§ 17. Узаемадзеянне пунктавых зарадаў. Закон Кулона
Электрычна зараджаныя целы (часціцы) узаемадзейнічаюць адно з адным. Але як вызначыць сілу, з якой адно зараджанае цела прыцягвае або адштурхвае другое?
Вы ўжо сустракаліся з фізічнымі мадэлямі пры вывучэнні механікі (матэрыяльны пункт) і малекулярнай фізікі (ідэальны газ). У электрастатыцы пры вывучэнні ўзаемадзеяння электрычна зараджаных цел эфектыўнай з’яўляецца мадэль «пунктавы зарад».
Пунктавы зарад — зарад такога зараджанага цела, памеры якога значна меншыя за адлегласць ад гэтага цела да пункта назірання і да іншых цел (гэта значыць памеры зараджанага цела ва ўмовах дадзенай задачы можна не прымаць пад увагу).
Успомніце, закон сусветнага прыцягнення таксама сфармуляваны для пунктавых цел (матэрыяльных пунктаў).