Печатать книгуПечатать книгу

§ 5-1. Сродкі і прыёмы выразнасці маўлення на розных моўных узроўнях: лексічным, фанетычным, словаўтваральным, марфалагічным, сінтаксічным

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 5-1. Сродкі і прыёмы выразнасці маўлення на розных моўных узроўнях: лексічным, фанетычным, словаўтваральным, марфалагічным, сінтаксічным
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 11:38

Правіла

Прынята лічыць, што выразнасць маўлення найперш звя-зана з выкарыстаннем лексічных сродкаў — эпітэтаў, метафар, гіпербал і інш.

Аднак выразнасць ствараецца таксама і навізной тэмы, праблемы, інфарматыўнасцю, доказнасцю выказвання, лагічнасцю яго зместу, празрыстасцю структуры.

Выразнасць маўлення забяспечваюць усе сродкі, якія падтрымліваюць увагу і цікавасць слухача (чытача). Выразнасць маўлення рэалізуецца на арфаэпічным, акцэнталагічным, лексічным, словаўтваральным, граматычным узроўнях моўнай сістэмы.

Марфалагічны ўзровень мовы мае ўласныя сродкі выразнасці маўлення.

Належнае месца сярод такіх сродкаў мовазнаўцы адводзяць стылістычнай ролі часцін мовы.

Так, назоўнікі абазначаюць прадметы, якасці, дзеянні, без назоўнікаў немагчыма зразумець тэму, прадмет размовы.

Прыметнікі называюць прыметы, якасці прадмета, без іх немагчыма стварыць апісанне.

Дзеяслоў і яго формы перадаюць рух, перамяшчэнне. Дзеяслоў здольны перадаць вялікую колькасць сэнсавых адценняў, ён робіць маўленне кампактным, дынамічным. Дзеяслоў кіруе назоўнікамі, з лёгкасцю ўтварае вакол сябе ланцужок залежных слоў і канструкцый.

Прыслоўе расказвае пра месца, час, спосаб, прычыну, мэты, умовы дзеяння.

Службовыя часціны мовы таксама "працуюць" на выразнасць маўлення. Напрыклад, дапамагаюць сфармуляваць пытанне, удакладніць, узмацніць значэнне самастойных часцін мовы, надаць адмоўнае або сцвярджальнае значэнне сказу.

Практыкаванне № 45-1

Разгледзьце табліцу «Асноўныя сродкі выразнасці маўлення». Назавіце сродкі выразнасці на фанетычным, словаўтваральным, лексічным, граматычным узроўнях.

З дапамогай лінгвістычных і літаратуразнаўчых слоўнікаў і даведнікаў дайце азначэнні прыведзеным у табліцы тэрмінам.
 Складзіце і запішыце 3-5 сказаў з тэрмінамі, што называюць лексічныя сродкі выразнасці маўлення.

Практыкаванне № 45-2

Устанавіце адпаведнасць паміж назвамі тропаў і фігур маўлення і іх азначэннямі.

1) эпіфара
2) анафара
3) інверсія
4) антытэза
5) парцэляцыя
6) эліпсіс
7) аксюмаран
8) рытарычнае пытанне
9) градацыя
10) сінтаксічны паралелізм

а) аднолькавы пачатак сказаў, радкоў верша
б) аднолькавае заканчэнне сказаў, радкоў верша
в) супрацьпастаўленне
г) змяненне звычайнага парадку слоў у словазлучэнні або сказе
д) пропуск слова, якое зразумела без кантэксту
е) спалучэнне кантрасных, несумяшчальных паводле сэнсу слоў
ж) аднолькавая пабудова суседніх фраз, сказаў
з) парадак  слоў і выразаў, пры якім інтэнсіўнасць дзеяння або прызнака нарастае або змяншаецца
і) стылістычнае вылучэнне частак, асобных слоў у сказе
к)  пытанне, якое не патрабуе адказу

Практыкаванне № 45-3

Прачытайце ўрывак з кнігі, у якой апісваюцца магчымасці камп’ютара. Вызначце  стыль тэксту, абгрунтуйце свой адказ. Якія графічныя сродкі выразнасці характэрны для гэтага тэксту (падзел на абзацы, знакі прыпынку, нумарацыя, шрыфтавыя сродкі, спалучэнне кірылічнага і лацінскага шрыфтоў, колеравыя выдзяленні, падкрэсліванні і інш.)?

Слова камп’ютар (англ. computer) азначае «вылічальнік», г. зн. прылада для вылічэнняў. Гэта звязана з наступным:

1) першыя камп’ютары ствараліся як прыборы для вылічэнняў, як удасканаленыя аўтаматычныя арыфмометры;

2) прынцыповае адрозненне камп’ютараў ад арыфмометраў і іншых лічыльных машын заключаецца ў тым, што арыфмометры маглі выконваць толькі асобныя аперацыі (складанне, множанне, дзяленне і інш.), а камп’ютары дазваляюць праводзіць без удзелу чалавека складаныя вылічальныя аперацыі па зададзенай інструкцыі — праграме;

3) апроч таго, для захоўвання даных, прамежкавых і абагульняльных вынікаў камп’ютары маюць памяць.

Хаця камп’ютары ствараліся для падлікаў, хутка выявілася, што яны могуць апрацоўваць і іншыя віды інфармацыі — практычна ўсе яе разнавіднасці могуць быць прад’яўлены ў вербальнай або лічбавай форме. Для гэтага на камп’ютары трэба мець праграмы для пераўтварэння пэўнай разнавіднасці інфармацыі ў лічбавую форму і наадварот. Зараз з дапамогай камп’ютараў не толькі праводзяццас вылічэнні, але і рыхтуюцца да друку кнігі, ствараюцца малюнкі, кінафільмы, музыка, ажыццяўляецца кіраваннесл заводамі, касмічнымі караблямі і г. д. Камп’ютары сталі ўніверсальнымі сродкамі для апрацоўкі ўсіх відаў інфармацыі, якая выкарыстоўваецца чалавекам (Паводле В. Фігурнава).

 Назавіце прыметы тэксту. Дайце тэксту назву ў адпаведнасці са стылем. Запішыце ключавыя словы. З апорай на іх перакажыце тэкст.
З дапамогай якіх моўных сродкаў (тэматычная лексіка, лексічны паўтор, сінонімы, займеннікі, лічэбнікі, часціцы, структура сказаў, парадак слоў у сказе) ажыццяўляецца сувязь паміж сказамі, абзацамі?
 Запішыце слоўнікавы артыкул да мнагазначнага слова інфармацыя.
Зрабіце сінтаксічны разбор сказа, які адпавядае схеме:

На матэрыяле тэксту падрыхтуйце арфаграфічны дыктант для аднакласнікаў.

Практыкаванне № 45-4

Падбярыце невялікі тэкст (вершаваны ці празаічны), назавіце ў ім граматычныя сродкі выразнасці маўлення (пры неабходнасці звярніцеся да табліцы, змешчанай у практыкаванні 45-1).

Практыкаванне № 45-5

Як вы лічыце, па якіх прыметах «пазнае́цца» Радзіма? Прачытайце верш.  У якой ступені  блізкія вам пачуцці лірычнага героя? Якія сродкі стварэння выразнасці маўлення характэрны для твора?

Пазна́ю край свой па звонкіх песнях,

Якія склалі ў нас паэты.сн

Па словах мужных, праўдзівых, чэсных

Паслоў народных на сходах свету.

Яшчэ пазна́ю свой край па казках,

Якія людзі раскажуць дзецям,

Аб нашай славе партызанскай,

Што сёння ходзіць па ўсёй планеце.

                                                  П. Панчанка.

Вызначце, якой часцінай мовы з’яўляецца кожнае слова ў вершы.
Зрабіце сінтаксічны разбор апошняга сказа.

Практыкаванне № 45-6

Прачытайце. Дакажыце, што тэкст адносіцца да навуковага стылю. Назавіце сродкі выразнасці, характэрныя для навуковага маўлення. Ахарактарызуйце лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці тэксту. Абгрунтуйце ўжыванне тэрміналагічных адзінак.

Лексічнае значэнне слова

Слова — найменшая сэнсавая адзінка мовы. У працэсе моўных зносін яно ўзнаўляецца свабодна — гэта значыць, не патрабуе спалучэння з іншымі моўнымі адзінкамі, як, напрыклад, марфема. Слова ўспрымаецца ў гарманічным адзінстве формы і зместу. У нашай свядомасці адлюстроўваецца фізічнае, матэрыяльнае аблічча слова — гукавы комплекс, у якім яно ўвасабляецца. Змест слова складае яго лексічнае значэнне. Змест і форма ўзаемазвязаны. Як не можа існаваць слова, пазбаўленага гукавой абалонкі, так не можа існаваць слова, пазбаўленага сэнсу.сн

Словы выконваюць у мове намінатыўную функцыю (функцыю называння) і служаць для абазначэння прадметаў, іх якасцей, дзеянняў, стану, прымет дзеяння, колькасці. Гэтыя абагульненыя значэнні прадметнасці, прыметы, працэсуальнасці, колькасці не лагічныя, а граматычныя. Яны даюць падставу для вылучэння назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, лічэбнікаў і іншых граматычных класаў слоў.

Для граматыкі лексічная індывідуальнасць такіх слоў, як, напрыклад, жыта і мора, не істотная, таму што фармальныя прыметы прадметнасці гэтых семантычна розных слоў супадаюць. З пункту погляду лексікі ў гэтых словах самае важнае тое, што яны маюць розныя лексічныя значэнні і тым самым адмежаваны адно ад аднаго ў сістэме мовы.

Такім чынам, лексічнае значэнне — гэта суаднесенасць слова з адпаведным паняццем, з’явай рэчаіснасці (І. Шкраба).

Запішыце слоўнікавыя артыкулы да лінгвістычных тэрмінаў слова, лексічнае значэнне. Падрыхтуйце вуснае тлумачэнне тэрмінаў для вучняў малодшых класаў. Чым адрозніваюцца тлумачэнні для вучняў малодшых і старшых класаў?

Практыкаванне № 45-7

Прачытайце аналіз тэксту практыкавання 45-6. Параўнайце падрыхтаваны вамі пры выкананні папярэдняга практыкавння аналіз тэксту з прыведзеным.

Разгледзім асаблівасці навуковага стылю, адлюстраваныя ў тэксце. Тэкст уяўляе сабой дэталёвае тлумачэнне лінгвістычных паняццяў слова, лексічнае значэнне.

Лексіка тэксту характарызуецца актыўным ужываннем лінгвістычнай тэрміналогіі: моўная адзінка, гукавы комплекс, намінатыўная функцыя, граматычнае значэнне. Пераважае абстрактная лексіка: форма, змест, сэнс, функцыя, дзеянне, працэсуальнасць і інш. Ужыванне тэрмінаў, слоў у прамым значэнні ілюструе такія рысы навуковага маўлення, як адназначнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць. У тэксце паўтараюцца ключавыя паняцці (слова, лексічнае значэнне), што не з’яўляецца таўталогіяйл, недахопам, паколькі падкрэслівае частотнасць і актыўнасць ужывання тэрмінаў, немагчымасць замены іх сінонімамі.

На марфалагічным узроўні тэкст характарызуецца пераважным ужываннем назоўнікаў, паколькі задача аўтара — раскрыць змест лінгвістычных паняццяў.

На сінтаксічным узроўні назіраецца прамы парадак слоў у сказе (за выключэннем двух выпадкаў). Частотныя сказы, ускладненыя аднароднымі членамі, падкрэсліваюць аднатыпнасць, аднапарадкавасць пабудовы.

Тэкст завяршаецца дакладным, лагічным азначэннем паняцця лексічнае значэнне, якое падсумоўвае назіранні даследчыка над зместавымі і граматычнымі адзнакамі слова. Такім чынам, з улікам агульных уласцівасцей (інфармацыйнасць, лагічнасць, доказнасць), лексічных, марфалагічных і сінтаксічных прымет можна сцвярджаць, што тэкст адносіцца да навуковага стылю.

Ахарактарызуйце  структуру прыведзенага тэксту.
Запішыце частку тэксту, у якой фармулюецца вывад. Падкрэсліце граматычныя асновы ў выпісаных сказах.