§ 1. Паняцце базы даных. Сістэма кіравання базамі даных (СКБД)

1.1. Базы даных. Поле. Запіс

Асновай сучасных інфармацыйных тэхналогій з’яўляюцца даныя. Практычна ўсе інфармацыйныя сістэмы ў той ці іншай ступені звязаны з функцыямі доўгачасовага захоўвання і апрацоўкі даных. Інфармацыя з’яўляецца фактарам, які вызначае эфектыўнасць любой сферы дзейнасці.

Даныя, прызначаныя для камп’ютарнай апрацоўкі, мэтазгодна структураваць, г. зн. арганізоўваць пэўным чынам. Менавіта структураванне дазваляе карыстальніку аптымізаваць работу з данымі (скараціць час пошуку, забяспечыць эфектыўнае захоўванне, выключыць памылкі пры апрацоўцы).

База даных (БД) — сукупнасць узаемазвязаных і арганізаваных пэўным чынам даных.

Базы даных можна класіфікаваць зыходзячы са спосабаў арганізацыі іх захоўвання і апрацоўкі:

1. Іерархічная. Такую базу даных можна адлюстраваць у выглядзе дрэва, якое складаецца з аб’ектаў розных узроўняў.

2. Сеткавая. З’яўляецца абагульненнем іерархічнай, г. зн. кожны элемент вышэйшага ўзроўню можа быць звязаны з любымі элементамі наступнага ўзроўню.

3. Рэляцыйная. Такая база даных арганізавана ў выглядзе табліц, паміж якімі ўстаноўлены сувязі.

(Разгледзьце прыклад 1.1.)

Разгледзім рэляцыйныя БД як найбольш распаўсюджаныя ў цяперашні час.

Табліцы рэляцыйных БД складаюцца з радкоў і слупкоў. У табліцах баз даных гэта запісы і палі.

Запіс — радок табліцы базы даных, які змяшчае даныя пра адзін аб’ект.

У табліцы з прыкладу 1.1 пяць запісаў, і кожны запіс змяшчае даныя пра пэўны кінасеанс.

Поле — слупок табліцы базы даных, у якім паказваюцца значэнні пэўнай уласцівасці аб’ектаў базы даных.

У табліцы з прыкладу 1.1 (п. 3) чатыры палі: «Кінатэатр», «Фільм», «Час», «Кошт».

Узаемадзеянне з базамі даных ляжыць у аснове функцыянавання шмат якіх рэсурсаў у Інтэрнэце.

Электронны школьны журнал працуе з базай даных, якая змяшчае інфармацыю пра педагагічны калектыў установы адукацыі, пра навучэнцаў, класы, вучэбныя прадметы, адзнакі і г. д.

Доступ да базы даных неабходны пры аплаце тавараў у супермаркеце, калі касір счытвае штрых-код з пакупак, а таксама пры пошуку тавараў у інтэрнэт-магазінах.

Пры наведванні Нацыянальнай бібліятэкі звычайна даводзіцца звяртацца да базы даных, якая змяшчае звесткі пра ўсе кнігі, што маюцца ў гэтай бібліятэцы, пра яе чытачоў, заяўкі на бранірванне кніг і г. д.

У спорце трэнеры выкарыстоўваюць базы даных, каб распрацоўваць стратэгію гульні, праграмы харчавання і трэніровак спартсменаў ці планаваць віды ўзаемадзеяння з балельшчыкамі.

Прыклад 1.1. Мадэлі баз даных.

1. Іерархічная.

2. Сеткавая.

3. Табліца рэляцыйнай БД.

Эдгар Франк Кодд (23 жніўня 1923 г. — 18 красавіка 2003 г.) — брытанскі вучоны, працы якога заклалі асновы тэорыі рэляцыйных баз даных. Працуючы ў кампаніі IBM, ён устанавіў правілы, якія вызначаюць базу даных як рэляцыйную.