§ 35. Электрычны ток у электралітах

Тэхнічнае прымяненне электролізу. Электроліз знайшоў розныя прымяненні ў прамысловасці. Разгледзім некаторыя з іх.

1. Нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў на металічныя вырабы (гальванастэгія).

Мал.
Мал. 202

Каб засцерагчы металы ад акіслення, а таксама надаць вырабам трываласць і палепшыць знешні выгляд, іх пакрываюць тонкім слоем высакародных металаў (золата, серабра) або малаакісляльнымі металамі (хромам, нікелем). Прадмет, які падлягае гальванічнаму пакрыццю, напрыклад лыжку (мал. 202), апускаюць у якасці катода ў электралітычную ванну. Электралітам з’яўляецца раствор солі металу, якім ажыццяўляецца пакрыццё. Анодам служыць пласціна з таго ж металу. Праз электралітычную ванну на працягу пэўнага прамежку часу прапускаюць электрычны ток, і лыжка пакрываецца слоем металу патрэбнай таўшчыні. Для больш раўнамернага пакрыцця лыжкі яе неабходна змясціць паміж дзвюма ці больш аноднымі пласцінамі. Пасля пакрыцця лыжку вымаюць з ванны, сушаць і паліруюць.

2. Выраб металічных копій з рэльефных мадэлей (гальванапластыка).

Для атрымання копій прадметаў (манет, медалёў, барэльефаў і інш.) робяць злепкі з якога-небудзь пластычнага матэрыялу (напрыклад, воску). Для надання злепку электраправоднасці яго пакрываюць графітавым пылам, апускаюць у электралітычную ванну ў якасці катода і атрымліваюць на ім слой металу патрэбнай таўшчыні. Затым шляхам награвання выдаляюць воск.

Працэс гальванапластыкі быў распрацаваны ў 1836 г. рускім акадэмікам Б. С. Якобі (1801–1874).

3. Атрыманне металаў з расплаўленых руд і іх ачыстка, электрахімічная апрацоўка металаў.

Мал.
Мал. 203

Працэс ачысткі металаў адбываецца ў электралітычнай ванне. Анодам служыць метал, які падлягае ачыстцы, катодам — тонкая пласціна з чыстага металу, а электралітам — раствор солі дадзенага металу. Напрыклад, пласціну з неачышчанай медзі змяшчаюць у якасці анода ў ванну з растворам меднага купарвасу, дзе катодам з’яўляецца ліст чыстай медзі (мал. 203). У забруджаных металах могуць утрымлівацца каштоўныя прымесі. Так, медзь часта змяшчае нікель і серабро. Пры прапусканні праз ванну электрычнага току медзь з анода пераходзіць у раствор, з раствору на катодзе выдзяляецца чыстая медзь, а прымесі выпадаюць у выглядзе асадку або пераходзяць у раствор.

img

Адсылка да электроннага дадатку для павышанага ўзроўню

img

1. Што называюць электралітам?

2. Якая прырода электрычнага току ў электралітах?

3. Які працэс называюць электролізам?

4. Прывядзіце прыклады прымянення электролізу.

Адсылка да электроннага дадатку для павышанага ўзроўню

5. Сфармулюйце закон электролізу. Які фізічны сэнс электрахімічнага эквівалента?

6. Праз электралітычную ванну, напоўненую растворам сульфату медзі(II) CuSO4, прапускаюць электрычны ток. Ці зменіцца маса медзі, якая выдзяляецца на катодзе за аднолькавыя прамежкі часу, калі павялічыць напружанне паміж электродамі? павялічыць тэмпературу раствору электраліту? павялічыць канцэнтрацыю раствору электраліту? Чаму?