Печатать книгуПечатать книгу

§ 1-8. Арфаграфічныя нормы: напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе. Правапіс галосных О, Э, А

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 1-8. Арфаграфічныя нормы: напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе. Правапіс галосных О, Э, А
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 16:07

Правіла

Арфаграфічная норма - тэта агульнапрынятае напісанне слоў і іх частак, замацаванае слоўнікамі і рэгламентаванае арфаграфічным правілам.
Напрыклад, напісанне літары й у слове прыйсці з’яўляецца арфаграфічнай нормай (яна фіксуецца арфаграфічнымі слоўнікамі), а фраза «Пасля прыставак, якія заканчваюцца на галосны, каранёвы гук [і] чаргуецца з [й] і перадаецца на пісьме літарай й» - арфаграфічным правілам.

Практыкаванне № 8

Прачытайце тэкст. Які загаловак, акрамя прапанаванага, можна яму даць?

Крывалессе

На заха(д/дз)е Польшчы ёсць сасновы бор, дзе расце чатырыстам дзіўна выгнутых дрэў. Усе гэтыя незвычайныя сосны павернуты на по(л/ў)нач і маюць скрыўленыя ўнізе ств(а/о)лы. Такое ўража(н/нн)е, што дрэвы вырашылі прысесці на пянёк.

Падобны ўчастак лесу знаходзіцца ў (Р/р)азанскай вобласці (Расія). Цікава, што выгнуліся і перапл(е/я)ліся ў гэтым месцы толькі хваёвыя дрэвы, а ліставыя выгл(е/я)даюць звычайна.

Назву «Лес, які танцуе» атрымаў участак сасновага лесу на ў(з/с)бярэжжы Бал(ці/ты)йскага мора (Калінінгра(ц/дс)кая вобласць, Расія). Там хваёвыя дрэвы выгл(е/я)даюць, быццам бы іх загінаў і закручваў волат.

Навукоўцы да гэтага часу н(е/я) могуць разгадаць зага(т/д)ку крывога лесу (Паводле С. Дзявяткавай).

Якія з літар (спалучэнняў літар), прыведзеных у дужках, адпавядаюць арфаграфічным нормам? Сфармулюйце правілы, якім падпарадкоўваецца іх правапіс.
 
Сцісла пісьмова перакажыце тэкст, перадаўшы яго змест з дапамогай трох-чатырох сказаў.

Практыкаванне № 9

Прачытайце тэкст. Дапоўніце прыведзеныя ў ім прыклады напісанняў, заснаваных на фанетычным прынцыпе.

На фанетычным прынцыпе арфаграфіі грунтуюцца наступныя правілы:

  • перадача акання і якання: голас галасы, вечар вячэрні;
  • напісанне літары ы на месцы этымалагічнага [э] ў некаторых запазычаных словах: інжынер, брызент;
  • напісанне спалучэнняў галосных у запазычаных словах: рацыён, бібліятэка;
  • правапіс галосных у складаных і складанаскарочаных словах: чарнаморскі, лёгкаатлет;
  • правапіс прыстаўных галосных і зычных: імгла, вугал;
  • правапіс у і ў: прачытаў у энцыклапедыі, ластаўка;
  • перадача на пісьме дзекання і цекання: каманда — камандзір, білет — білецік;
  • перадача на пісьме фанетычнага падаўжэння зычных: узвышша, падарожжа;
  • напісанне адной літары ў іншамоўных словах: алея, тона, маса;
  • правапіс спалучэнняў зн, нц, рц, рн, сн, сл на месцы этымалагічных [здн], [лнц], [рдц], [рдн], [стн], [стл]: праязны, сонца, сэрца, міласэрны, капусны, падаслаць;
  • напісанне літары т на месцы спалучэння [дт] на канцы іншамоўных слоў: Шміт, Рэмбрант;
  • правапіс прыставак, якія заканчваюцца на з, с: узгадаць — успомніць;
  • правапіс і, ы, й пасля прыставак: выйгрыш, заінець, дэзынфармацыя;
  • напісанне літары с на месцы гістарычных спалучэнняў [жс], [шс], [гс], [хс] і спалучэння [сс] на стыку кораня і суфікса: мноства, хараство, княства, птаства, палескі;
  • напісанне літары ц на месцы спалучэнняў [тс], [чс], [кс], [цс]: брацкі, ткацкі, мастацкі, лельчыцкі;
  • напісанне спалучэння чч у геаграфічных назвах на месцы спалучэння [цк]: Полаччына, Случчына;
  • захаванне на пісьме асіміляцыі свісцячых да шыпячых у некаторых словах: пяшчотны, нішчымны, шчасце.

Сфармулюйце правілы, якім падпарадкоўваецца напісанне 4-5 слоў, прыведзеных у тэксце ў якасці прыкладаў (на выбар).