Паэзія Максіма Багдановіча

Верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...»

Верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» — узор позняй лірыкі Максіма Багдановіча, напісаны ў 1915 годзе пад уражаннем ад навін з палёў Першай сусветнай вайны. Твор уяўляе сабой лірычную  мініяцюру, у якой выявіўся талент паэта спалучаць жыццёвае з высокім, уменне бачыць чалавека як зямную і касмічную істоту. Беларускі літаратуразнавец Уладзімір Гніламедаў адзначаў: «Гэта своеасаблівы эталон Багдановічавай чалавечнасці, адбітак яго погляду на свет. Верш красамоўна сведчыць пра душэўную шырыню аўтара, яго адкрытасць, здольнасць на эмацыянальны водгалас, на суперажыванне».

Па форме «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» — верш — маналог лірычнага героя, які разгортваецца як своеасаблівая філасофская канцэпцыя:

Хто мы такія?                                                     
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі                                              
Сваркі і звадкі, боль і горыч,                            
Калі ўсе мы разам ляцім                                  
Да зор?                                                               

У гэтым фінальным пытанні адначасова падкрэсліваецца, што ў палёце да зор — перад вечнасцю — чалавек мусіць пазбавіцца ад зла, зберагчы сябе і іншых ад болю і горычы.

 Сузор’е Геркулес можна назіраць над Беларуссю ў ліпені. 


Гэты свабодны верш (верлібр) амаль пазбаўлены слоўных упрыгожванняў. Знешняя фармальная прастата твора падкрэслівае глыбіню думкі пра сэнс чалавечага існавання. У чарнавых запісах Максіма Багдановіча захаваўся аўтограф з працягам, але, хутчэй за ўсё, аўтар сам адкінуў лішняе, каб сканцэнтраваць увагу чытача на галоўным. 

Максім Багдановіч пражыў кароткае, але поўнае незвычайных адкрыццяў жыццё. Яго творчасць трывала ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры. Кранальныя творы Максіма Багдановіча дагэтуль з цікавасцю чытаюць не толькі ў Беларусі. Ён даўно ўжо выйшаў за межы нацыянальнай літаратуры і ператварыўся ў зорку сусветнай велічыні.

Творчасць мастака слова стала крыніцай натхнення такіх кампазітараў, як Мікалай Аладаў, Анатоль Багатыроў, Уладзімір Мулявін, Ігар Палівода, Аляксей Туранкоў, Эдзі Тырманд. Увасобілі вобраз Максіма Багдановіча скульптары Леў Гумілеўскі і Валяр’ян Янушкевіч, мастакі Iван Рэй, Валянцін Волкаў, Янка Раманоўскі, Монас Манасзон.

Літаратурныя сувязі. Верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» паводле філасофскай заглыбленасці і разважлівасці набліжаны да яго ж твора «Жывеш не вечна, чалавек», вершаў Алеся Гаруна «Ідуць гады», Анатоля Вярцінскага «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць...», Максіма Танка «Шчасце». 

Плённа працягваюцца традыцыі паэта ў асваенні новых жанравых форм. Напрыклад, у сучаснай літаратуры майстрам верлібра прызнаны Максім Танк («Ты яшчэ толькі намёк на чалавека...»), у гэтым жанры напісаны таксама творы Пімена Панчанкі, Анатоля Вярцінскага, Янкі Сіпакова, Алеся Разанава.