§ 0-8. Прынцыпы беларускай арфаграфіі

Практыкаванне № 7

 Якія агульныя назоўнікі паходзяць ад ніжэйпрыведзеных уласных?

Макінтош (шатландскі хімік, вынаходца тканіны), Браўнінг (амерыканскі канструктар), Ампер (французскі фізік), Баржомі (горад у Грузіі), Бешамель (кухар пры двары Людовіка ХІV), Герц (нямецкі фізік), Наган (бельгійскія браты-збройнікі), Бастон (горад у ЗША).

Запішыце агульныя назоўнікі, размеркаваўшы іх на групы ў залежнасці ад значэння:

а) адзінкі вымярэння розных велічынь, названыя ў гонар іх адкрывальнікаў, вынаходцаў;

б) адзенне, галаўныя ўборы, тканіны, названыя ў гонар таго, хто іх прыдумаў, насіў, або паводле месца ўзнікнення, распаўсюджання;

в) кулінарныя стравы, названыя ў гонар стваральнікаў іх рэцэптаў або паводле месца пашырэння папулярнасці ці вырабу;

г) зброя, названая паводле прозвішча канструктара, вынаходніка.

Дапоўніце кожную групу слоў уласнымі прыкладамі. Падкрэсліце дыферэнцыйныя напісанні.