§ 5-1. Сродкі і прыёмы выразнасці маўлення на розных моўных узроўнях: лексічным, фанетычным, словаўтваральным, марфалагічным, сінтаксічным

Практыкаванне № 45-3

Прачытайце ўрывак з кнігі, у якой апісваюцца магчымасці камп’ютара. Вызначце  стыль тэксту, абгрунтуйце свой адказ. Якія графічныя сродкі выразнасці характэрны для гэтага тэксту (падзел на абзацы, знакі прыпынку, нумарацыя, шрыфтавыя сродкі, спалучэнне кірылічнага і лацінскага шрыфтоў, колеравыя выдзяленні, падкрэсліванні і інш.)?

Слова камп’ютар (англ. computer) азначае «вылічальнік», г. зн. прылада для вылічэнняў. Гэта звязана з наступным:

1) першыя камп’ютары ствараліся як прыборы для вылічэнняў, як удасканаленыя аўтаматычныя арыфмометры;

2) прынцыповае адрозненне камп’ютараў ад арыфмометраў і іншых лічыльных машын заключаецца ў тым, што арыфмометры маглі выконваць толькі асобныя аперацыі (складанне, множанне, дзяленне і інш.), а камп’ютары дазваляюць праводзіць без удзелу чалавека складаныя вылічальныя аперацыі па зададзенай інструкцыі — праграме;

3) апроч таго, для захоўвання даных, прамежкавых і абагульняльных вынікаў камп’ютары маюць памяць.

Хаця камп’ютары ствараліся для падлікаў, хутка выявілася, што яны могуць апрацоўваць і іншыя віды інфармацыі — практычна ўсе яе разнавіднасці могуць быць прад’яўлены ў вербальнай або лічбавай форме. Для гэтага на камп’ютары трэба мець праграмы для пераўтварэння пэўнай разнавіднасці інфармацыі ў лічбавую форму і наадварот. Зараз з дапамогай камп’ютараў не толькі праводзяццас вылічэнні, але і рыхтуюцца да друку кнігі, ствараюцца малюнкі, кінафільмы, музыка, ажыццяўляецца кіраваннесл заводамі, касмічнымі караблямі і г. д. Камп’ютары сталі ўніверсальнымі сродкамі для апрацоўкі ўсіх відаў інфармацыі, якая выкарыстоўваецца чалавекам (Паводле В. Фігурнава).

 Назавіце прыметы тэксту. Дайце тэксту назву ў адпаведнасці са стылем. Запішыце ключавыя словы. З апорай на іх перакажыце тэкст.
З дапамогай якіх моўных сродкаў (тэматычная лексіка, лексічны паўтор, сінонімы, займеннікі, лічэбнікі, часціцы, структура сказаў, парадак слоў у сказе) ажыццяўляецца сувязь паміж сказамі, абзацамі?
 Запішыце слоўнікавы артыкул да мнагазначнага слова інфармацыя.
Зрабіце сінтаксічны разбор сказа, які адпавядае схеме:

На матэрыяле тэксту падрыхтуйце арфаграфічны дыктант для аднакласнікаў.