П’еса «Раскіданае гняздо»
* Жанравыя і кампазіцыйныя асаблівасці
Трагедыя — п’еса, заснаваная на непрымірымым канфлікце паміж моцнай высакароднай асобай і абставінамі, якія не даюць ёй магчымасці рэалізавацца. Гэты канфлікт мае глыбокі філасофскі змест, актуальны характар у палітычных, сацыяльных або духоўных адносінах. |
____________ Драма — п’еса з вострым канфліктам сацыяльнага або побытавага характару, які развіваецца ў пастаянным напружанні, адрозніваецца ад трагедыі тым, што ў драме героі маральна перамагаюць абставіны. |
П’еса «Раскіданае гняздо » была напісана ў 1913 годзе, але надрукавана толькі ў 1919-м. Адным з першых на твор адгукнуўся Змітрок Бядуля і паставіў пытанне пра жанравую прыналежнасць.
У крытычным артыкуле ён адзначаў: «Што тычыцца “Раскіданага гнязда” Янкі Купалы, дык мы тое самае скажам, што гэта скарэй усяго паэма, чымся драма. Лірыка і сімволіка гэтага, бясспрэчна, мастацкага твора вытрымана болей гарманічна, як ва ўсіх другіх творах нашага паэта.
Чытаючы “Раскіданае гняздо”, атрымліваеш такое ўражанне, як бы пад акампанемент чуластрунных гусляў сівы дзед-баечнік у стылі Баяна пяе дзіўную песню і чаруе грамаду людзей...»
Пазней даследчыкі называлі гэты твор сацыяльна-бытавой драмай, трагедыяй, паэмай-драмай. У кожнага з навукоўцаў было абгрунтаванне для жанравага вызначэння твора.
З успамінаў. «Не задавальняючыся тымі ведамі, якія давалі яму (Купалу. — Аўт.) курсы Чарняева, ён цэлымі днямі праседжваў у бібліятэках, а вечарамі, не раз прапускаючы заняткі на курсах, хадзіў у тэатры. Купала заканчваў пісаць “Паўлінку” і, рэч вядомая, мусіў вывучаць драматычнае мастацтва» (Актрыса, пісьменніца Паўліна Мядзёлка. «Сцежкамі жыцця»). |
Калі ўважліва прааналізаваць «Раскіданае гняздо», можна заўважыць, што ў творы ўдала спалучаюцца два віды канфліктаў: канфлікт сацыяльнага характару, як у драме, і канфлікт паміж асобай і абставінамі, як у трагедыі. У цэнтры п’есы — драма адной сям’і, пазбаўленай зямлі. Знешні разлад праецыруецца на ўнутрысямейныя адносіны: кожны з Зяблікаў робіць свой выбар.
Адначасова мы заўважаем, што ў алегарычнай форме Янка Купала паказаў розныя шляхі аднаўлення роднага гнязда — Бацькаўшчыны, а ў фінале з’яўляецца Незнаёмы, які кліча на Вялікі сход. Фактычна канфлікт твора выходзіць за межы бытавога і набывае агульначалавечае гучанне. Менавіта гэты талент адначасовай перадачы дзеяння адразу ў двух планах — знешнім, відавочным і сімвалічным, філасофскім — адрознівае добрага драматурга ад геніяльнага мастака.
П’еса вызначаецца лірызмам. Пятро Васючэнка ў свой час прапаноўваў аналізаваць драматургічныя творы Янкі Купалы ў неадрыўнай узаемасувязі з яго лірыкай, успрымаючы іх як адзін тэкст. Такі падыход дае магчымасць адказаць на шматлікія пытанні пра сэнсавае напаўненне вобразаў і ідэйны ўзровень твора.
З успамінаў. «А калі (Купала. — Аўт.) чытаў, …дык мне здавалася, бачу нейкі арэол вакол яго галавы. Сам аўтар вырастаў у нашым уяўленні ў волата-прарока, які сваім палымяным словам, звонам гусляў зваў за сабой. Змоўкне Купала, а ніхто не варушыцца і голасу не падае. Хто сядзіць, твар схаваўшы ў далоні, хто сумна ў няясную даль глядзіць, у каго рашучасцю гараць вочы» (Паўліна Мядзёлка. «Сцежкамі жыцця»). |
Такім чынам, «Раскіданае гняздо» — гэта лірычная драма, якая мае адзнакі трагедыі.
Жанравыя асаблівасці тлумачаць і спецыфіку кампазіцыі. Адным з першых, хто заўважыў гэта, быў вучоны і метадыст Іван Замоцін, які сцвярджаў, што ў «Раскіданым гняздзе» няма традыцыйнага драматычнага развіцця: «...у п’есе няма яскрава выражанай завязкі, кульмінацыйнага ўздыму дзеяння і яго развязкі », «няма выразнай драматургічнай кампазіцыі », але ёсць «шэраг сцэн, звязаных адной тэмай».
Класічныя элементы кампазіцыі знаходзім у межах разгляду сюжэтных ліній, звязаных з пэўнымі героямі, або ў межах асобных актаў і з’яў п’есы — у сувязі з дамінаваннем таго або іншага героя (напрыклад, Лявон — галоўная дзейная асоба ў першым акце, а Зоська — у другім і г. д.).
Тым не менш «Раскіданае гняздо» вызначаецца кампазіцыйнай зладжанасцю, якую падкрэсліваюць сюжэтныя паўторы, што ўзмацняюць уражанне чытачоў і гледачоў ад трагічных падзей у п’есе. Так, у VІ з’яве (акт першы) Зоська апісала свой сон — своеасаблівае прадбачанне таго, з чым сутыкнецца сям’я далей. Зяблікі прыходзяць «у нейкую харошую краіну», сустракаюць правадніка святога Пятра і святога Спаса, а потым трапляюць у рай за свае пакуты: «Годзе вам на зямлі пакутаваць, прыйшла ўжо пара са мной вам разам панаваць! Святы Пётра, — тут паказаў ён на гэнага, што нас вёў, — будзе над вамі апеку мець на векі вечныя...»
Пазней гэта сітуацыя паўтарылася ў новым варыянце: на рэштках хаты з’явіўся Незнаёмы і клікаў таксама ісці наперад, да лепшай долі. Падобнае відавочна і ў абставінах, калі Лявон імкнуўся знайсці справядлівасць у судзе, але не знайшоў, як пазней і яго старэйшы сын. Сымон зразумеў, што трэба шукаць новую Бацькаўшчыну. Спрабавала прайсці незайздросны лёс бацькі Зоська, але яе ўратавалі людзі. Паўтарылі пуцявіны і Старац з Незнаёмым, якія паклікалі за сабой Зяблікаў.
Адзначаная кампазіцыйная гарманічнасць абумоўлена таксама скразным вобразам-сімвалам дарогі як гістарычнага шляху беларусаў, на якім паўтараюцца пэўныя сюжэты, сустракаюцца падобныя героі, на новым узроўні вырашаюцца драматургічныя канфлікты.
Літаратурныя сувязі. «Знешні, сацыяльны канфлікт паміж сялянскай сям’ёй і панам, які традыцыйна лічыўся ключавым у драме Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”, невыпадкова вынесены аўтарам па-за межы сцэнічнага дзеяння. Наступства гэтага канфлікту (разбурэнне хаты) з’яўляецца штуршком для развіцця асноўнага, унутранага канфлікту. <...> Драма ідэй, якую перажываюць героі “Раскіданага гнязда”, набліжае іх да дзейных асоб п’ес пра сучаснасць Генрыка Ібсена1, а поліфанічны спосаб арганізацыі сістэмы персанажаў лучыць твор беларускага аўтара з драматургіяй Антона Чэхава. Жаданне і немагчымасць вярнуць Сусвету страчаны сэнс праз увасабленне свайго ідэалу будучыні прыводзіць герояў Янкі Купалы да глыбокага разладу з сабой і светам, да адчування татальнай адзіноты, страху быцця, таго настрою, якім поўняцца п’есы Станіслава Пшыбышэўскага2» (Марына Казлоўская). |
__________________________
1 Генрык Ібсен (1828—1906) — сусветна вядомы нарвежскі драматург, заснавальнік «новай драмы».
2 Станіслаў Пшыбышэўскі (1868—1927) — польскі пісьменнік.