* Тарас Шаўчэнка

Біяграфія

Да нашага часу мастацкіх работ Тараса Шаўчэнкі захавалася больш, чым паэтычных тэкстаў (1200 мастацкіх супраць 240 паэтычных).

Знакаміты мастак пакінуў мастацкія творы ў разнастайнай тэхніцы — графіцы, акварэлі і алеі, нават у скульптуры, а за поспехі ў гравюры яму было прысвоена званне акадэміка.

Тарас Шаўчэнка — знакаміты ўкраінскі паэт, мастак, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў новай украінскай літаратуры — нарадзіўся 9 сакавіка 1814 года ў сяле Морынцы каля Звенігарада ў Расійскай імперыі (цяпер Украіна) у сям’і прыгонных, аднак дзякуючы свайму таленту здолеў дасягнуць неверагодных вышынь у мастацтве і літаратуры.

Пэўны час ён жыў у Вільні, вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. У 1840 годзе паэт выдаў зборнік «Кабзар1», які стаў сапраўднай візітнай карткай Украіны. За ўдзел у тайным таварыстве ў 1847 годзе быў аддадзены на дзесяць гадоў у салдаты.

Напрыканцы жыцця Тарас Шаўчэнка напісаў і ў 1861 годзе ў Пецярбургу выдаў за ўласны кошт «Букварь южнорусский» — падручнік для дарослых украінцаў, якія хацелі б навучыцца чытаць і пісаць на роднай мове. У тым самым годзе паэта не стала. Памяць пра ўкраінскага Кабзара ўшаноўваецца ва ўсім славянскім свеце. Так, у Мінску таксама ўстаноўлены помнік Тарасу Шаўчэнку.

Паэтычныя творы Тараса Шаўчэнкі напісаны на жывой народнай мове, пераклікаюцца з фальклорнымі матывамі, прасякнуты любоўю да роднага краю, часта заснаваны на фактах з гісторыі. Паэт спалучаў рамантызм як мастацкі метад з моцнымі рэалістычнымі тэндэнцыямі, дзякуючы чаму стварыў яскравы вобраз сацыяльна і нацыянальна прыгнечанага ўкраінскага народа.

Рамантызм як мастацкі напрамак праявіўся ў творах і Шаўчэнкі-мастака, і Шаўчэнкі-паэта.

Імя Тараса Шаўчэнкі цесна звязана з Беларуссю. Ён пазнаёміўся з беларускім пісьменнікам Янам Баршчэўскім (калі той быў у Пецярбургу) і зацікавіўся адраджэннем нашай нацыянальнай літаратуры. Асабліва цікавілі Кабзара народныя песні. Звязваюць Тараса Шаўчэнку з Беларуссю і часы яго навучання ў Віленскім універсітэце. Украінскі юнак вучыўся ў славутага педагога, мастака Яна Рустэма.

«Шаўчэнка тым дарагі для нас, беларусаў, што… выказаў тыя самыя думкі, якімі мы жывём цяпер. Не адзін з нас прабудзіўся, чытаючы Кабзара. Шаўчэнка нам указвае, як ісці» (Крытык Альгерд Бульба. «Наша Ніва» (1911)).

 

Творчасць Тараса Шаўчэнкі шырока адбілася ў беларускай музыцы, у прыватнасці, у спадчыне кампазітара Анатоля Багатырова, які напісаў музыку на словы Тараса Шаўчэнкі «Сонца заходзіць», цыкл рамансаў для голасу з фартэпіяна «Пастаўлю хату», «І шырокую даліну», «Агні гараць», «Ад сяла да сяла» (з паэмы «Гайдамакі»), «Садок вішнёвы каля хаты».

Уклад у развіццё літаратуры

1. Творчасць Тараса Шаўчэнкі мела вырашальнае значэнне ў станаўленні і развіцці новай украінскай літаратуры, узвышэнні яе да ўзроўню вядучых літаратур свету і, адпаведна, выяўленні ў ёй агульначалавечых каштоўнасцей.

2. У паэзіі Шаўчэнка звяртаўся да тэм, праблем і ідэй (сацыяльных, палітычных, філасофскіх, гістарычных, мастацкіх), якія дагэтуль не былі ўзняты ва ўкраінскай літаратуры або былі распрацаваны фрагментарна.

3. Узбагачаючы ўкраінскую літаратуру новымі жыццёвымі тэмамі і ідэямі, Шаўчэнка таксама стаў наватарам у пошуку новых мастацкіх форм і сродкаў.

4.  Аўтар «Кабзара» засведчыў сваёй творчасцю новае мастацкае мысленне. Творчасць пісьменніка мела вырашальнае значэнне ў развіцці перадавой нацыянальнай грамадскай думкі, сацыяльнай і нацыянальнай свядомасці народа.

____________________________

1 Кабзáр — украінскі народны спявак, які акампануе сабе на музычным інструменце (кобзе, бандуры, ліры). У беларускай літаратуры яго можна параўнаць з лірнікам, песняром, у рускай — з баянам, у кельцкай — з бардам.