* Тарас Шаўчэнка
1. З якімі літаратурамі свету суседнічае наша літаратура? |
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | * Тарас Шаўчэнка |
Printed by: | Guest user |
Date: | Friday, 11 October 2024, 9:45 AM |
Біяграфія
Да нашага часу мастацкіх работ Тараса Шаўчэнкі захавалася больш, чым паэтычных тэкстаў (1200 мастацкіх супраць 240 паэтычных). Знакаміты мастак пакінуў мастацкія творы ў разнастайнай тэхніцы — графіцы, акварэлі і алеі, нават у скульптуры, а за поспехі ў гравюры яму было прысвоена званне акадэміка. |
Тарас Шаўчэнка — знакаміты ўкраінскі паэт, мастак, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў новай украінскай літаратуры — нарадзіўся 9 сакавіка 1814 года ў сяле Морынцы каля Звенігарада ў Расійскай імперыі (цяпер Украіна) у сям’і прыгонных, аднак дзякуючы свайму таленту здолеў дасягнуць неверагодных вышынь у мастацтве і літаратуры.
Пэўны час ён жыў у Вільні, вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. У 1840 годзе паэт выдаў зборнік «Кабзар1», які стаў сапраўднай візітнай карткай Украіны. За ўдзел у тайным таварыстве ў 1847 годзе быў аддадзены на дзесяць гадоў у салдаты.
Напрыканцы жыцця Тарас Шаўчэнка напісаў і ў 1861 годзе ў Пецярбургу выдаў за ўласны кошт «Букварь южнорусский» — падручнік для дарослых украінцаў, якія хацелі б навучыцца чытаць і пісаць на роднай мове. У тым самым годзе паэта не стала. Памяць пра ўкраінскага Кабзара ўшаноўваецца ва ўсім славянскім свеце. Так, у Мінску таксама ўстаноўлены помнік Тарасу Шаўчэнку.
Паэтычныя творы Тараса Шаўчэнкі напісаны на жывой народнай мове, пераклікаюцца з фальклорнымі матывамі, прасякнуты любоўю да роднага краю, часта заснаваны на фактах з гісторыі. Паэт спалучаў рамантызм як мастацкі метад з моцнымі рэалістычнымі тэндэнцыямі, дзякуючы чаму стварыў яскравы вобраз сацыяльна і нацыянальна прыгнечанага ўкраінскага народа.
Рамантызм як мастацкі напрамак праявіўся ў творах і Шаўчэнкі-мастака, і Шаўчэнкі-паэта. |
Імя Тараса Шаўчэнкі цесна звязана з Беларуссю. Ён пазнаёміўся з беларускім пісьменнікам Янам Баршчэўскім (калі той быў у Пецярбургу) і зацікавіўся адраджэннем нашай нацыянальнай літаратуры. Асабліва цікавілі Кабзара народныя песні. Звязваюць Тараса Шаўчэнку з Беларуссю і часы яго навучання ў Віленскім універсітэце. Украінскі юнак вучыўся ў славутага педагога, мастака Яна Рустэма.
«Шаўчэнка тым дарагі для нас, беларусаў, што… выказаў тыя самыя думкі, якімі мы жывём цяпер. Не адзін з нас прабудзіўся, чытаючы Кабзара. Шаўчэнка нам указвае, як ісці» (Крытык Альгерд Бульба. «Наша Ніва» (1911)). |
Творчасць Тараса Шаўчэнкі шырока адбілася ў беларускай музыцы, у прыватнасці, у спадчыне кампазітара Анатоля Багатырова, які напісаў музыку на словы Тараса Шаўчэнкі «Сонца заходзіць», цыкл рамансаў для голасу з фартэпіяна «Пастаўлю хату», «І шырокую даліну», «Агні гараць», «Ад сяла да сяла» (з паэмы «Гайдамакі»), «Садок вішнёвы каля хаты».
Уклад у развіццё літаратуры 1. Творчасць Тараса Шаўчэнкі мела вырашальнае значэнне ў станаўленні і развіцці новай украінскай літаратуры, узвышэнні яе да ўзроўню вядучых літаратур свету і, адпаведна, выяўленні ў ёй агульначалавечых каштоўнасцей. 2. У паэзіі Шаўчэнка звяртаўся да тэм, праблем і ідэй (сацыяльных, палітычных, філасофскіх, гістарычных, мастацкіх), якія дагэтуль не былі ўзняты ва ўкраінскай літаратуры або былі распрацаваны фрагментарна. 3. Узбагачаючы ўкраінскую літаратуру новымі жыццёвымі тэмамі і ідэямі, Шаўчэнка таксама стаў наватарам у пошуку новых мастацкіх форм і сродкаў. 4. Аўтар «Кабзара» засведчыў сваёй творчасцю новае мастацкае мысленне. Творчасць пісьменніка мела вырашальнае значэнне ў развіцці перадавой нацыянальнай грамадскай думкі, сацыяльнай і нацыянальнай свядомасці народа. |
____________________________
1 Кабзáр — украінскі народны спявак, які акампануе сабе на музычным інструменце (кобзе, бандуры, ліры). У беларускай літаратуры яго можна параўнаць з лірнікам, песняром, у рускай — з баянам, у кельцкай — з бардам.
Пытанні
1. З лёсам якога беларускага паэта можна параўнаць лёс Тараса Шаўчэнкі? Чаму ўкраінскага творцу называлі Кабзаром? |
|
2. Як паэт звязаны з Беларуссю? | |
3. Калі выйшаў першы зборнік вершаў Тараса Шаўчэнкі? Якія беларускія пісьменнікі працавалі ў літаратуры ў гэты час? |
|
4. З дня наражэння паэта мінула больш за 200 гадоў. Як вы думаеце, чаму яго імя дагэтуль з’яўляецца культурнай візітнай карткай Украіны? |
Паэзія Тараса Шаўчэнкі
Паэзія ўкраінскага Кабзара даволі блізкая да беларускай па светаўспрыманні, ідэйным напаўненні, эстэтыцы. Таму натуральна, што творы Тараса Шаўчэнкі заўжды шмат перакладаліся беларусамі. Так, у 1863 годзе на польскую мову «Кабзар» пераклаў «вясковы лірнік» Уладзіслаў Сыракомля. На пачатку ХХ стагоддзя вершы паэта перакладаў Янка Купала, паэму «Каўказ» — Алесь Гарун. Таксама сярод перакладчыкаў славутага ўкраінскага аўтара — Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Аркадзь Куляшоў. Да 125-гадовага юбілею Тараса Шаўчэнкі выйшаў беларускамоўны зборнік «Кабзар».
Адным з удалых перакладаў Янкі Купалы з Шаўчэнкі стаў напеўны, гарманічны верш «Думка» (1838), у якім паўстае вобраз сіраты «без роду», якому «цяжка жыць». Па сутнасці, гэты твор — плач гаротніка і бедака, абяздоленага ад нараджэння. Герой верша — казáк, як і ў многіх народных песнях усходніх славян. Сацыяльны канфлікт у творы толькі прадчуваецца, а навідавоку фальклорны матыў наканаванасці, злога лёсу.
Ходзіць доля ў каго полем,
Каласкі збірае,
А мая дзесь, нягодніца,
За морам блукае.
Бяздольнасць — гэта не толькі сацыяльная прыніжанасць, але і адсутнасць перспектывы якога-небудзь развіцця. Лірычны герой Шаўчэнкі ўсведамляе, што ён чужы, незаўважны ў свеце заможных: яго нават пры сустрэчы «людзі вокам абмінаюць».
Багатага, губатага
Дзяўчына шануе;
З мяне, сіраты гаротнай,
Смяецца, жартуе.
Толькі і застаецца казаку, што шукаць лепшай долі ў чужым краі. Тут таксама адчуваецца моцны ўплыў народнай творчасці. Ва ўкраінскім фальклоры шмат сюжэтаў, звязаных з вымушаным падарожжам на чужыну, смерцю ўдалечыні ад бацькоўскіх загонаў.
У вершы «Садок вішнёвы каля хаты» (1847) ствараецца ідэальны малюнак Радзімы: украінскай вёскі з працавітым і добразычлівым людам. З хатай, перапоўненай дзецьмі, вішнёвым садочкам каля парога, салаўінымі спевамі і галасамі дзяўчат. Відавочна, такі настальгічны ўспамін пра вёску быў спосабам псіхалагічнай самарэабілітацыі паэта, які ў гэтым годзе быў аддадзены ў войска.
Лёгкасці, празрыстасці верша, у нечым падобнага на шаўчэнкаўскі малюнак «Сялянскі падворак», паэт дасягнуў праз выкарыстанне пяцірадковіка з рыфмай АББААБ, дзе А — жаночыя рыфмы, а Б — мужчынскія:
Садок вішнёвы каля хаты,
Хрушчы над вішнямі гудуць,
Ратаі з ворыва ідуць,
У вёску спеў нясуць дзяўчаты —
І рады маткі іх пачуць.
Пераклад Н. Гілевіча.
Літаратурныя сувязі. Лічыцца, што творы Францішка Багушэвіча маглі ўзнікнуць у выніку знаёмства паэта з творчасцю Тараса Шаўчэнкі. Па сведчаннях саміх пісьменнікаў, Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля і іншыя ўпершыню пазнаёміліся з творчасцю Шаўчэнкі праз украінскае выданне зборніка «Кабзар». Як прыгадваў знакаміты фалькларыст Рыгор Шырма, «у Заходняй Беларусі пачатку ХХ стагоддзя амаль кожны народны настаўнік меў у сябе на кніжнай палічцы “Кабзара” Тараса Шаўчэнкі на мове арыгінала» (Паводле Вячаслава Рагойшы, Таццяны Кабржыцкай). |
Пытанні
1. Што аб’ядноўвае вершы ўкраінскага паэта з беларускімі творамі таго ж перыяду? | |
2. Які з вывучаных вершаў бліжэйшы да народнай песні? У чым заключаецца рытмічнае і зместавае падабенства да яе? Чаму, на вашу думку, для паэзіі першай паловы ХІХ стагоддзя ўласціва блізкасць да фальклору? |
|
3. Параўнайце першыя радкі строф у вершы «Садок вішнёвы каля хаты». Выкажыце меркаванне, чаму яны маюць такую будову. Якую функцыю ў творы выконваюць паўторы слоў? |
|
4. Разгледзьце малюнак Тараса Шаўчэнкі «Сялянскі падворак». Якія дэталі вы дадалі б або змянілі, каб атрымалася ілюстрацыя да верша «Садок вішнёвы каля хаты»? |