§ 0-8. Прынцыпы беларускай арфаграфіі

Практыкаванне № 2

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Назавіце моўныя сродкі, характэрныя для гэтага стылю.

Правапіс — сукупнасць агульнапрызнаных і агульнаабавязковых правіл, якія вызначаюць спосабы перадачы маўлення на пісьме. Правапіс уключае арфаграфію і пунктуацыю.

У лінгвістычнай літаратуры тэрмін арфаграфія мае тры асноўныя значэнні. Арфаграфія — 1) сістэма аднастайных напісанняў слоў, якая выкарыстоўваецца ў пісьмовым маўленні; 2) правілы аднастайнай перадачы пісьмовага маўлення; 3) раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца і распрацоўваецца сістэма арфаграфічных правіл.

Часам тэрміны арфаграфія і правапіс выкарыстоўваюцца як сінанімічныя.

У арфаграфіі вылучаецца некалькі адносна самастойных частак. Так, арфаграфія:

– вызначае правілы перадачы на пісьме гукавога складу асобнага слова ці значымых частак слова (кораня, прыстаўкі, суфікса, канчатка);

– устанаўлівае правілы ўжывання вялікай і малой літар;

– рэгламентуе правілы злітнага, паўзлітнага (праз дэфіс) і асобнага напісання слоў;

– упарадкоўвае правілы графічнага скарачэння і пераносу слоў (Паводле Д. Дзятко).

Якія значэнні мае тэрмін арфаграфія?
Ці з’яўляюцца сінанімічнымі тэрміны арфаграфія і правапіс?
У якую групу арфаграфічных правіл уваходзіць правіла правапісу прыстаўных і ўстаўных зычных; правіла правапісу складаных прыметнікаў?