§ 5-1. Сродкі і прыёмы выразнасці маўлення на розных моўных узроўнях: лексічным, фанетычным, словаўтваральным, марфалагічным, сінтаксічным

Правіла

Прынята лічыць, што выразнасць маўлення найперш звя-зана з выкарыстаннем лексічных сродкаў — эпітэтаў, метафар, гіпербал і інш.

Аднак выразнасць ствараецца таксама і навізной тэмы, праблемы, інфарматыўнасцю, доказнасцю выказвання, лагічнасцю яго зместу, празрыстасцю структуры.

Выразнасць маўлення забяспечваюць усе сродкі, якія падтрымліваюць увагу і цікавасць слухача (чытача). Выразнасць маўлення рэалізуецца на арфаэпічным, акцэнталагічным, лексічным, словаўтваральным, граматычным узроўнях моўнай сістэмы.

Марфалагічны ўзровень мовы мае ўласныя сродкі выразнасці маўлення.

Належнае месца сярод такіх сродкаў мовазнаўцы адводзяць стылістычнай ролі часцін мовы.

Так, назоўнікі абазначаюць прадметы, якасці, дзеянні, без назоўнікаў немагчыма зразумець тэму, прадмет размовы.

Прыметнікі называюць прыметы, якасці прадмета, без іх немагчыма стварыць апісанне.

Дзеяслоў і яго формы перадаюць рух, перамяшчэнне. Дзеяслоў здольны перадаць вялікую колькасць сэнсавых адценняў, ён робіць маўленне кампактным, дынамічным. Дзеяслоў кіруе назоўнікамі, з лёгкасцю ўтварае вакол сябе ланцужок залежных слоў і канструкцый.

Прыслоўе расказвае пра месца, час, спосаб, прычыну, мэты, умовы дзеяння.

Службовыя часціны мовы таксама "працуюць" на выразнасць маўлення. Напрыклад, дапамагаюць сфармуляваць пытанне, удакладніць, узмацніць значэнне самастойных часцін мовы, надаць адмоўнае або сцвярджальнае значэнне сказу.