§ 5-1. Сродкі і прыёмы выразнасці маўлення на розных моўных узроўнях: лексічным, фанетычным, словаўтваральным, марфалагічным, сінтаксічным

Практыкаванне № 45-7

Прачытайце аналіз тэксту практыкавання 45-6. Параўнайце падрыхтаваны вамі пры выкананні папярэдняга практыкавння аналіз тэксту з прыведзеным.

Разгледзім асаблівасці навуковага стылю, адлюстраваныя ў тэксце. Тэкст уяўляе сабой дэталёвае тлумачэнне лінгвістычных паняццяў слова, лексічнае значэнне.

Лексіка тэксту характарызуецца актыўным ужываннем лінгвістычнай тэрміналогіі: моўная адзінка, гукавы комплекс, намінатыўная функцыя, граматычнае значэнне. Пераважае абстрактная лексіка: форма, змест, сэнс, функцыя, дзеянне, працэсуальнасць і інш. Ужыванне тэрмінаў, слоў у прамым значэнні ілюструе такія рысы навуковага маўлення, як адназначнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць. У тэксце паўтараюцца ключавыя паняцці (слова, лексічнае значэнне), што не з’яўляецца таўталогіяйл, недахопам, паколькі падкрэслівае частотнасць і актыўнасць ужывання тэрмінаў, немагчымасць замены іх сінонімамі.

На марфалагічным узроўні тэкст характарызуецца пераважным ужываннем назоўнікаў, паколькі задача аўтара — раскрыць змест лінгвістычных паняццяў.

На сінтаксічным узроўні назіраецца прамы парадак слоў у сказе (за выключэннем двух выпадкаў). Частотныя сказы, ускладненыя аднароднымі членамі, падкрэсліваюць аднатыпнасць, аднапарадкавасць пабудовы.

Тэкст завяршаецца дакладным, лагічным азначэннем паняцця лексічнае значэнне, якое падсумоўвае назіранні даследчыка над зместавымі і граматычнымі адзнакамі слова. Такім чынам, з улікам агульных уласцівасцей (інфармацыйнасць, лагічнасць, доказнасць), лексічных, марфалагічных і сінтаксічных прымет можна сцвярджаць, што тэкст адносіцца да навуковага стылю.

Ахарактарызуйце  структуру прыведзенага тэксту.
Запішыце частку тэксту, у якой фармулюецца вывад. Падкрэсліце граматычныя асновы ў выпісаных сказах.