§ 2-4. Жанры дыялагічнага маўлення: дыскусія і палеміка

Практыкаванне 23-8

Прачытайце некаторыя выказванні «за» і «супраць» камп’ютарных гульняў. Сфармулюйце на іх аснове тэзіс і антытэзіс.

І. У камп’ютарных гульнях шмат разумовых практыкаванняў, якія развіваюць абстрактнае і лагічнае мысленне. Такія гульні вельмі цікавыя для дзяцей, таму што ў іх выкарыстоўваецца шмат прывабных анімацыйных элементаў. Гэта дазваляе ігракам лёгка і з цікавасцю вучыцца нечаму новаму.

ІІ. Дзеці часта так уцягваюцца ў камп’ютарныя гульні, што забываюцца на ўсё іншае. Яны могуць праводзіць вельмі шмат часу за маніторам. А больш карыснымі былі б актыўныя заняткі: дзецям лепш пагуляць у футбол ці хакей, проста пакідаць мяч. Нават звычайныя прагулкі на свежым паветры ў парку ці скверы прыносяць больш карысці, чым сядзенне за камп’ютарам.

ІІІ. Дзецям лёгка захапіцца камп’ютарнымі гульнямі, таму, гуляючы, яны могуць доўга сядзець на адным месцы. Доўгае знаходжанне ў адным становішчы прыводзіць да праблем са здароўем, што можа праяўляцца болямі ў спіне, стомай вачэй, галаўным болем. І наогул, доўгае сядзенне перад маніторам звычайна прыводзіць да стомленасці і перападаў настрою.

IV. Некаторыя камп’ютарныя гульні прадугледжваюць калектыўны ўдзел.  У анлайн-гульнях можа развівацца сяброўства паміж людзьмі, якія ніколі не сустракаліся раней, нават калі яны жывуць за тысячы кіламетраў адзін ад аднаго. Дзякуючы гульням дзеці вучацца працаваць у камандзе, улічваць не толькі сваю думку, але і меркаванне іншых, удзельнічаць у прыняцці калектыўных рашэнняў і падпарадкоўвацца ім.

V. У многіх камп’ютарных гульнях патрабуецца хуткая рэакцыя. Удзельніку неабходна прадбачыць, да якіх вынікаў можа прывесці любое яго дзеянне, даводзіцца імгненна вырашаць, як і што лепш зрабіць у той ці іншай сітуацыі. У час гульні ігракі вызначаюць лепшыя стратэгіі для дасягнення мэт, устаноўленых у гульнявым кантэксце. Такім чынам, камп’ютарныя гульні вучаць навыкам вырашэння праблем.

Падумайце, што лепш арганізаваць па гэтай праблеме: дыскусію ці палеміку.
 Сфармулюйце тэму і правядзіце ў класе дыскусію / палеміку.
Выкажыце ўласную пазіцыю («Я лічу, што…»); прадумайце аргументы («..., таму што…»); прывядзіце прыклады, факты, каб пацвердзіць вашы аргументы («..., напрыклад, …»); зрабіце вывад адносна вашай пазіцыі («..., таму…»).