§ 5-1. Сродкі і прыёмы выразнасці маўлення на розных моўных узроўнях: лексічным, фанетычным, словаўтваральным, марфалагічным, сінтаксічным

Практыкаванне № 45-6

Прачытайце. Дакажыце, што тэкст адносіцца да навуковага стылю. Назавіце сродкі выразнасці, характэрныя для навуковага маўлення. Ахарактарызуйце лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці тэксту. Абгрунтуйце ўжыванне тэрміналагічных адзінак.

Лексічнае значэнне слова

Слова — найменшая сэнсавая адзінка мовы. У працэсе моўных зносін яно ўзнаўляецца свабодна — гэта значыць, не патрабуе спалучэння з іншымі моўнымі адзінкамі, як, напрыклад, марфема. Слова ўспрымаецца ў гарманічным адзінстве формы і зместу. У нашай свядомасці адлюстроўваецца фізічнае, матэрыяльнае аблічча слова — гукавы комплекс, у якім яно ўвасабляецца. Змест слова складае яго лексічнае значэнне. Змест і форма ўзаемазвязаны. Як не можа існаваць слова, пазбаўленага гукавой абалонкі, так не можа існаваць слова, пазбаўленага сэнсу.сн

Словы выконваюць у мове намінатыўную функцыю (функцыю называння) і служаць для абазначэння прадметаў, іх якасцей, дзеянняў, стану, прымет дзеяння, колькасці. Гэтыя абагульненыя значэнні прадметнасці, прыметы, працэсуальнасці, колькасці не лагічныя, а граматычныя. Яны даюць падставу для вылучэння назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, лічэбнікаў і іншых граматычных класаў слоў.

Для граматыкі лексічная індывідуальнасць такіх слоў, як, напрыклад, жыта і мора, не істотная, таму што фармальныя прыметы прадметнасці гэтых семантычна розных слоў супадаюць. З пункту погляду лексікі ў гэтых словах самае важнае тое, што яны маюць розныя лексічныя значэнні і тым самым адмежаваны адно ад аднаго ў сістэме мовы.

Такім чынам, лексічнае значэнне — гэта суаднесенасць слова з адпаведным паняццем, з’явай рэчаіснасці (І. Шкраба).

Запішыце слоўнікавыя артыкулы да лінгвістычных тэрмінаў слова, лексічнае значэнне. Падрыхтуйце вуснае тлумачэнне тэрмінаў для вучняў малодшых класаў. Чым адрозніваюцца тлумачэнні для вучняў малодшых і старшых класаў?