Печатать книгуПечатать книгу

§ 1. Паняцце базы даных. Сістэма кіравання базамі даных (СКБД)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Інфармацыйныя тэхналогіі. 10 клас (Базавы ўзровень)
Книга: § 1. Паняцце базы даных. Сістэма кіравання базамі даных (СКБД)
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 09:44

1.1. Базы даных. Поле. Запіс

Асновай сучасных інфармацыйных тэхналогій з’яўляюцца даныя. Практычна ўсе інфармацыйныя сістэмы ў той ці іншай ступені звязаны з функцыямі доўгачасовага захоўвання і апрацоўкі даных. Інфармацыя з’яўляецца фактарам, які вызначае эфектыўнасць любой сферы дзейнасці.

Даныя, прызначаныя для камп’ютарнай апрацоўкі, мэтазгодна структураваць, г. зн. арганізоўваць пэўным чынам. Менавіта структураванне дазваляе карыстальніку аптымізаваць работу з данымі (скараціць час пошуку, забяспечыць эфектыўнае захоўванне, выключыць памылкі пры апрацоўцы).

База даных (БД) — сукупнасць узаемазвязаных і арганізаваных пэўным чынам даных.

Базы даных можна класіфікаваць зыходзячы са спосабаў арганізацыі іх захоўвання і апрацоўкі:

1. Іерархічная. Такую базу даных можна адлюстраваць у выглядзе дрэва, якое складаецца з аб’ектаў розных узроўняў.

2. Сеткавая. З’яўляецца абагульненнем іерархічнай, г. зн. кожны элемент вышэйшага ўзроўню можа быць звязаны з любымі элементамі наступнага ўзроўню.

3. Рэляцыйная. Такая база даных арганізавана ў выглядзе табліц, паміж якімі ўстаноўлены сувязі.

(Разгледзьце прыклад 1.1.)

Разгледзім рэляцыйныя БД як найбольш распаўсюджаныя ў цяперашні час.

Табліцы рэляцыйных БД складаюцца з радкоў і слупкоў. У табліцах баз даных гэта запісы і палі.

Запіс — радок табліцы базы даных, які змяшчае даныя пра адзін аб’ект.

У табліцы з прыкладу 1.1 пяць запісаў, і кожны запіс змяшчае даныя пра пэўны кінасеанс.

Поле — слупок табліцы базы даных, у якім паказваюцца значэнні пэўнай уласцівасці аб’ектаў базы даных.

У табліцы з прыкладу 1.1 (п. 3) чатыры палі: «Кінатэатр», «Фільм», «Час», «Кошт».

Узаемадзеянне з базамі даных ляжыць у аснове функцыянавання шмат якіх рэсурсаў у Інтэрнэце.

Электронны школьны журнал працуе з базай даных, якая змяшчае інфармацыю пра педагагічны калектыў установы адукацыі, пра навучэнцаў, класы, вучэбныя прадметы, адзнакі і г. д.

Доступ да базы даных неабходны пры аплаце тавараў у супермаркеце, калі касір счытвае штрых-код з пакупак, а таксама пры пошуку тавараў у інтэрнэт-магазінах.

Пры наведванні Нацыянальнай бібліятэкі звычайна даводзіцца звяртацца да базы даных, якая змяшчае звесткі пра ўсе кнігі, што маюцца ў гэтай бібліятэцы, пра яе чытачоў, заяўкі на бранірванне кніг і г. д.

У спорце трэнеры выкарыстоўваюць базы даных, каб распрацоўваць стратэгію гульні, праграмы харчавання і трэніровак спартсменаў ці планаваць віды ўзаемадзеяння з балельшчыкамі.

Прыклад 1.1. Мадэлі баз даных.

1. Іерархічная.

2. Сеткавая.

3. Табліца рэляцыйнай БД.

Эдгар Франк Кодд (23 жніўня 1923 г. — 18 красавіка 2003 г.) — брытанскі вучоны, працы якога заклалі асновы тэорыі рэляцыйных баз даных. Працуючы ў кампаніі IBM, ён устанавіў правілы, якія вызначаюць базу даных як рэляцыйную.

1.2. Прызначэнне сістэмы кіравання базамі даных

Сістэма кіравання базамі даных (СКБД) — праграмны комплекс, прызначаны для стварэння, рэдагавання і сумеснага выкарыстання баз даных.

Паводле ступені лакалізацыі праграмных кампанентаў СКБД падзяляюць на:

1. Лакальныя — усе праграмы змяшчаюцца на адным камп’ютары.

2. Размеркаваныя — частка праграм змяшчаецца на серверы, іншая частка — на кліенцкіх камп’ютарах.

(Разгледзьце прыклад 1.2.)

Размеркаваныя СКБД дазваляюць вялікай колькасці карыстальнікаў працаваць з адной базай даных адначасова.

Асноўныя дзеянні, якія карыстальнік можа выканаць з дапамогай СКБД:

    • стварэнне структуры БД;
    • запаўненне БД інфармацыяй;
    • рэдагаванне структуры і зместу БД;
    • пошук інфармацыі ў БД;
    • сартаванне даных.

Работу з рэляцыйнымі базамі даных разгледзім у СКБД Access (прыклад 1.3). 

З карыстальніцкім інтэрфейсам СКБД Access можна пазнаёміцца ў Дадатку да главы 1(гл. Дадатак да главы 1).

Для стварэння новай базы даных у Access трэба выканаць наступныя дзеянні:

1. На стартавай старонцы выбраць Пустая база данных… (гл. Дадатак да главы 1).

2. У акне, якое адкрыецца, у полі Имя файла ўвесці імя файла, выбраць значок папкі, каб вызначыць месца захоўвання файла базы даных.

3. Стварыць і захаваць базу даных, націснуўшы на кнопку Создать.

(Разгледзьце прыклад 1.4.)

Файлы баз даных, створаных у Access, маюць расшырэнне .accdb. Адзін файл базы даных можа змяшчаць не толькі некалькі аб’ектаў Таблица, але і розную колькасць аб’ектаў Форма, Запрос і Отчет. Спіс аб’ектаў базы даных адлюстроўваецца ў Области навигации (прыклад 1.5).

Адкрыць аб’екты базы даных можна рознымі спосабамі:

1. Выканаць двайную пстрычку па аб’екце ў Области навигации.

2. Выбраць рэжым адкрыцця з кантэкставага меню аб’екта.

Для закрыцця аб’екта/аб’ектаў базы даных трэба выбраць адпаведную каманду кантэкставага меню ўкладкі адкрытага аб’екта  (прыклад 1.6).

Прыклад 1.2. Рэляцыйныя СКБД.

1. Лакальныя.

2. Размеркаваныя.

У базах даных часта захоўваецца вельмі важная інфармацыя, напрыклад фінансавая. Таму пры рабоце з базамі даных важна забяспечыць цэласнасць даных, г. зн. ахаваць іх ад страт у выпадку адмовы абсталявання (напрыклад, пры адключэнні сілкавання).

Цэласнасць даных у СКБД забяспечваецца за кошт механізму транзакцый.

Транзакцыя — група аперацый, неабходных для здзяйснення скончанага лагічнага дзеяння. Транзакцыя павінна быць выканана цалкам ці не выканана наогул.

Прыклад 1.3. Лагатыпы СКБД Access розных версій.

Прыклад 1.4. Стварэнне базы даных у Access.

Прыклад 1.5. Вобласць навігацыі базы даных у Access.

Прыклад 1.6. Кантэкставае меню ўкладкі адкрытай табліцы базы даных.

Пытанні да параграфу

1. Што такое база даных?

2. Як класіфікуюцца базы даных?

3. Якая база даных называецца рэляцыйнай?

4. Што называюць запісам і полем у табліцы базы даных?

5. Што такое СКБД? Якія функцыі яны выконваюць?

6. Як стварыць новую базу даных?

7. Якое расшырэнне маюць файлы баз даных, створаных у Access?

8. Якія аб’екты з’яўляюцца складальнікамі баз даных?

Практыкаванні

  

1. Запусціце СКБД Access. Выканайце пералічаныя дзеянні.

  1. У папцы, названай настаўнікам, стварыце новую базу даных.
  2. Разгледзьце інтерфейс акна базы даных.
  3. Што знаходзіцца ў вобласці навігацыі? У рабочай вобласці?
  4. З дапамогай кнопкі , размешчанай у правым верхнім вугле вобласці навігацыі, згарніце і разгарніце вобласць навігацыі.

2. Адкрыйце БД «Навучэнцы». Выканайце пералічаныя дзеянні.

  1. Вызначыце, колькі аб’ектаў змяшчае база даных.
  2. Вызначыце, якія аб’екты змяшчае база даных.
  3. Адкрыйце табліцы базы даных. Колькі палёў у кожнай табліцы? Закрыйце ўсе табліцы.
  4. Змяніце адлюстраванне аб’ектаў у вобласці навігацыі так, каб былі бачныя толькі табліцы. Выкарыстайце для гэтага кнопкі , размешчаныя ў правай частцы вобласці навігацыі. Павінна атрымацца: