг
Каштоўнасна-рацыянальнае
Чалавек у выніку свайго выхавання і жыццёвага вопыту, безумоўна, верыць у нешта для яго каштоўнае, лічыць нейкія ідэі абсалютна правільнымі, незалежна ад абставін і наступстваў Капітан, апошнім пакідаючы карабель, які тоне, вельмі рызыкуе, але ён не можа іначай, паколькі для яго гэта справа гонару
Традыцыйнае
Дзеянні чалавека заснаваны на сталай звычцы Дзяўчына выконвае зарадку і чысціць зубы раніцай, малады чалавек робіць прабежку
Афектыўнае
Дзеянні здзяйсняюцца пад уплывам эмоцый, калі чалавекам кіруюць пачуцці Закаханы, але абмежаваны ў сродках мужчына купляе для сваёй дамы сэрца дарагі падарунак

Традыцыйнае і афектыўнае дзеянні, па сутнасці, не з’яўляюцца сацыяльнымі ў строгім разуменні слова, паколькі ў іх няма ўсвядомленага сэнсу, закладзенага ў аснову дзеяння. На думку М. Вебера, традыцыйнае дзеянне здзяйсняецца як бы аўтаматычна, падсвядома, і таму яно з’яўляецца прадметам даследавання псіхалогіі, этналогіі і іншых навук, але не сацыялогіі. Афектыўнае дзеянне выклікана эмоцыямі і таму таксама не ўсведамляецца, а значыць, не падлягае сацыялагічнаму аналізу. Толькі мэтарацыянальныя і каштоўнасна-рацыянальныя дзеянні ў поўным сэнсе слова з’яўляюцца сацыяльнымі дзеяннямі, якія маюць вырашальнае значэнне ў развіцці грамадства і чалавека. Вучоны таксама лічыў, што адбываецца паступовае, але няўхільнае выцясненне каштоўнасна-рацыянальных паводзінаў мэтарацыянальнымі.

icon-discussions
Ці згодны вы са сцвярджэннем М. Вебера аб выцясненні каштоўнасна-рацыянальных паводзінаў? Прывядзіце прыклады.

Названыя тыпы з’яўляюцца ідэальнымі. Гэта азначае, што на практыцы, назіраючы за канкрэтнымі сацыяльнымі дзеяннямі, мы, хутчэй за ўсё, можам гаварыць пра перавагу якога-небудзь тыпу, што не выключае прысутнасці рыс іншых тыпаў.

img

Яна заўсёды набывае квіткі і стараецца не прапускаць канцэрты сваёй любімай музычнай групы, купляе атрыбутыку з яе сімволікай, актыўна ўдзельнічае ў інтэрнэт-форумах і супольнасцях, часта з сябрамі суправаджае групу ў выступленнях за мяжой.

icon-task

Якія тыпы сацыяльнага дзеянння можна выявіць у паводзінах Яны?

Сацыяльны інстытут. Сацыяльныя інстытуты адлюстроўваюць інстытуцыянальную структуру грамадства – комплекс узаемазвязаных функцыянальных сфер грамадства, якія дзейнічаюць на базе сістэмы яго асноўных інстытутаў.

icon-persona
Польскі сацыёлаг ХХ ст. Ян Шчапаньскі пра сацыяльны інстытут: «Ва ўсіх групах, у якіх з’яўляюцца хаця б зародкі арганізацыі, выпрацоўваюцца пэўныя спосабы дзеяння ад імя групы як цэлага. Напрыклад, хтосьці прадстаўляе групу за яе межамі, вызначае адпаведны ўзор паводзінаў для членаў групы, прымае рашэнні ад імя цэлага і да т. п. Гэтыя спосабы дзеянняў вызначаны як безасабовыя, а значыць, яны павінны выконвацца незалежна ад асабістых рыс і інтарэсаў чалавека, які іх выконвае, заўсёды адным і тым жа чынам. Індывід, які выконвае гэтыя функцыі, мае падтрымку ўсёй групы або яе вырашальнай часткі. Спосабы выканання гэтых функцый вызначаны групай як цэлым, і індывіды павінны выконваць іх у адпаведнасці з гэтым вызначэннем. Гэта істотныя элементы любога сацыяльнага інстытута».
icon-discussions
Падкрэсліце ў тэксце асноўныя элементы сацыяльнага інстытута паводле Я. Шчапаньскага. Абгрунтуйце, чаму сацыёлагі лічаць, што даследаванне сацыяльных інстытутаў – гэта цэнтральная задача сацыялогіі.

Працэс узнікнення і фарміравання сацыяльнага інстытута называецца інстытуцыяналізацыяй і праходзіць праз некалькі этапаў:

1) з’яўленне сацыяльнай патрэбы (яна прычына і сэнс існавання інстытута);

2) фарміраванне правіл (норм) і тэхналогіі задавальнення патрэбы;

3) замацаванне гэтых правіл і тэхналогіі праз іх агульнае прызнанне і прыняцце да дзеяння, устанаўленне санкцый за іх парушэнне;

4) стварэнне сістэмы статусаў і роляў усіх удзельнікаў дадзенага інстытута (размеркаванне правоў і абавязкаў).

Неабходна адрозніваць інстытуты як арганізацыі, у якіх упаўнаважаныя афіцыйныя асобы выконваюць грамадзянскія функцыі, і інстытуты як формы кадыфікацыі і рэгулявання грамадзянскіх стасункаў. Шэраг важных для ўзнаўлення грамадзянскіх стасункаў інстытутаў задаецца ў паўсядзённых сацыяльных і культурных практыках (маральныя ўзоры, звычаі, грамадзянская думка, сацыяльныя звычкі і інш.). Часам іх называюць простымі, або нефармальнымі інстытутамі. Рэалізацыя функцый такіх інстытутаў не патрабуе фармальнай арганізацыі і адбываецца як бы аўтаматычна, без знешняга ўмяшання, і да таго часу, пакуль яны карыстаюцца дастатковай грамадзянскай падтрымкай. Людзі, напрыклад, самі патрабуюць адзін ад аднаго прытрымлівацца звычаю гасціннасці, шанавання продкаў, павагі да старэйшых. Нефармальныя інстытуты з’яўляюцца важнай часткай паўсядзённай культуры грамадства.

icon-discussions

Рэпутацыя: фармальны ці нефармальны інстытут?

У 2019 г. публікацыя здымка, зробленага ў 1984 г., ледзь не прывяла да адстаўкі губернатара штата Вірджынія Ральфа Нортэма.

icon-search
Знайдзіце «лічбавыя сляды» гэтага скандалу, зрабіце вывады аб захаванні рэпутацыі ў Сеціве.

Дзейнасць фармальных інстытутаў заснавана на строгіх прадпісаннях (права, статут, службовыя інструкцыі) – гэта дзяржава, суд, армія, школа. Фармальныя інстытуты здзяйсняюць кіраўнічыя і кантрольныя функцыі на падставе строга вызначаных санкцый: заахвочванне ў выглядзе ўзнагарод, афіцыйных званняў або адміністрацыйнае спагнанне і крымінальнае пакаранне. Фармальныя інстытуты часцей за ўсё з’яўляюцца бюракратыямі, у якіх абавязкі чыноўнікаў абязлічаныя, а значыць, выконваюцца нібыта незалежна ад іх асабістых якасцей. Фармальныя інстытуты маюць велізарнае значэнне ў сучасных грамадствах, і іх роля ўзрастае.

Для выканання сваіх функцый інстытуты фарміруюць уласную структуру, якая прадстаўлена наступнымі элементамі:

1) сфера дзейнасці: сацыяльная патрэба, мэта і задачы інстытута;

2) суб’екты: статусы і ролі, каштоўнасці і ўзоры паводзінаў;

3) сродкі: сімвалічныя і ўтылітарныя рэсурсы інстытута (каштоўнасці, ідэалогія, матэрыяльныя сродкі).

icon-persona

На думку амерыканскага сацыёлага Роберта Мертана, функцыі сацыяльных інстытутаў можна прадставіць у выглядзе:

відавочных функцый – рэгуляванне сацыяльных узаемадзеянняў; замацаванне і ўзнаўленне сацыяльных стасункаў; селекцыя і трансляцыя сацыяльнага вопыту; падтрыманне ўстойлівасці сацыяльнай сістэмы; інтэграцыя асобных інтарэсаў і рэсурсаў удзельнікаў інстытута; узаемадзеянне з іншымі інстытутамі;

латэнтных функцый – пабочныя, незапланаваныя і непрадугледжаныя наступствы функцыянавання сацыяльных інстытутаў: канфлікты, міграцыі, тэхнагенныя катастрофы, злачыннасць і інш.

Для ўсебаковага разумення механізма дзеяння сацыяльнага інстытута важнае значэнне мае аналіз не толькі відавочных, але і латэнтных функцый. Часам інстытуты страчваюць здольнасць выконваць свае заяўленыя функцыі ці грамадства страчвае патрэбу ў іх дзейнасці, але яны працягваюць існаваць і растрачваць грамадзянскія рэсурсы. Гэта азначае, што пад выглядам грамадска карыснай дзейнасці інстытут абслугоўвае эгаістычныя інтарэсы асобных груп. Здараецца, што публічна заяўленыя мэты новых інстытутаў проста маскіруюць іх рэальныя мэты. Падобныя з’явы распаўсюджаны ў сістэме дзяржаўнага кіравання, палітычных інстытутах, з’яўляюцца крыніцай карупцыі, кумаўства, злоўжывання ўладай. Вывучэнне латэнтных функцый садзейнічае рацыяналізацыі сістэмы інстытутаў і эфектыўнаму грамадскаму кантролю іх дзейнасці.

Армія як сацыяльны інстытут

Запоўніце табліцу.

Параметры Характарыстыка і прыклады
Структура:
1. Сфера дзейнасці
2. Суб’екты
3. Сродкі
Функцыі
1. Відавочныя
2. Латэнтныя
icon-task
Дайце характарыстыку арміі як сацыяльнаму інстытуту. Стварыце ўласную падборку фотаздымкаў для ілюстрацыі адказу.

Сацыяльныя супольнасці і групы. Сацыяльныя супольнасці з’яўляюцца неабходным спосабам існавання грамадства, у іх рэалізуюцца ўзаемадзеянні людзей паміж сабой і з грамадствам у цэлым. Сацыяльныя паводзіны асобы абумоўлены яе прыналежнасцю да тых ці іншых сацыяльных форм аб’яднання людзей. Супольнасці як суб’екты грамадскага жыцця праз сумесную дзейнасць уплываюць на ўстойлівасць, інтэграцыю, фукцыянаванне і змяненне грамадства і яго структурных складнікаў.

icon-persona
Класічнае азначэнне сацыяльнай супольнасці было дадзена польскім сацыёлагам Янам Шчапаньскім: «Мы ўводзім паняцце “сацыяльная супольнасць” як тэрмін з шырокім аб’ёмам, што ахоплівае ўсе аб’яднанні людзей, у якіх створана і захоўваецца хаця б на працягу кароткага перыяду пэўная сацыяльная сувязь. <…> Гэтым тэрмінам мы будзем абазначаць усе ўстойлівыя формы сумеснага жыцця. Такім чынам, гэта будзе наш найбольш агульны тэрмін».

Адзін са спосабаў прадставіць шматлікасць сацыяльных супольнасцей – гэта класіфікаваць іх па прыметах аб’яднання людзей і ступені ўнутрыгрупавога кантролю, што спараджае розную ступень суаднясення (самаідэнтыфікацыі) чалавека з канкрэтнай сацыяльнай супольнасцю. Так мы атрымаем чатыры віды супольнасцей: сацыяльныя катэгорыі, сацыяльныя агрэгацыі, квазігрупы, сацыяльныя групы.

Сацыяльныя супольнасці
Сацыяльная катэгорыя Супольнасць, якая аб’ядноўвае людзей па пэўнай істотнай прымеце (пол, узрост, прафесія, адукацыя, веравызнанне і інш.), але не стварае канкрэтных груп і структур. Прыклады: пенсіянеры, ваенныя
Сацыяльная агрэгацыя Сукупнасць людзей у пэўнай фізічнай прасторы без свядомага ўзаемадзеяння паміж сабой. Прыклады: людзі на транспартным прыпынку, пакупнікі ў чарзе
Квазігрупа Спантанна ўзнікшая, няўстойлівая група людзей, аб’яднаных кароткачасовай мэтай-дзеяннем. Прыклад: абураная чарга пакупнікоў
Сацыяльная група

Сацыяльная група – найбольш устойлівы від супольнасці.

Члены групы – удзельнікі групы, суб’екты калектыўных дзеянняў. Членства ў групе задае фізічны (знешні выгляд) і маральны (паводзіны, функцыі, нормы і каштоўнасці) узор члена групы, ступень прыналежнасці да яе.

Патрэбы як непасрэдная нагода для арганізацыі групы, у межах якой яны будуць задавальняцца.

Задачы групы адлюстроўваюць мэту і сэнс існавання групы, задаюць прынцып адасаблення, структуру, сістэму кантролю, характар адносін.

Цэнтры аб’яднання (матэрыяльныя і ідэальныя) групы – каштоўнасці, сімвалы, матэрыяльныя аб’екты і прадметы, якія складаюць базу яе існавання, што вызначае групу.

Сістэма стаўлення да асяроддзя – стуктуры, сродкі і арганізацыйныя інструменты, якія рэгулююць сувязі групы са знешнім асяроддзем («знешняя палітыка» групы)

icon-discussions
Чаму менавіта сацыяльныя групы даюць найбольш інфарматыўны зрэз грамадства?

Існаванне групы непарыўна звязана з выкананнем ёю сваіх сацыяльных функцый: агульных (універсальных) і спецыяльных (спецыфічных).

Да першых адносяцца: мэтавызначэнне (група задае мэту сваім членам), кантроль (у групе адсочваюцца прынятыя ў ёй паводзіны і мысленне ўдзельнікаў) і сацыялізацыя (членаў групы «выхоўваюць» пад яе мэты і задачы). Спецыяльныя функцыі задаюцца канкрэтнымі мэтамі і спецыфікай групы, патрэбамі, дзеля якой яна ўзнікла.

icon-task

Вызначце фактары, якія могуць садзейнічаць ператварэнню чаргі з сацыяльнай агрэгацыі ў квазігрупу. Пры якіх умовах чарга можа ператварыцца ў сацыяльную групу?

Істотнай рысай групы з’яўляецца членства, якое вызначае ў індывідаў пачуццё прыналежнасці да яе і ляжыць у аснове агульнасці дзеянняў, забяспечвае салідарнасць у групе. Акрамя таго, членства ў групе фарміруе групавую ідэнтычнасць, калі людзі, што ўваходзяць у групу, успрымаюцца, у тым ліку і староннімі, як члены гэтай групы. Ідэнтычнасць – даволі ўстойлівая з’ява, якая прадугледжвае, што група можа аказваць на індывіда і яго ўчынкі значны ўплыў.

Шматлікасць форм узаемасувязей, элементаў, якія складаюць сацыяльныя групы, абумоўлівае фарміраванне розных відаў сацыяльных груп. За аснову іх класіфікацыі бяруцца розныя падставы: сацыяльныя функцыі групы, тыпы групавой структуры, формы ўзаемадзеяння сацыяльных сувязей у групах і да т. п. Найбольш істотнымі рысамі групы з’яўляюцца сістэма ўзаемадзеяння і асаблівасці членства ў групе, якія фарміруюць групавую ідэнтычнасць. Разнастайныя формы ўзаемаадносін паміж індывідамі ў сацыяльных групах дазваляюць вылучыць два віды груп: першасныя і другасныя.

Першасныя групы характарызуюцца найбольшай колькасцю ўдзельнікаў, паміж якімі ўзнікаюць цесныя ўзаемаадносіны, заснаваныя на іх індывідуальных асаблівасцях, асабістай прыхільнасці, эмацыйнай уцягнутасці і непасрэдных кантактах. Паняцце першаснай групы ўвёў ва ўжытак амерыканскі сацыяльны псіхолаг Чарльз Кулі, скарыстаўшы яго ў першую чаргу ў адносінах да сям’і, якая характарызуецца аднароднасцю ўзаемадзеянняў і з’яўляецца першым агентам сацыялізацыі індывіда. Да першасных груп можна таксама аднесці кампанію аднагодкаў, кола сяброў. Галоўная асаблівасць першасных груп – узаемадзеянне пераважна на падставе ўласных інтарэсаў. У першасных групах індывід успрымаецца не з пункту гледжання функцый, якія ён выконвае, а з пункту гледжання яго індывідуальнасці. Узаемадзеянне ў групе дазваляе індывіду ўключыцца ў групавую супольнасць такім чынам, што накіраванасць яго асобы (у значным аб’ёме) пачынае адпавядаць мэтам, якія сумесна дасягаюцца гэтай групай.

У аснове фарміравання другасных сацыяльных груп ляжыць імкненне да дасягнення пэўнай мэты. Найбольшае значэнне ў такіх групах надаецца ўменню выконваць адпаведныя функцыі, а значнасць асабістых кантактаў адыходзіць на другі план. Асаблівасцямі другасных сацыяльных груп з’яўляюцца інстытуцыяналізаванасць і схематызаванасць адносін, апасродкаванасць кантактаў, фармалізацыя спосабаў камунікацыі, функцыянальнасць адносін у адпаведнасці з патрабаваннямі сацыяльных роляў.

У залежнасці ад колькасці індывідаў у групе і, адпаведна, яе памераў можна выдзеліць малыя і вялікія сацыяльныя групы. Малыя групы характарызуюцца невялікай колькасцю, адносіны паміж іх членамі грунтуюцца на непасрэдных асабістых кантактах, якія рэгулююцца нефармальнымі інстытутамі. Малыя групы характарызуюцца блізкасцю суб’ектаў, устойлівасцю і працягласцю сувязей, высокай ступенню супадзення каштоўнасцей, фарміраваннем агульных норм паводзінаў. Сістэма адносін, пабудаваная на асабістым узаемадзеянні членаў групы, садзейнічае выпрацоўцы адпаведных узораў паводзінаў, якія спрыяюць высокай ступені ідэнтыфікацыі члена з групай. Спецыфіка малых груп праяўляецца ў тым, што кантакты паміж індывідамі, якія ў яе ўваходзяць, узнікаюць міжволі, праз сумесную дзейнасць, з-за чаго групы функцыянуюць у якасці пэўнага мікраасяроддзя, якое ўплывае на развіццё асобы.

Вялікія групы – адносна ўстойлівыя аб’яднанні са значнай колькасцю ўдзельнікаў, што не дазваляе ім усталёўваць асабістыя непасрэдныя сувязі. Нягледзячы на вялікую колькасць членаў, прыналежнасць індывідаў да вялікіх груп усталёўваецца на падставе шэрагу сацыяльна значных прымет. Да іх можна аднесці культурна-гістарычны кантэкст існавання групы (плямёны, народнасці, нацыі), класавую прыналежнасць (класы і сацыяльныя пласты), дэмаграфічныя паказчыкі, прыналежнасць да рэлігійных канфесій або этнічных аб’яднанняў, змест сацыяльнай дзейнасці і да т. п.

Групы могуць абмяжоўваць колькасць індывідаў у сваім складзе, і ў гэтай сувязі яны падзяляюцца на адкрытыя і закрытыя. Для ўваходжання ў закрытую групу індывід павінен адпавядаць сістэме выпрацаваных стандартаў і крытэрыяў. У адкрытых групах да ўдзельнікаў не прад’яўляецца пэўных патрабаванняў, у іх склад могуць трапіць усе ахвочыя.

Адна з найбольш распаўсюджаных падстаў для класіфікацыі сацыяльных груп – асаблівасць іх арганізацыі. У залежнасці ад характару арганізаванасці можна выдзеліць фармальныя і нефармальныя групы.

Дзейнасць індывідаў, якія ўваходзяць у фармальную групу, рэгулюецца на падставе афіцыйных правіл і дакументаў: юрыдычных норм, нарматыўных прававых актаў, інструкцый, дазволаў, забарон і інш. Фармальная група, як правіла, мае замацаваны юрыдычны статус, уваходзіць у структуру сацыяльнага інстытута, арганізацыі, арыентуецца на дасягненне пэўнай мэты, пры гэтым функцыі, мэты, правілы паводзінаў фіксуюцца ў нарматыўных дакументах, што дазваляе дасягаць высокай ступені ўпарадкаванасці дзеянняў яе членаў. Аснову сацыяльнага ўзаемадзеяння ў фармальнай групе складаюць адносіны субардынацыі (падпарадкаванне на падставе іерархічнай структуры), аўтарытэт залежыць ад занятай пасады, а не ад асабістых якасцей. Асаблівасцю фармальных груп з’яўляецца магчымасць фарміравання ў іх таксама і нефармальных адносін.

Крытэрыі стварэння нефармальных груп нарматыўна не замацаваны. Такія групы фарміруюцца на падставе асабістых інтарэсаў, каштоўнасцей, прыхільнасцей. Іх функцыянаванне вызначаецца нефармальнымі інстытутамі, арганізацыяй і кантролем. У нефармальных групах адсутнічае фіксацыя юрыдычнага статусу, а асноўным механізмам развіцця і функцыянавання з’яўляецца самаарганізацыя. Асаблівую ролю ў нефармальных групах адыгрывае лідар, аўтарытэт якога грунтуецца на яго асабістых якасцях.

Прыналежнасць індывіда да сацыяльнай групы фарміруе ў яго пачуццё ідэнтычнасці з ёю, а таксама пэўныя адносіны да іншых груп. На падставе прыметы прыналежнасці вылучаюць два віды груп: унутраныя (інгрупы) і знешнія (аўтгрупы).

Калі індывід ідэнтыфікуе сябе з групай, яна з’яўляецца для яго інгрупай: мае сябры, мая сям’я. Чалавек адчувае прыналежнасць да інгрупы, а іншыя індывіды, якія ўваходзяць у такую групу, разглядаюцца ім як «мы». Аўтгрупа – група, з якой індывід сябе не ідэнтыфікуе, яна з’яўляецца знешняй у адносінах да яго. Людзі схільныя дыстанцыравацца ад знешніх груп, расцэньваць індывідаў, якія ў іх уваходзяць, як «не мы», «іншыя». Спецыфіка ўзаемадзеянняў у сучасным грамадстве абумоўлівае ўваходжанне індывіда ў разнастайныя сацыяльныя групы і перакрыжоўванне інгрупавых і аўтгрупавых сувязей.

icon-task
Абагульніце і сістэматызуйце інфармацыю аб відах сацыяльных груп, прывядзіце прыклады. Запоўніце табліцу «Віды сацыяльных груп».
Від групы Прыметы Прыклады
1. Першасныя
2. Другасныя
1. Малыя
2. Вялікія
1. Фармальныя
2. Нефармальныя
1. Унутраныя
2. Знешнія

Чым вылучаецца моладзь як сацыяльная група?

icon-persona
Нямецкі сацыёлаг Карл Манхейм у першай палове ХХ ст. выказаў меркаванне, што моладзь з’яўляецца свайго роду рэзервам, які выступае на пярэдні план, калі грамадству неабходна прыстасоўвацца да якасна новых абставін або ўмоў, што хутка змяняюцца. У час перамен моладзь выконвае функцыю пасрэдніка сацыяльнага жыцця. Пры гэтым моладзь ні прагрэсіўная, ні кансерватыўная па сваёй прыродзе, яна гатова да любога пачынання. Дынамічныя грамадствы павінны актывізавацца і нават арганізоўваць людзей (рэсурсы, якія ў традыцыйным грамадстве не мабілізуюцца, а часцей нават душацца).
icon-discussions
Наколькі погляды К. Манхейма актуальныя ў наш час у параўнанні з часам, калі яго тэорыя была сфармулявана?

Сацыялагічнае даследаванне сацыяльных груп накіравана ў першую чаргу на вывучэнне рэальнасці сацыяльных сувязей і сістэмы ўзаемадзеянняў індывідаў, якое дазваляе характарызаваць структурныя элементы сацыяльных груп, вызначаць іх сацыяльныя функцыі, а таксама выяўляць іх разнастайнасць у сістэме грамадскіх стасункаў.