§ 4-1. Комплексны аналіз тэксту

Практыкаванне 37-1

Прачытайце. Што ўключае ў сябе комплексны аналіз тэксту?

Асаблівасцю комплекснага аналізу тэксту з’яўляецца тое, што тэкст разглядаецца па трох асноўных напрамках (змест, кампазіцыя, моўнае афармленне).

Поўны комплексны аналіз тэксту ўключае:

зместавы аналіз: вызначэнне тэмы і асноўнай думкі тэксту; асэнсаванне загалоўка (пры яго наяўнасці), выяўленне яго суадноснасці з тэмай і асноўнай думкай (або падбор загалоўка, які перадаваў бы тэму ці асноўную думку тэксту);

тыпалагічна-кампазіцыйны: вызначэнне тыпу маўлення (вядучы тып, спалучэнне розных тыпаў); аналіз кампазіцыйнай схемы тэксту, суаднясенне  пачатку і канца; вызначэнне колькасці тэм, падтэм і мікратэм, спосабаў і сродкаў сувязі сказаў і частак у тэксце;

жанрава-стылістычны: вызначэнне стылю і жанру маўлення, выдзяленне характэрных для канкрэтнага стылю і жанру моўных сродкаў і стылістычных прыёмаў;

аналіз функцыянавання моўных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца аўтарам для вырашэння пэўнай камунікатыўнай задачы.

 З дапамогай тлумачальнага слоўніка раскрыйце значэнне слоў комплексны, комплекснасць.
 Чаму прыведзены аналіз называецца комплексным? Абгрунтуйце сваё меркаванне.