§ 1-8. Арфаграфічныя нормы: напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе. Правапіс галосных О, Э, А

Практыкаванне № 9

Прачытайце тэкст. Дапоўніце прыведзеныя ў ім прыклады напісанняў, заснаваных на фанетычным прынцыпе.

На фанетычным прынцыпе арфаграфіі грунтуюцца наступныя правілы:

  • перадача акання і якання: голас галасы, вечар вячэрні;
  • напісанне літары ы на месцы этымалагічнага [э] ў некаторых запазычаных словах: інжынер, брызент;
  • напісанне спалучэнняў галосных у запазычаных словах: рацыён, бібліятэка;
  • правапіс галосных у складаных і складанаскарочаных словах: чарнаморскі, лёгкаатлет;
  • правапіс прыстаўных галосных і зычных: імгла, вугал;
  • правапіс у і ў: прачытаў у энцыклапедыі, ластаўка;
  • перадача на пісьме дзекання і цекання: каманда — камандзір, білет — білецік;
  • перадача на пісьме фанетычнага падаўжэння зычных: узвышша, падарожжа;
  • напісанне адной літары ў іншамоўных словах: алея, тона, маса;
  • правапіс спалучэнняў зн, нц, рц, рн, сн, сл на месцы этымалагічных [здн], [лнц], [рдц], [рдн], [стн], [стл]: праязны, сонца, сэрца, міласэрны, капусны, падаслаць;
  • напісанне літары т на месцы спалучэння [дт] на канцы іншамоўных слоў: Шміт, Рэмбрант;
  • правапіс прыставак, якія заканчваюцца на з, с: узгадаць — успомніць;
  • правапіс і, ы, й пасля прыставак: выйгрыш, заінець, дэзынфармацыя;
  • напісанне літары с на месцы гістарычных спалучэнняў [жс], [шс], [гс], [хс] і спалучэння [сс] на стыку кораня і суфікса: мноства, хараство, княства, птаства, палескі;
  • напісанне літары ц на месцы спалучэнняў [тс], [чс], [кс], [цс]: брацкі, ткацкі, мастацкі, лельчыцкі;
  • напісанне спалучэння чч у геаграфічных назвах на месцы спалучэння [цк]: Полаччына, Случчына;
  • захаванне на пісьме асіміляцыі свісцячых да шыпячых у некаторых словах: пяшчотны, нішчымны, шчасце.

Сфармулюйце правілы, якім падпарадкоўваецца напісанне 4-5 слоў, прыведзеных у тэксце ў якасці прыкладаў (на выбар).