§ 7-1. Памылкі, выкліканыя парушэннем арфаэпічных і акцэнталагічных норм

Практыкаванне № 75-7

Прачытайце тэкст у адпаведнасці з арфаэпічнымі і акцэнталагічнымі нормамі. Якія імёны славутых беларусаў ушанаваны ЮНЕСКА — Камісіяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры?
 Наколькі сугучна вам думка У. Караткевіча пра ролю Беларусі ў Сусвеце: «Мы — у меру сiл сваiх — рассунулi Сусвет, спазналi частку агульнай iсцiны. Нiхто не пасмяецца са Скарыны i яго нашчадкаў, з iхняй думкi, што дала Польшчы — Мiцкевiча, Русi — Сiмяона Полацкага i Дастаеўскага, сабе — Багдановiча, Купалу, Коласа i iншых»?

Беларусь у Спісе памятных дат ЮНЕСКА

З 1956 года ЮНЕСКА прымае ўдзел у святкаванні гадавін і знамянальных дат у сферы навукі, культуры і асветы, якія адзначаюцца рознымі дзяржавамі, каб надаць гэтым датам міжнароднае значэнне.сн

Так, пры інфармацыйнай або арганізацыйнай дапамозе ЮНЕСКА адзначаліся юбілеі выдатных прадстаўнікоў Беларусі — асветнікаў і філосафаў (Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Міколы Гусоўскага), дзяржаўных дзеячаў (Іосіфа Гашкевіча, Міхала Агінскага), вучоных (Ігната Дамейкі, Івана Насовіча), пісьменнікаў (Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алаізы Пашкевіч, Кузьмы Чорнага), кампазітараў і музыкантаў (Станіслава Манюшкі, Міхала-Клеафаса Агінскага, Рыгора Шырмы), мастакоў (Напалеона Орды, Яна Дамеля, Івана Хруцкага).

У круг падзей, якія мелі міжнароднае значэнне, ЮНЕСКА ўключала: 2017 год — 500-годдзе беларускага кнігадрукавання; 2018 год — 300-годдзе з дня нараджэння Саламеі Русецкай і 200-годдзе з дня нараджэння Іосіфа Чаховіча; 2019 год — 200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі; 2020 год — 150-годдзе з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца. На 2021 год запланавана святкаванне стагоддзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (З газеты).

Саламея Русецкая

Станіслаў Манюшка

Фердынанд Рушчыц

 Дайце фанетыка-арфаэпічную характарыстыку выдзеленым словам.

 Падрыхтуйце рэферат пра аднаго са знакамітых дзеячаў беларускай культуры, згаданых у тэксце.  Для гэтага самастойна сфармулюйце тэму рэферата (напрыклад, «Гонар нацыі: знакаміты беларус»; «Ведай нашых: вядомы выхадзец з Беларусі»; «Знакавая асоба ў гісторыі Беларусі» і г. д.), прадумайце шляхі пошуку адпаведнай літаратуры. Якімі крыніцамі вы будзеце карыстацца?
Памятайце: мэта рэферата — падаць інфармацыю сістэмна, структураваць яе, прадэманстраваць веды па выбранай тэме. Рэферат павінен утрымліваць уводзіны, асноўную частку, заключэнне, спіс выкарыстанай літаратуры. Ва ўводзінах тлумачацца матывы выбару тэмы, раскрываецца яе актуальнасць, фармулююцца мэта і задачы працы. У асноўнай частцы лагічна і паслядоўна падаецца сістэматызаваны матэрыял па тэме рэферата, у адпаведнасці з мэтай і задачамі структуруюцца сэнсавыя часткі працы. У заключэнні падводзяцца вынікі, робяцца абагульненні, фармулююцца вывады.