§ 7-1. Памылкі, выкліканыя парушэннем арфаэпічных і акцэнталагічных норм

Практыкаванне № 75-5

Прачытайце аналіз тыповых памылак, дапушчаных абітурыентамі на цэнтралізаваным тэсціраванні ў заданнях, прысвечаных акцэнталагічным нормам. Падрыхтуйце (з дапамогай падручнікаў, слоўнікаў, інтэрнэт-рэсурсаў) практыкаванні  для аднакласнікаў па тэме «Націск у беларускай мове».

На працягу некалькіх гадоў сярэдні працэнт выканання заданняў, у якіх ад абітурыентаў патрабавалася паставіць націск у словах, быў адзін з самых нізкіх. І гэта нягледзячы на тое, што многія словы з заданняў уваходзяць у актыўную лексіку, напрыклад: грамадзя́нін, дакуме́нт, наспе́х, мы́сленне, кварта́л, адзіна́ццаць, магазі́н і інш.

Аналіз выкананых заданняў выяўляе наступнае: практычна 50 % абітурыентаў няправільна напісалі, што націск дапамагае адрозніць граматычныя формы слова ў наступных  па́рах: ста́лы — сталы́, па́ра — пара́, ва́зы — вазы́, раса́ — ра́са, пары́ць —  па́рыць, зва́ны — званы́, да́мы — дамы́, галі́на — галіна́, пры́кладны — прыкладны́, парадзі́ць — пара́дзіць, да́лі — далі́, бакавы́ — ба́кавы (Паводле З. Бадзевіч).

Запішыце прыклады з другога абзаца і растлумачце лексічнае значэнне слоў у прыведзеных парах.