Print bookPrint book

Паэзія Максіма Багдановіча

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: Паэзія Максіма Багдановіча
Printed by: Guest user
Date: Wednesday, 4 December 2024, 5:04 AM

Зборнік вершаў «Вянок», верш «Песняру»

Адзіным прыжыццёвым зборнікам вершаў Максіма Багдановіча быў «Вянок» (1913), што з’явіўся ў выдавецтве Марціна Кухты. Першапачатковая назва — «Кніжка выбраных вершаў». Назва «Вянок» і прысвячэнне Сяргею Палуяну прапанавана Вацлавам Ластоўскім, калі зборнік быў ужо ў друку. Загалоўкам аўтар быў задаволены.

Па сутнасці «Вянок» — філасофская кніга, у якой узнаўляюцца факты стварэння культурнай спадчыны Беларусі («Летапісец», «Пера пісчык»), увасоблены вобраз горада (цыкл «Места»), згадваюцца міфы і старыя паданні (цыкл «У зачарованым царстве»), асэнсоўваюцца праблемы жыцця і смерці («Жывеш не вечна, чалавек...», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...») і інш.

Адной з асноўных праблем, якія асэнсоўваў Максім Багдановіч, была праблема прызначэння мастака і мастацтва, паэта і паэзіі. У напісаным яшчэ ў Яраслаўлі вершы «Песняру» (1910) сфармулявана творчае крэда паэта: паэзія павінна быць «як звон», каб дайсці да душы кожнага чалавека, а паэт павінен «з сталі каваць, гартаваць гібкі верш», абрабляць і ўдасканальваць свой твор, каб «слабы верш» не разбіўся аб цвёрдыя сэрцы.

Лірычны герой звяртаецца да тых, хто робіць першыя спробы ў творчасці («брат малады»), каб не забывалі, што гэта вялікая праца, бо недасканалы верш не зможа крануць зачарсцвелага чытача, няздатнага да ўспрымання прыгажосці.

Нюта Гапановіч — муза юнага Максіма.

Дзяўчына была абаяльная, дасціпная, вельмі адораная ў галіне матэматыкі. Прыхільнікі-гімназісты кідалі ёй у фортку букеты. Вучылася ў Маскве, дзе пазнаёмілася з малодшым братам Максіма Львом Багдановічам, які падчас Першай сусветнай вайны вазіў з сабой запіскі ад Нюты з просьбамі знайсці кніжку па матэматыцы, дапамагчы рашыць складанае ўраўненне.

Максім прысвяціў Нюце Гапановіч аўтарскія пераклады «Зеленя» (Паводле архіўных матэрыялаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

Паэт не абмяжоўваўся дэкларацыямі і заклікамі. Сам чытаў шмат твораў сусветнай літаратуры, актыўна вывучаў гісторыю. Бачыў сваё прызначэнне ва ўзбагачэнні тэматыкі беларускай літаратуры і засваенні новых форм. Пры гэтым еўрапейскія літаратурныя традыцыі асэнсоўваліся ім у адпаведнасці з прынцыпам: «Прыгожае — вышэй за ўсё». Паэт імкнуўся праз пераклады сусветнай класікі (вершы  Фрыдрыха Шылера, Генрыха Гейнэ, Поля Верлена, Аляксандра Пушкіна і інш.) спасцігнуць чароўны свет паэзіі і данесці яго да беларусаў. Менавіта з лёгкай рукі Максіма Багдановіча на беларускай мове вельмі арганічна загучалі трыялеты, тэрцыны, рандо, пентаметры, гекзаметры і інш.

Паэт лічыў дасканаласцю гармонію формы і зместу. Багдановіча часта называлі паэтам «чыстае красы», бо ў творчасці ён вітаў культ прыгажосці. Змітрок Бядуля ў артыкуле «Натхненне і гармонія» адзначаў: «За кароткі час сваёй творчасці ён (Багдановіч. — Аўт.) выведаў тайну гармоніі, вывучыў карты роднай красы і вянкамі вясновых паэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэння». Разуменне асветніцкай місіі твораў Максіма Багдановіча прыйшло не адразу. Яго пачатковыя тэксты першы рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў і Ядвігін Ш. называлі «дэкадэнтшчынай». Толькі з цягам часу прыйшло разуменне, што «чыстая краса» Максіма Багдановіча добра ўкладаецца ў місію асветы і адраджэння нацыянальнай самабытнасці.

Дастаткова часта крыніцай натхнення і ўзорам прыгажосці для Максіма Багдановіча станавілася далёкае мінулае Беларусі («Летапісец», «Перапісчык», «Кніга», «Безнадзейнасць», «Слуцкія ткачыхі»).

Верш «Кніга»

Верш «Кніга» (1912) быў напісаны пад уражаннем наведвання музея ў Вільні. У гэтым творы пададзены вобраз кнігі — Псалтыра, «пакрытага няжорсткай бурай кожай». Максім Багдановіч прэзентуе свайму чытачу даўнюю кнігу як адну з найвялікшых матэрыяльных і нематэрыяльных каштоўнасцей роднай зямлі. Лірычны герой імкнецца спазнаць не толькі знешнюю прыгажосць кнігі, яе афармленне («перачытаў радкі кірыліцы прыгожай»), пах («і воску з ладанам прыемны пах пачуў»), але і спасцігнуць унутраную прыгажосць «псальмы слічнай», якая пераносіць у чароўны свет слоў. Ён лічыць, што менавіта гэта магія здольна даць радасць душы.

Акцэнтны верш
від рыфмаванага танічнага верша, заснаваны на роўнай колькасці націскаў (акцэнтаў) у радку.

У вершы выяўляецца важны кампанент эстэтычнай сістэмы Максіма Багдановіча: магчымасць узвышэння чалавека праз пазнанне прыгожага і высокага («Як радасна далей спяшыць душа мая!»). Толькі гармонія знешняга і ўнутранага можа зрушыць глыбіні чалавечай душы. Важнасць маральных і эстэтычных каштоўнасцей падкрэсліваецца, калі лірычны герой згадвае, што кніга, якую ён трымае, «спісана» дзякам Гапонам «дзеля душы».

Увага да дэталей (падрабязнае апісанне кнігі, указанне на перапісчыка, час і месца стварэння) дае адчуванне рэальнасці таго, што апісана. Акцэнтны верш перадае своеасаблівы ўнутраны маналог лірычнага героя і мае ўрачыста-ўсхваляваны характар.

Публіцысты гавораць. «Багдановіч — паэт паўтонаў. Свае фарбы ён бярэ з пабляклых старадаўных тканін, з малюнкаў святых кніг, пісаных многа сот лет таму назад на пергаменце, з засохшых красак родных палёў» (Антон Навіна (Антон Луцкевіч). «Максім Багдановіч (у дзясятыя ўгодкі смерці яго)»).

Верш «Летапісец»

Яшчэ адзін вобраз манаха-перапісчыка паўстае ў вершы «Летапісец» (1912). Гэты твор, які адкрывае цыкл «Старая Беларусь» у зборніку «Вянок», напісаны пад уражаннем наведвання Радзімы ў 1911 годзе. Верш уяўляе сабой маналог чалавека, які на працягу ўжо двух гадоў не толькі капіруе летапіс «з даўнейшых граматак пра долю Магілёва», але і дадае тое, што бачыў:

...Так рупная пчала                                           
Умее ў соты мёд зыбраць і з горкіх кветак,    
І бачанаму мной — я годны веры сведак.      
Хай тыя ведаюць, што з’явяцца па нас,           
Ўсю праўду пра жыццё у наш і пройшлы час.

Гэта робіцца, каб зафіксаваць для нашчадкаў найбольш важныя факты, «што думалі, чаго жадалі мы тады, // За што змагаліся, як баранілі веру». У гэтым выпадку можна правесці паралелі паміж аўтарам і яго лірычным героем. Максім Багдановіч быў у нейкай ступені летапісцам сваёй эпохі і свайго краю: карпатліва фіксаваў гісторыю, імкнучыся захаваць для будучага не толькі падзеі, але і тыя пачуцці, якія перажываў сам і якія ахоплівалі яго сучаснікаў. Менавіта праз гэтыя нябачныя ніці чалавек мусіць адчуваць еднасць пакаленняў, сваю сувязь з мінулым. 

Асноўны ў вершы матыў гістарычнай памяці, які выразна выявіўся ў жаданнях лірычнага героя («Хай зведаюць усё патомкі праз паперу!») і яго перакананнях («І людзі зведаюць аб прадзедах сваіх, // Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх...»). Максім Багдановіч сцвярджаў, што любыя змены ў будучым, адраджэнне немагчымы без ведання мінулага: «Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!» 

Александрыйскі верш
верш з радкамі, папарна аб’яднанымі мужчынскімі і жаночымі рыфмамі, напісаны шасцістопным ямбам з цэзурай (паўзай) пасля трэцяй стапы. Назву такі верш атрымаў ад папулярнага ў ХІІ стагоддзі «Рамана пра Аляксандра Македонскага».

«Летапісец» напісаны александрыйскім вершам з мэтай стылізацыі пад старажытны дакумент і стварэння ў чытача эфекту прысутнасці. Атмасфера Сярэдневякоўя перадаецца і праз эпіграф з верша Янкі Купалы «З мінуўшых дзён».

Навукоўцы гавораць. Даследчыца Вольга Шынкарэнка слушна заўважала: «Значнасць для нашчадкаў працы летапісца падкрэсліваецца шырокім эпічным гучаннем, шматлікімі адухаўленнямі, градацыямі, анафарамі, пададзенымі ў форме паралелізмаў, разгорнутых параўнанняў і інш.».

Верш «Мяжы»

Узорам грамадзянскай і філасофскай лірыкі Максіма Багдановіча з’яўляецца верш «Мяжы» (1914). Здаецца, што гэта апісанне меж, якія зрабілі адных жабракамі, а іншых — багатымі; меж, якія прымусілі чалавека баяцца і бясконца працаваць на іншых. Тут

сапраўды створана бязрадасная карціна сацыяльнай няроўнасці, якая распаўсюдзілася на «ўвесь абшар зямлі», і вайны («Шнуры штыкоў па ўсёй зямлі // Гараць, як дзікае хаценне»). Верш быў напісаны ў год пачатку Першай сусветнай вайны, і, безумоўна, гэта падзея адбілася на светаадчуванні паэта, які цяжка перажываў за беларусаў, што аднымі з першых адчулі на сабе жахі вайны. 

Разам з тым, як слушна заўважае Алесь Макарэвіч, у гэтым вершы «Максім Багдановіч звяртае ўвагу на філасофскі аспект праблемы “жыццё чалавека і межы ў душы гэтага чалавека, у яго існаванні”. Паэт вызначае, што “вольныя прасторы святой зямлі” чалавек раздзяліў межамі дзеля таго, каб самому схавацца ў гэтых межах, ірвах, тынах; ён баіцца прастору, яму хочацца схавацца ў нары, але там ён становіцца “зласлівым, бессардэчным, хцівым, такім здрадлівым”».

У фінале верша «Мяжы» выразна адчуваецца зварот да ўнутранага свету асобы:

Так многа ёсць паўсюль багацтва і красы,
А людзі нішчацца у голадзе, у зморы       
Ад беднаты, ад цемнаты,                           
Бо скрозь — мяжы, бо скрозь — платы. 

У творы вобраз мяжы таксама ўвасабляе разбуральнае імкненне чалавека адмежавацца ад праблем, нежаданне іх вырашаць. Межам супрацьпастаўлена вольная прыродная стыхія:

Нязмерны вольныя прасторы             
Святой зямлі, — а чалавек                   
Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век,
Хаваўся ў іх, як ліс у норы,                   
І жыў пужлівы сам — адзін,                 
Дрыжачы, як лісцё асін...                      

Тут можна правесці паралелі з вершам Максіма Багдановіча «Народ, Беларускі Народ!..», дзе паэт заклікае чытача зразумець, адчуць сэрцам прыніжэнне і цемнату народа, які «не пушчалі з ярма», чыю душу «абакралі, — // У ёй нават мовы няма», таму абрабаваны беларус зрабіўся «сляпы, быццам крот».

Сама форма верша «Мяжы» (няроўныя абрывістыя радкі, неўпарадкаваная рыфмоўка) знешне нагадвае рваныя межы «абшару зямлі» і перадае ўнутраную дысгармонію лірычнага героя. Чытач мусіць увесь час як бы пераадольваць перашкоды, праз нешта пераступаць.

Максім Багдановіч паказваў вынікі ўнутранага і знешняга бязладдзя, неўладкаванасці і дэгуманізацыі свету, але пры гэтым быў упэўнены, што няма і не будзе альтэрнатывы жыццю.

Верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...»

Верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» — узор позняй лірыкі Максіма Багдановіча, напісаны ў 1915 годзе пад уражаннем ад навін з палёў Першай сусветнай вайны. Твор уяўляе сабой лірычную  мініяцюру, у якой выявіўся талент паэта спалучаць жыццёвае з высокім, уменне бачыць чалавека як зямную і касмічную істоту. Беларускі літаратуразнавец Уладзімір Гніламедаў адзначаў: «Гэта своеасаблівы эталон Багдановічавай чалавечнасці, адбітак яго погляду на свет. Верш красамоўна сведчыць пра душэўную шырыню аўтара, яго адкрытасць, здольнасць на эмацыянальны водгалас, на суперажыванне».

Па форме «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» — верш — маналог лірычнага героя, які разгортваецца як своеасаблівая філасофская канцэпцыя:

Хто мы такія?                                                     
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі                                              
Сваркі і звадкі, боль і горыч,                            
Калі ўсе мы разам ляцім                                  
Да зор?                                                               

У гэтым фінальным пытанні адначасова падкрэсліваецца, што ў палёце да зор — перад вечнасцю — чалавек мусіць пазбавіцца ад зла, зберагчы сябе і іншых ад болю і горычы.

 Сузор’е Геркулес можна назіраць над Беларуссю ў ліпені. 


Гэты свабодны верш (верлібр) амаль пазбаўлены слоўных упрыгожванняў. Знешняя фармальная прастата твора падкрэслівае глыбіню думкі пра сэнс чалавечага існавання. У чарнавых запісах Максіма Багдановіча захаваўся аўтограф з працягам, але, хутчэй за ўсё, аўтар сам адкінуў лішняе, каб сканцэнтраваць увагу чытача на галоўным. 

Максім Багдановіч пражыў кароткае, але поўнае незвычайных адкрыццяў жыццё. Яго творчасць трывала ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры. Кранальныя творы Максіма Багдановіча дагэтуль з цікавасцю чытаюць не толькі ў Беларусі. Ён даўно ўжо выйшаў за межы нацыянальнай літаратуры і ператварыўся ў зорку сусветнай велічыні.

Творчасць мастака слова стала крыніцай натхнення такіх кампазітараў, як Мікалай Аладаў, Анатоль Багатыроў, Уладзімір Мулявін, Ігар Палівода, Аляксей Туранкоў, Эдзі Тырманд. Увасобілі вобраз Максіма Багдановіча скульптары Леў Гумілеўскі і Валяр’ян Янушкевіч, мастакі Iван Рэй, Валянцін Волкаў, Янка Раманоўскі, Монас Манасзон.

Літаратурныя сувязі. Верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» паводле філасофскай заглыбленасці і разважлівасці набліжаны да яго ж твора «Жывеш не вечна, чалавек», вершаў Алеся Гаруна «Ідуць гады», Анатоля Вярцінскага «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць...», Максіма Танка «Шчасце». 

Плённа працягваюцца традыцыі паэта ў асваенні новых жанравых форм. Напрыклад, у сучаснай літаратуры майстрам верлібра прызнаны Максім Танк («Ты яшчэ толькі намёк на чалавека...»), у гэтым жанры напісаны таксама творы Пімена Панчанкі, Анатоля Вярцінскага, Янкі Сіпакова, Алеся Разанава.

Пытанні

1. Назавіце эмоцыі, адчуванні, якія пакінулі вершы Максіма Багдановіча.
У якой ступені гэтыя перажыванні звязаны з тэкстам, а ў якой — з вашым жыццёвым вопытам?
Ці можна сказаць, што паэзія абуджае пачуцці?
2. Якія тэмы закранаў у паэзіі Максім Багдановіч?
Як вы думаеце, чаму менавіта іх?
3. Што азначае паняцце «паэзія “чыстае красы”»?
Якія ў яе мэты — сацыяльныя або эстэтычныя?
4. Раскажыце пра погляды Максіма Багдановіча на прызначэнне паэта ў грамадстве.
5. Ці падобныя паміж сабой лірычныя героі з вершаў паэта?
Адказ падмацуйце прыкладамі.
6. У чым, на ваш погляд, праяўляецца агульначалавечае і нацыянальнае ў творчасці Максіма Багдановіча?
7. У іншай рэдакцыі верша «Летапісец» паэт вядзе аповед не ад першай асобы.
Паразважайце, чаму аўтар змяніў асобу лірычнага героя на «я».
8. Верш «Мяжы» ўпершыню быў надрукаваны ў 1915 годзе ў газеце «Наша ніва».
Даследчыкі творчасці Максіма Багдановіча сцвярджаюць, што апошнія 8 радкоў твора былі зняты царскай цэнзурай. Дагэтуль тэкстолагам не ўдалося аднавіць гэты ўрывак.
Як вы думаеце, пра што напісаў паэт?
9. Прыдумайце праект папулярызацыі творчасці Максіма Багдановіча сярод падлеткаў Беларусі.
Якія творы паэта вы выбераце? Чаму?
Спецыялістаў з якіх галін вы запросіце ў сваю каманду?
Якіх спонсараў, інфармацыйных партнёраў падключыце?
Якія анлайн-і афлайн пляцоўкі задзейнічаеце?
У якой форме прапануеце аўдыторыі азнаёміцца са спадчынай вялікага паэта (электронныя гульні, квесты, рэклама, турыстычныя маршруты, аўкцыёны ведаў, інфармацыйныя базы, элементы дапоўненай рэальнасці)?
Па якіх крытэрыях будзеце ацэньваць паспяховасць сваёй працы?
10. Пазнаёмцеся з алгарытмам аналізу паэтычнага твора і прыкладам аналізу верша «Летапісец», змешчанымі пасля тэмы «Максім Багдановіч».
Выканайце паводле ўзору аналіз верша «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...».
11. Разгледзьце скульптуру Марка Антакольскага.
Карыстаючыся інтэрнэт-рэсурсамі, удакладніце, які летапісец увасоблены мастаком.
Што вы ведаеце пра гэтага славянскага хранолага?
12. Вывучыце на памяць верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...».