§ 4-1. Комплексны аналіз тэксту

Практыкаванне 37-3

Прачытайце тэкст. Выканайце яго комплексны аналіз, арыентуючыся на патрабаванні да такога віду работы.

Вандроўка па шляхетных мясцінах

Вітаю, дарагія чытачы! Сёння я прапаную вам наведаць невялікі, але вядомы горад Косава.

Косава — адзін з самых маленькіх гарадоў Беларусі, яго насельніцтва — менш за дзве тысячы чалавек. Ён знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці, мае добрае транспартнае злучэнне як з суседнімі гарадкамі і мястэчкамі, так і з буйнымі гарадамі (Брэст, Баранавічы, Мінск). Самае цікавае месца для вандроўнікаў у Косаве — колішні фальварак Мерачоўшчына, што знаходзіцца на паўночна-заходнім ускрайку горада. Месца гэта славутае двума аб’ектамі. Першы — сядзіба, дзе нарадзіўся чалавек, які па праву лічыцца героем не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах, — Тадэвуш Касцюшка. Менавіта ў гэтай прыгожай драўлянай хаце з саламяным дахам у 1746 годзе з’явіўся на свет будучы кіраўнік вялікага паўстання. Зараз тут знаходзіцца мемарыяльны музей Тадэвуша Касцюшкі. Наведвальнікі могуць пабачыць інтэр’ер жылых пакояў беларускай шляхетнай сям’і XVIII стагоддзя, даведацца шмат цікавага пра жыццё Касцюшкі, а таксама паглядзець невялічкі фільм, прысвечаны яго асобе. Ля сядзібы — парк, у якім надта прыемна бавіць час, атрымліваючы асалоду ад краявідаў.

Праз дарогу знаходзіцца адзін з найбольш прыгожых архітэктурных помнікаў Беларусі — Косаўскі палац Пуслоўскіх. Нягледзячы на тое, што палац не самы старажытны (пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя), яго неагатычны абарончы стыль нібы пераносіць нас у Сярэднявякоўе. У ХІХ стагоддзі ён быў вядомы сваімі багатымі інтэр’ерамі, найбольш славуты з якіх — вялікі акварыум, размешчаны акурат пад нагамі наведвальнікаў, пад шкляной падлогай. На жаль, палацу на працягу апошніх ста гадоў выпалі цяжкія выпрабаванні. Падчас Першай сусветнай вайны ён быў часткова разбураны і разрабаваны, а большасць каштоўнасцей вывезена за межы краіны. Найбольш вялікія пашкоджанні палац атрымаў падчас Другой сусветнай вайны: у 1944 годзе ў выніку пажару будынак сур’ёзна пацярпеў, былі знішчаны ўнутраныя памяшканні і аздабленне. Тым не менш Косаўскі палац і сёння выглядае велічна і ўражвае наведвальнікаў. Зараз ён рэстаўрыруецца і, будзем спадзявацца, ужо ў хуткім часе паўстане перад намі ва ўсёй сваёй прыгажосці!

Наведванне Косава — цудоўны выбар для вандроўкі па Беларусі. Акрамя таго, вы можаце зрабіць сваё падарожжа яшчэ больш цікавым, наведаўшы шматлікія славутыя гарады і мястэчкі ў наваколлі. Ад Косава ідзе дарога да Ружан, таксама недалёка знаходзяцца Бяроза, Слонім, Жыровічы.

Вандруйце і адкрывайце нашу краіну наноў! (Паводле М. Бычкова).

 Складзіце выказванне пра адметныя гістарычныя, архітэктурныя ці культурныя помнікі вашай малой радзімы. Падумайце, чым можна зацікавіць чытачоў. Якія моўныя сродкі варта выкарыстаць з гэтай мэтай? Якую форму для выказвання лепш выбраць?