* Тарас Шаўчэнка
Паэзія Тараса Шаўчэнкі
Паэзія ўкраінскага Кабзара даволі блізкая да беларускай па светаўспрыманні, ідэйным напаўненні, эстэтыцы. Таму натуральна, што творы Тараса Шаўчэнкі заўжды шмат перакладаліся беларусамі. Так, у 1863 годзе на польскую мову «Кабзар» пераклаў «вясковы лірнік» Уладзіслаў Сыракомля. На пачатку ХХ стагоддзя вершы паэта перакладаў Янка Купала, паэму «Каўказ» — Алесь Гарун. Таксама сярод перакладчыкаў славутага ўкраінскага аўтара — Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Аркадзь Куляшоў. Да 125-гадовага юбілею Тараса Шаўчэнкі выйшаў беларускамоўны зборнік «Кабзар».
Адным з удалых перакладаў Янкі Купалы з Шаўчэнкі стаў напеўны, гарманічны верш «Думка» (1838), у якім паўстае вобраз сіраты «без роду», якому «цяжка жыць». Па сутнасці, гэты твор — плач гаротніка і бедака, абяздоленага ад нараджэння. Герой верша — казáк, як і ў многіх народных песнях усходніх славян. Сацыяльны канфлікт у творы толькі прадчуваецца, а навідавоку фальклорны матыў наканаванасці, злога лёсу.
Ходзіць доля ў каго полем,
Каласкі збірае,
А мая дзесь, нягодніца,
За морам блукае.
Бяздольнасць — гэта не толькі сацыяльная прыніжанасць, але і адсутнасць перспектывы якога-небудзь развіцця. Лірычны герой Шаўчэнкі ўсведамляе, што ён чужы, незаўважны ў свеце заможных: яго нават пры сустрэчы «людзі вокам абмінаюць».
Багатага, губатага
Дзяўчына шануе;
З мяне, сіраты гаротнай,
Смяецца, жартуе.
Толькі і застаецца казаку, што шукаць лепшай долі ў чужым краі. Тут таксама адчуваецца моцны ўплыў народнай творчасці. Ва ўкраінскім фальклоры шмат сюжэтаў, звязаных з вымушаным падарожжам на чужыну, смерцю ўдалечыні ад бацькоўскіх загонаў.
У вершы «Садок вішнёвы каля хаты» (1847) ствараецца ідэальны малюнак Радзімы: украінскай вёскі з працавітым і добразычлівым людам. З хатай, перапоўненай дзецьмі, вішнёвым садочкам каля парога, салаўінымі спевамі і галасамі дзяўчат. Відавочна, такі настальгічны ўспамін пра вёску быў спосабам псіхалагічнай самарэабілітацыі паэта, які ў гэтым годзе быў аддадзены ў войска.
Лёгкасці, празрыстасці верша, у нечым падобнага на шаўчэнкаўскі малюнак «Сялянскі падворак», паэт дасягнуў праз выкарыстанне пяцірадковіка з рыфмай АББААБ, дзе А — жаночыя рыфмы, а Б — мужчынскія:
Садок вішнёвы каля хаты,
Хрушчы над вішнямі гудуць,
Ратаі з ворыва ідуць,
У вёску спеў нясуць дзяўчаты —
І рады маткі іх пачуць.
Пераклад Н. Гілевіча.
Літаратурныя сувязі. Лічыцца, што творы Францішка Багушэвіча маглі ўзнікнуць у выніку знаёмства паэта з творчасцю Тараса Шаўчэнкі. Па сведчаннях саміх пісьменнікаў, Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля і іншыя ўпершыню пазнаёміліся з творчасцю Шаўчэнкі праз украінскае выданне зборніка «Кабзар». Як прыгадваў знакаміты фалькларыст Рыгор Шырма, «у Заходняй Беларусі пачатку ХХ стагоддзя амаль кожны народны настаўнік меў у сябе на кніжнай палічцы “Кабзара” Тараса Шаўчэнкі на мове арыгінала» (Паводле Вячаслава Рагойшы, Таццяны Кабржыцкай). |