П’еса «Раскіданае гняздо»
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | П’еса «Раскіданае гняздо» |
Printed by: | Guest user |
Date: | Wednesday, 4 December 2024, 6:24 AM |
Уводзіны
«Раскіданае гняздо» — адзін з твораў беларускай літаратуры, які заключае ў сабе ідэю нашаніўскага адраджэння. Ад самага свайго выхаду ў свет і да нашага часу гэта п’еса прыцягвае ўвагу даследчыкаў, чытачоў і гледачоў.
У чым жа загадка «Раскіданага гнязда»?
Твор мае сімвалічную назву і рэалістычны сюжэт. Максім Гарэцкі ў кнізе «Гісторыя беларускае літаратуры» адзначаў: «Змест для драмы аўтар узяў з рэальнага жыцця, але кожны вобраз і кожную гутарку зрабіў сімвалічнымі ». Раскіданае гняздо — гэта сімвал раскіданай Бацькаўшчыны, народнага раз’яднання.
Да часу напісання п’есы Янка Купала ўжо звяртаўся да сімвалізму ў іншых творах (напрыклад, драматычная паэма «Сон на кургане»).
Пафас і змест п’есы. Асноўныя сюжэтныя лініі
Найбольш верагодна, што ў аснове сюжэта ляжыць сямейная трагедыя роду Луцэвічаў: продкі Янкі Купалы таксама страцілі сваю зямлю.
Адзін з заснавальнікаў беларускай філалогіі Яўхім Карскі адзначаў, што сюжэт «Раскіданага гнязда» «пераносіць нас у дарэвалюцыйны перыяд, калі дастаткова выразна выявіліся прычыны, якія выклікалі знакамітую ўспышку 1905 года і знайшлі падтрымку з часам галоўным чынам у нізах, з боку рабочага класа і сялянства: гэта — незадаволенасць зямельнымі адносінамі, беспрацоўем нізоў і парушэннем агульначалавечых адносін паміж асобамі рознага полу і грамадзянскага стану».
Навукоўцы гавораць. «Драма Янкі Купалы “Раскіданае гняздо” мае некалькі ўзроўняў прачытання: аўтабіяграфічны, які адсылае чытача да гісторыі роду Луцэвічаў; нацыянальны, які распавядае гісторыю пошукаў беларусамі страчанай Бацькаўшчыны; універсальны, які дазваляе бачыць у лёсе сям’і Зяблікаў лёс чалавецтва, што згубіла свой шлях у незразумелым, хаатычным свеце» (Марына Казлоўская). |
Падзеі ў творы пачынаюцца ўлетку 1905 года ў хаце Зяблікаў, а заканчваюцца ўвосень таго ж года на рэштках гэтай хаты — «раскіданага гнязда». Паніч, які прыехаў аднекуль з-за мяжы, пачынае праз суд зганяць сялян з зямлі, якой яны мелі права карыстацца, плоцячы пану аброк («чынш»).
Пафас |
Сярод асноўных праблем драмы — праблема зямлі і свабоды, магчымасці чалавека заявіць пра сябе як асобу, канфлікт пакаленняў. Твор мае ярка выражаны гуманістычны і сацыяльны пафас, філасофскі падтэкст.
Янка Купала паказаў сваіх герояў як вартых павагі людзей, «хоць і мужыкоў». Яны вызначаюцца сваёй высакароднасцю (Лявон), моцнымі пачуццямі (Марыля і яе дачка Зоська), выключнымі здольнасцямі да мастацтва (Данілка), уменнем пераконваць іншых (Старац і Незнаёмы). Усіх іх аб’ядноўвае настойлівасць і ўпартасць у дасягненні пастаўленай мэты. Паніч, разбэшчаны малады чалавек, які зняславіў Зоську, наадварот, не выглядае высакародным і супрацьпастаўляецца сялянам.
Сюжэтныя лініі «Раскіданага гнязда» звязаны з пошукамі ўласнай дарогі ў жыцці і рэпрэзентуюцца рознымі персанажамі. Лявон прадстаўляе самы тупіковы шлях: самагубства. Яно не вырашае праблему, а нараджае новыя. Старац прапануе выхад, які прымаецца абсалютнай большасцю Зяблікаў, — вандраваць па свеце. Незнаёмы кліча на Вялікі сход, шукаць сваю долю. Гэтай дарогай ідуць толькі Сымон і Зоська.
Які з гэтых трох шляхоў быў найбольш блізкім для самога драматурга?
Адказ на гэта пытанне трэба шукаць у лірыцы. Янка Купала ў перыяд 1913—1918 гадоў пісаў вершы, у якіх узнік вобраз сходу («Калі пачнуць», «На сход», «У дарозе », «Час!» і інш.).
* Жанравыя і кампазіцыйныя асаблівасці
Трагедыя — п’еса, заснаваная на непрымірымым канфлікце паміж моцнай высакароднай асобай і абставінамі, якія не даюць ёй магчымасці рэалізавацца. Гэты канфлікт мае глыбокі філасофскі змест, актуальны характар у палітычных, сацыяльных або духоўных адносінах. |
____________ Драма — п’еса з вострым канфліктам сацыяльнага або побытавага характару, які развіваецца ў пастаянным напружанні, адрозніваецца ад трагедыі тым, што ў драме героі маральна перамагаюць абставіны. |
П’еса «Раскіданае гняздо » была напісана ў 1913 годзе, але надрукавана толькі ў 1919-м. Адным з першых на твор адгукнуўся Змітрок Бядуля і паставіў пытанне пра жанравую прыналежнасць.
У крытычным артыкуле ён адзначаў: «Што тычыцца “Раскіданага гнязда” Янкі Купалы, дык мы тое самае скажам, што гэта скарэй усяго паэма, чымся драма. Лірыка і сімволіка гэтага, бясспрэчна, мастацкага твора вытрымана болей гарманічна, як ва ўсіх другіх творах нашага паэта.
Чытаючы “Раскіданае гняздо”, атрымліваеш такое ўражанне, як бы пад акампанемент чуластрунных гусляў сівы дзед-баечнік у стылі Баяна пяе дзіўную песню і чаруе грамаду людзей...»
Пазней даследчыкі называлі гэты твор сацыяльна-бытавой драмай, трагедыяй, паэмай-драмай. У кожнага з навукоўцаў было абгрунтаванне для жанравага вызначэння твора.
З успамінаў. «Не задавальняючыся тымі ведамі, якія давалі яму (Купалу. — Аўт.) курсы Чарняева, ён цэлымі днямі праседжваў у бібліятэках, а вечарамі, не раз прапускаючы заняткі на курсах, хадзіў у тэатры. Купала заканчваў пісаць “Паўлінку” і, рэч вядомая, мусіў вывучаць драматычнае мастацтва» (Актрыса, пісьменніца Паўліна Мядзёлка. «Сцежкамі жыцця»). |
Калі ўважліва прааналізаваць «Раскіданае гняздо», можна заўважыць, што ў творы ўдала спалучаюцца два віды канфліктаў: канфлікт сацыяльнага характару, як у драме, і канфлікт паміж асобай і абставінамі, як у трагедыі. У цэнтры п’есы — драма адной сям’і, пазбаўленай зямлі. Знешні разлад праецыруецца на ўнутрысямейныя адносіны: кожны з Зяблікаў робіць свой выбар.
Адначасова мы заўважаем, што ў алегарычнай форме Янка Купала паказаў розныя шляхі аднаўлення роднага гнязда — Бацькаўшчыны, а ў фінале з’яўляецца Незнаёмы, які кліча на Вялікі сход. Фактычна канфлікт твора выходзіць за межы бытавога і набывае агульначалавечае гучанне. Менавіта гэты талент адначасовай перадачы дзеяння адразу ў двух планах — знешнім, відавочным і сімвалічным, філасофскім — адрознівае добрага драматурга ад геніяльнага мастака.
П’еса вызначаецца лірызмам. Пятро Васючэнка ў свой час прапаноўваў аналізаваць драматургічныя творы Янкі Купалы ў неадрыўнай узаемасувязі з яго лірыкай, успрымаючы іх як адзін тэкст. Такі падыход дае магчымасць адказаць на шматлікія пытанні пра сэнсавае напаўненне вобразаў і ідэйны ўзровень твора.
З успамінаў. «А калі (Купала. — Аўт.) чытаў, …дык мне здавалася, бачу нейкі арэол вакол яго галавы. Сам аўтар вырастаў у нашым уяўленні ў волата-прарока, які сваім палымяным словам, звонам гусляў зваў за сабой. Змоўкне Купала, а ніхто не варушыцца і голасу не падае. Хто сядзіць, твар схаваўшы ў далоні, хто сумна ў няясную даль глядзіць, у каго рашучасцю гараць вочы» (Паўліна Мядзёлка. «Сцежкамі жыцця»). |
Такім чынам, «Раскіданае гняздо» — гэта лірычная драма, якая мае адзнакі трагедыі.
Жанравыя асаблівасці тлумачаць і спецыфіку кампазіцыі. Адным з першых, хто заўважыў гэта, быў вучоны і метадыст Іван Замоцін, які сцвярджаў, што ў «Раскіданым гняздзе» няма традыцыйнага драматычнага развіцця: «...у п’есе няма яскрава выражанай завязкі, кульмінацыйнага ўздыму дзеяння і яго развязкі », «няма выразнай драматургічнай кампазіцыі », але ёсць «шэраг сцэн, звязаных адной тэмай».
Класічныя элементы кампазіцыі знаходзім у межах разгляду сюжэтных ліній, звязаных з пэўнымі героямі, або ў межах асобных актаў і з’яў п’есы — у сувязі з дамінаваннем таго або іншага героя (напрыклад, Лявон — галоўная дзейная асоба ў першым акце, а Зоська — у другім і г. д.).
Тым не менш «Раскіданае гняздо» вызначаецца кампазіцыйнай зладжанасцю, якую падкрэсліваюць сюжэтныя паўторы, што ўзмацняюць уражанне чытачоў і гледачоў ад трагічных падзей у п’есе. Так, у VІ з’яве (акт першы) Зоська апісала свой сон — своеасаблівае прадбачанне таго, з чым сутыкнецца сям’я далей. Зяблікі прыходзяць «у нейкую харошую краіну», сустракаюць правадніка святога Пятра і святога Спаса, а потым трапляюць у рай за свае пакуты: «Годзе вам на зямлі пакутаваць, прыйшла ўжо пара са мной вам разам панаваць! Святы Пётра, — тут паказаў ён на гэнага, што нас вёў, — будзе над вамі апеку мець на векі вечныя...»
Пазней гэта сітуацыя паўтарылася ў новым варыянце: на рэштках хаты з’явіўся Незнаёмы і клікаў таксама ісці наперад, да лепшай долі. Падобнае відавочна і ў абставінах, калі Лявон імкнуўся знайсці справядлівасць у судзе, але не знайшоў, як пазней і яго старэйшы сын. Сымон зразумеў, што трэба шукаць новую Бацькаўшчыну. Спрабавала прайсці незайздросны лёс бацькі Зоська, але яе ўратавалі людзі. Паўтарылі пуцявіны і Старац з Незнаёмым, якія паклікалі за сабой Зяблікаў.
Адзначаная кампазіцыйная гарманічнасць абумоўлена таксама скразным вобразам-сімвалам дарогі як гістарычнага шляху беларусаў, на якім паўтараюцца пэўныя сюжэты, сустракаюцца падобныя героі, на новым узроўні вырашаюцца драматургічныя канфлікты.
Літаратурныя сувязі. «Знешні, сацыяльны канфлікт паміж сялянскай сям’ёй і панам, які традыцыйна лічыўся ключавым у драме Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”, невыпадкова вынесены аўтарам па-за межы сцэнічнага дзеяння. Наступства гэтага канфлікту (разбурэнне хаты) з’яўляецца штуршком для развіцця асноўнага, унутранага канфлікту. <...> Драма ідэй, якую перажываюць героі “Раскіданага гнязда”, набліжае іх да дзейных асоб п’ес пра сучаснасць Генрыка Ібсена1, а поліфанічны спосаб арганізацыі сістэмы персанажаў лучыць твор беларускага аўтара з драматургіяй Антона Чэхава. Жаданне і немагчымасць вярнуць Сусвету страчаны сэнс праз увасабленне свайго ідэалу будучыні прыводзіць герояў Янкі Купалы да глыбокага разладу з сабой і светам, да адчування татальнай адзіноты, страху быцця, таго настрою, якім поўняцца п’есы Станіслава Пшыбышэўскага2» (Марына Казлоўская). |
__________________________
1 Генрык Ібсен (1828—1906) — сусветна вядомы нарвежскі драматург, заснавальнік «новай драмы».
2 Станіслаў Пшыбышэўскі (1868—1927) — польскі пісьменнік.
Вобразная сістэма
Вобразны свет драмы, па вызначэнні Яўхіма Карскага, уяўляе сабой не канкрэтных людзей, узятых з натуры, а «вынашаныя ў глыбіні душы паэтавай персанажы». Янка Купала прадстаўляе своеасаблівыя тыпы людзей — носьбітаў пэўных ідэй і ўстановак.
Адным з самых загадкавых з’яўляецца вобраз Старца. Даволі часта яго разглядалі як увасабленне прымірэння з бядой і на гэтай аснове праводзілі паралелі з вобразам Лукі ў п’есе Максіма Горкага «На дне». Але паміж гэтымі двума персанажамі назіраецца істотная розніца.
Першая фраза, якую мы чуем з вуснаў Старца, супярэчыць ідэі прымірэння: «Так, так, пані гаспадыня! Заўсёды бяда бяду вядзе, але ніколі не трэба здавацца. Ліха перамелецца, і ўсё добра будзе». І амаль у фінале: «Ох, вялікі свет, мой сынку! Куды я толькі ні хадзіў, нідзе канца яму не знайшоў, не бачыў і не чуў. <...> Цэлы свет — хата мая, усе людзі — радня мая, уся зямелька — поле маё роднае. <...> Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае!» Гэтыя словы сведчаць пра асаблівы тып светаўспрымання: задавальненне малым і ўхваленне пазітыўных змен. Старац выступае носьбітам народнай маралі, скіраванай на ўменне слухаць і спачуваць іншым.
Незнаёмы таксама заклікае да змен і паказвае мадэль пошукаў лепшай долі праз згуртаваную барацьбу: «Склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сёстры павінны на гэны сход з’явіцца. <...> Хто самаходзь не пойдзе, над тым пракляцце завісне, бо на сходзе жыццё мільёнаў будзе важыцца, а ў такіх вялікіх справах і адзін чалавек можа сабой сюды ці туды перацягнуць».
Гэты персанаж мае схематычны характар. У пэўнай ступені ён выконвае функцыянальную ролю вестуна. Разам з тым ён не проста паведамляе пра смока-ўпыра, сход, а падштурхоўвае, матывуе людзей на актыўныя дзеянні, падказвае Сымону новы выхад са становішча.
У сям’і Зяблікаў старэйшае пакаленне — Лявон і Марыля — разыходзіцца ў шляхах вырашэння праблем. Лявон упарта змагаецца за кавалак зямлі. Калі разумее бессэнсоўнасць сваіх высілкаў, накладвае на сябе рукі. Пры гэтым пакідае старэйшаму сыну наказ — «праўды шукаць не тапаром, а розумам».
Марыля займае пасіўную пазіцыю — чакае. Яна цяжка хварэе ў самым пачатку драмы і не можа падняцца з ложка, але, калі гіне Лявон, вымушана ўстаць. Даследчыца Ванда Бароўка адзначала: «Марыля цярплівая, міласэрная, пабожная, самаахвярная, прадбачлівая... належыць да тыпу людзей, якія звыкліся з выпрабаваннямі і стаічна іх пераносяць, якім наканаваны гераізм цярплівасці». Сымону Марыля раіць клапаціцца пра штодзённае існаванне, а не пра перамогу праўды: «Усё ж такі, як бы там сабе ні было, а нам трэба думаць, як далей жыць. Паняволі мусім сабе даваць якую раду. Гэтага, сынок, мала, што ты загадаў перацягнуць сюды ламаццё з поля. Грызці яго не будзем».
Сымон жа, які разам з Зоськай і Данілкам увасабляе маладое пакаленне, не можа прымірыцца з маці. Гэта бунтар, спачатку стыхійны, а потым ідэйны. На папрок маці, што можа нарабіць бяды, бо ідзе супраць закону, ён адказвае: «Не проці закону, а проці нашых згубіцеляў — крывапрысяжных сведак і проці тых, што гэтых сведак падкупілі іх жа крывавымі медзякамі. Вось такім проці хачу ісці!»
Сымон здольны на адчайныя ўчынкі: спачатку імкнецца выйграць судовую справу з панічом, потым хоча пабудаваць будку і там перазімаваць з сям’ёй, бо вясной можа ўсё перамяніцца. Але ўсе яго пачынанні марныя. Урэшце Сымон падпальвае двор паніча — і ідзе на Вялікі сход. Словы Незнаёмага пра гэты сход, пра чаканне яго дзеянняў з боку соцень, тысяч, мільёнаў людзей ляглі ва ўрадлівую глебу. Сымон гатовы не толькі кінуць сваё раскіданае гняздо, але і цягнуць «па Бацькаўшчыну» за сабой Зоську. І гэта яму ўдаецца.
Хоць Зоська і падпарадкоўваецца старэйшаму брату, але яна абсалютна іншая натура. Гэты вобраз пададзены ў псіхалагічным развіцці. Зоська — рамантычная асоба, здольная заўважаць прыгожае ў свеце і захапляцца ім. Спачатку мы бачым, што ў адносінах з панічом, роднымі яна праяўляе паганскае светабачанне, калі верыць, што душа чалавека, незалежна ад здзейсненага на зямлі, пераселіцца ў рай. Менавіта таму спрабуе паўтарыць учынак бацькі. На шчасце, да яе своечасова прыходзіць разуменне іншага.
Літаратуразнавец Алесь Макарэвіч адзначаў: «Кахаючы паніча, Зоська аказваецца паміж вогненнымі берагамі бурлівай ракі. Імкнучыся наблізіцца то да аднаго, то да другога з гэтых берагоў, яна заўважае, што іх полымя настолькі моцна яе абпальвае, што яна, каб усё ж узысці на гэтыя берагі, вымушана ўбрацца ў «вопратку»-абарону. <...> Зоська выкарыстоўвае самае прыдатнае, як ёй здаецца, адзенне: блюзнерства1, гульні перад роднымі. <...> Першапачаткова яна адчувае сябе ў ім калі не няўтульна, то не надта дыскамфортна. Але тут пачынаецца самае небяспечнае для Зоські: раздваенне асобы, якое падводзіць яе да двурушніцтва, усвядомленага і прыгожа аформленага ў кантэксце яе высокіх поглядаў на свет». Урэшце гэта вядзе да краху яе ўзвышаных надзей і памкненняў.
Бадай, самы неадназначны вобраз «Раскіданага гнязда» — чатырнаццацігадовы падлетак Данілка. Гэта тыповы для нашаніўскай літаратуры вобраз адоранага самародка, здольнага да мастацтва. Яго любімы занятак — змайстраваць скрыпку, каб сваёй музыкай уздзейнічаць на людзей. Данілка ў пэўнай ступені супрацьпастаўлены Сымону, бо не здольны вырашаць праблемы, не гатовы рызыкаваць, як старэйшы брат: «І што гэты Сымон думае з сваёй рызыкай? Ужо аж мяне пачынае злосць на яго разбіраць». Данілка — дваістая асоба. Ён хоча ісці разам з маці жабраваць, каб быць вольным, але адначасова гатовы пакланіцца пану, бо мае да яго «важны інтарэс».
Максім Гарэцкі, характарызуючы «Раскіданае гняздо», адзначаў: «...дзейныя асобы ў драме гавораць не простаю, звычайнаю моваю, а паэтычнаю, сімволіка-вобразнаю, часам нават музыкальна-размеранаю і заўсёды ахопленаю купалаўскім лірызмам. Усё гэта складае вялікія мастацкія вартасці твора, але разам з тым вымагае ад паэта такой жа высокай ідэйнай стараны, такой жа сілы ў паказанні і з’ясненні духовага (духоўнага. — Аўт.) замыслу драмы, бо йначай усё паэтычнае хараство будзе безгрунтоўным і малацэнным».
Слоўнік мовы Янкі Купалы складаецца з 8 тамоў і ўтрымлівае больш за 21 тысячу слоў. |
________________________
1 Блюзне´рства — богаадступніцтва, бязбожжа.
* Сцэнічнае ўвасабленне п’есы
Янка Купала лічыў драму «Раскіданае гняздо» сваім найлепшым творам.
Вядомы артыст Цімох Сяргейчык успамінаў, як праз больш за дваццаць гадоў пасля выхаду п’есы Купала прарочыў: «Ты, Цімашок, калі-небудзь успомніш мае словы. Я памру, а “Раскіданае гняздо” займе яшчэ на сцэне сваё пачэснае месца i загаворыць на поўны голас. Я ўклаў у гэтую п’есу лепшае, што было ў маёй паэзii i прозе». І тут драматург не памыліўся. Драма «Раскіданае гняздо» атрымала доўгае, хоць і пакручастае сцэнічнае жыццё.
Адразу пасля напісання твора аўтар зразумеў, што падаваць яго ў цэнзуру для друкавання і пастаноўкі — справа бесперспектыўная. Упершыню гэты твор быў пастаўлены Фларыянам Ждановічам у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі 10 ліпеня 1917 года.
Заснавальнік трупы і рэжысёр увасобіў на сцэне вобраз Сымона, Вера Тарасік — Марылі, Рамуальд Жакоўскі — Старца. Ролю Лявона ў першай пастаноўцы выканаў брат Фларыяна Ждановіча Антон (А. Крыніца), выкліканы з Арла.
У красавіку 1921 года спектакль быў перанесены на сцэну Беларускага дзяржаўнага тэатра. Асноўную ўвагу сканцэнтравалі на бытавым канфлікце. У гэты ж час п’есу паставілі некаторыя аматарскія калектывы, а таксама Дзвінскі беларускі народны тэатр (Латвія).
Новае сцэнічнае жыццё і новае прачытанне п’еса «Раскіданае гняздо» атрымала на сцэне Беларускага тэатра імя Якуба Коласа (сёння — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Віцебск) у 1951 годзе. Пастаноўка Аляксандра Скібнеўскага вызначалася наступнай ідэйнай скіраванасцю: шмат увагі надавалася мастацкім абагульненням, рэжысёр імкнуўся на прыкладзе сям’і Зяблікаў паказаць лёс усяго беларускага народа і ўзняць сацыяльныя пытанні. Твор уяўляў сабой гераічную драму змагання за лепшую долю. Некаторыя тэкставыя купюры зрабілі спектакль больш дынамічным. Цікавай сцэнічнай знаходкай было ўвядзенне ў сцэнічнае дзеянне песень на словы Янкі Купалы, імкненне даць псіхалагічнае абгрунтаванне дзеянням і ўчынкам герояў. Тым не менш гэта пастаноўка мела выразны адбітак тагачаснай ідэалогіі: Незнаёмы быў увасоблены ў вобразе піцерскага рабочага-бальшавіка, а ў фінале паказана масавая сцэна, калі народ выйшаў на барацьбу. Спектакль Скібнеўскага з поспехам прайшоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пасля адбылося шмат пастановак іншых калектываў: Мазырскага народнага тэатра (рэжысёр Міхаіл Колас), Бабруйскага вандроўнага беларускага драматычнага тэатра (рэжысёр Аркадзь Аркадзьеў) і інш.
У 1972 годзе вярнуўся да «Раскіданага гнязда» Беларускі тэатр імя Янкі Купалы (сёння — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Рэжысёр Барыс Луцэнка зрабіў пастаноўку больш манументальнай, увёў у тэкст верш Янкі Купалы, пантамімічныя сцэны, новых дзейных асоб — русалак. Людміла Грамыка адзначала: «Пастаўленая ў 1972 годзе драма “Раскіданае гняздо” традыцыйна лічылася бытавой і несцэнічнай. Але ж выведзеная рэжысёрам Б. Луцэнкам у паэтычную і філасофскую плоскасць, п’еса нечакана для многіх прагучала з магутным трагедыйным напалам. Спектакль уразіў глыбінёй думак і філасофскіх разваг, шэрагам выдатных акцёрскіх работ…» Без істотных змен гэты спектакль быў адноўлены ў 1982 годзе.
У тым самым 1982 годзе «Раскіданае гняздо» паставіла Ала Бабенка, рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага ўкраінскага драматычнага тэатра імя Марыі Занькавецкай у Львове, якая назвала гэту работу найбольш яркай сярод іншых уласных спектакляў.
У кастрычніку 1993 года пад назвай «Час, Сымоне, час…» адбылася прэм’ера спектакля паводле «Раскіданага гнязда» ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне. Рэжысёр Рыгор Баравік паспрабаваў надаць пастаноўцы дынамізм і экспрэсію. Крытыкі адзначалі, што гэта быў вельмі яркі спектакль і адно з найлепшых прачытанняў твора Янкі Купалы.
Адметную пастаноўку драмы Янкі Купалы ажыццявіў Дзяржаўны рускі драматычны акадэмічны тэатр імя М. Горкага ў 1997 годзе. Рэжысёр Барыс Луцэнка зрабіў народную музычную драму. Спектакль уяўляў сабой маштабнае дзеянне з песенна-пластычнымі нумарамі ў выкананні танцавальна-вакальнага гурта «Этнас».
У 2013 годзе за ўвасабленне «Раскіданага гнязда» ўзяўся рэжысёр Аляксандр Гарцуеў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Гэта работа паказала, што твор, напісаны 100 гадоў таму, не страчвае сваёй актуальнасці і зараз, а праблемы, узнятыя Янкам Купалам, хвалююць сучаснага гледача. У спектаклі цяжка вызначыць час дзеяння: героі апрануты не ў вясковае адзенне, але і не надта сучаснае, толькі паніч апрануты вельмі модна і нават мае смартфон.
Сцэна са спектакля «Раскіданае гняздо» (рэж. А. Гарцуеў). Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
Сам рэжысёр адзначаў, што паказаў не разбураную хату, а пошукі свайго месца ў жыцці чалавекам, чыя трагедыя мае глыбокі сацыяльны сэнс, дзе далёка не ўсё ляжыць на паверхні, многае пераведзена ў пласты асацыятыўных сувязей, вобразаў-сімвалаў. Спектакль мае трагічны фінал: Зоську і Сымона забівае Незнаёмы, якому заплаціў Паніч. Пасля стрэлаў гучыць купалаўскае «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі…» у выкананні Уладзіміра Мулявіна.
* Сцэнічнае ўвасабленне п’есы
Янка Купала лічыў драму «Раскіданае гняздо» сваім найлепшым творам.
Вядомы артыст Цімох Сяргейчык успамінаў, як праз больш за дваццаць гадоў пасля выхаду п’есы Купала прарочыў: «Ты, Цімашок, калі-небудзь успомніш мае словы. Я памру, а “Раскіданае гняздо” займе яшчэ на сцэне сваё пачэснае месца i загаворыць на поўны голас. Я ўклаў у гэтую п’есу лепшае, што было ў маёй паэзii i прозе». І тут драматург не памыліўся. Драма «Раскіданае гняздо» атрымала доўгае, хоць і пакручастае сцэнічнае жыццё.
Адразу пасля напісання твора аўтар зразумеў, што падаваць яго ў цэнзуру для друкавання і пастаноўкі — справа бесперспектыўная. Упершыню гэты твор быў пастаўлены Фларыянам Ждановічам у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі 10 ліпеня 1917 года.
Заснавальнік трупы і рэжысёр увасобіў на сцэне вобраз Сымона, Вера Тарасік — Марылі, Рамуальд Жакоўскі — Старца. Ролю Лявона ў першай пастаноўцы выканаў брат Фларыяна Ждановіча Антон (А. Крыніца), выкліканы з Арла.
У красавіку 1921 года спектакль быў перанесены на сцэну Беларускага дзяржаўнага тэатра. Асноўную ўвагу сканцэнтравалі на бытавым канфлікце. У гэты ж час п’есу паставілі некаторыя аматарскія калектывы, а таксама Дзвінскі беларускі народны тэатр (Латвія).
Новае сцэнічнае жыццё і новае прачытанне п’еса «Раскіданае гняздо» атрымала на сцэне Беларускага тэатра імя Якуба Коласа (сёння — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Віцебск) у 1951 годзе. Пастаноўка Аляксандра Скібнеўскага вызначалася наступнай ідэйнай скіраванасцю: шмат увагі надавалася мастацкім абагульненням, рэжысёр імкнуўся на прыкладзе сям’і Зяблікаў паказаць лёс усяго беларускага народа і ўзняць сацыяльныя пытанні.
Твор уяўляў сабой гераічную драму змагання за лепшую долю. Некаторыя тэкставыя купюры зрабілі спектакль больш дынамічным. Цікавай сцэнічнай знаходкай было ўвядзенне ў сцэнічнае дзеянне песень на словы Янкі Купалы, імкненне даць псіхалагічнае абгрунтаванне дзеянням і ўчынкам герояў. Тым не менш гэта пастаноўка мела выразны адбітак тагачаснай ідэалогіі: Незнаёмы быў увасоблены ў вобразе піцерскага рабочага-бальшавіка, а ў фінале паказана масавая сцэна, калі народ выйшаў на барацьбу. Спектакль Скібнеўскага з поспехам прайшоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пасля адбылося шмат пастановак іншых калектываў: Мазырскага народнага тэатра (рэжысёр Міхаіл Колас), Бабруйскага вандроўнага беларускага драматычнага тэатра (рэжысёр Аркадзь Аркадзьеў) і інш.
У 1972 годзе вярнуўся да «Раскіданага гнязда» Беларускі тэатр імя Янкі Купалы (сёння — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Рэжысёр Барыс Луцэнка зрабіў пастаноўку больш манументальнай, увёў у тэкст верш Янкі Купалы, пантамімічныя сцэны, новых дзейных асоб — русалак. Людміла Грамыка адзначала: «Пастаўленая ў 1972 годзе драма “Раскіданае гняздо” традыцыйна лічылася бытавой і несцэнічнай. Але ж выведзеная рэжысёрам Б. Луцэнкам у паэтычную і філасофскую плоскасць, п’еса нечакана для многіх прагучала з магутным трагедыйным напалам. Спектакль уразіў глыбінёй думак і філасофскіх разваг, шэрагам выдатных акцёрскіх работ…» Без істотных змен гэты спектакль быў адноўлены ў 1982 годзе.
У тым самым 1982 годзе «Раскіданае гняздо» паставіла Ала Бабенка, рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага ўкраінскага драматычнага тэатра імя Марыі Занькавецкай у Львове, якая назвала гэту работу найбольш яркай сярод іншых уласных спектакляў.
У кастрычніку 1993 года пад назвай «Час, Сымоне, час…» адбылася прэм’ера спектакля паводле «Раскіданага гнязда» ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне. Рэжысёр Рыгор Баравік паспрабаваў надаць пастаноўцы дынамізм і экспрэсію. Крытыкі адзначалі, што гэта быў вельмі яркі спектакль і адно з найлепшых прачытанняў твора Янкі Купалы.
Адметную пастаноўку драмы Янкі Купалы ажыццявіў Дзяржаўны рускі драматычны акадэмічны тэатр імя М. Горкага ў 1997 годзе. Рэжысёр Барыс Луцэнка зрабіў народную музычную драму. Спектакль уяўляў сабой маштабнае дзеянне з песенна-пластычнымі нумарамі ў выкананні танцавальна-вакальнага гурта «Этнас».
У 2013 годзе за ўвасабленне «Раскіданага гнязда» ўзяўся рэжысёр Аляксандр Гарцуеў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Гэта работа паказала, што твор, напісаны 100 гадоў таму, не страчвае сваёй актуальнасці і зараз, а праблемы, узнятыя Янкам Купалам, хвалююць сучаснага гледача. У спектаклі цяжка вызначыць час дзеяння: героі апрануты не ў вясковае адзенне, але і не надта сучаснае, толькі паніч апрануты вельмі модна і нават мае смартфон.
Сам рэжысёр адзначаў, што паказаў не разбураную хату, а пошукі свайго месца ў жыцці чалавекам, чыя трагедыя мае глыбокі сацыяльны сэнс, дзе далёка не ўсё ляжыць на паверхні, многае пераведзена ў пласты асацыятыўных сувязей, вобразаў-сімвалаў. Спектакль мае трагічны фінал: Зоську і Сымона забівае Незнаёмы, якому заплаціў Паніч. Пасля стрэлаў гучыць купалаўскае «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі…» у выкананні Уладзіміра Мулявіна.
Літаратурныя сувязі. Тэма пошукаў шчасця, праўды, лепшай долі ўвасоблена не толькі ў драматычных, але таксама ў вершаваных і празаічных творах. Францішак Багушэвіч тэму пошукаў праўды раскрыў у паэме «Кепска будзе!». Якуб Колас у паэме «Новая зямля» і Іван Мележ у рамане «Людзі на балоце» бачылі шлях да лепшай долі ў здабыцці зямлі і волі. Вельмі выразна матыў «раскіданага гнязда» паказаны ў рамане Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні». |
______________________
1 Блюзне´рства — богаадступніцтва, бязбожжа.
Пытанні
1. Чаму можна сцвярджаць, што п’еса «Раскіданае гняздо» мае выражаны сацыяльна-філасофскі і гуманістычны змест? | |
2. У чым асаблівасць сюжэта п’есы? Вызначце асноўныя сюжэтныя лініі. | |
3. Назавіце праблемы, што закранаюцца ў творы. Якія шляхі прапануе Янка Купала для іх вырашэння? Ці ёсць сярод іх найлепшы? Абгрунтуйце думку. |
|
4. Якія групы вобразаў можна вылучыць у п’есе? | |
5. Чым праўда Сымона адрозніваецца ад праўды Зоські? | |
6. Раскрыйце ролю вобраза Старца ў драме. | |
7. Дзеля чаго, на вашу думку, аўтарам быў уведзены вобраз Незнаёмага? | |
8. Што (каго) сімвалізуюць у драме: сям’я Зяблікаў; разбураная хата; крыж, які ставіць Сымон на магіле бацькі; кветкі ў руках і ў вянку Зоські; скрыпка, якую ладзіць Данілка; жабрачыя торбы, якія шые Марыля, носіць Старац? Абагульніце меркаванні і вызначце, што сімвалізуе назва твора. |
|
9. У чым заключаюцца жанравыя адметнасці «Раскіданага гнязда»? | |
10. Уважліва разгледзьце афішу спектакля паводле п’есы Янкі Купалы. Прыдумайце сваю афішу. Што на ёй павінна быць адлюстравана? Чаму? |
|
11. Звярніцеся да фотаздымка спектакля «Раскіданае гняздо». Як вы думаеце, што за сцэна на ім паказана? Наколькі акцёрам (Марыля — Вольга Клебановіч, Сымон — Аляксей Шадзько, Зоська — Аксана Лясная) удалося перадаць драматызм сітуацыі? |
|
12. Па магчымасці пазнаёмцеся з пастаноўкай (тэлепастаноўкай) спектакля паводле «Раскіданага гнязда». Паразважайце, чаму б вы параілі (або не параілі) свайму сябру пайсці на спектакль. |
|
13. Інсцэніруйце ўрывак з п’есы «Раскіданае гняздо», які вы лічыце адным з ключавых у творы. |