§ 2-4. Жанры дыялагічнага маўлення: дыскусія і палеміка

Практыкаванне 23-3

Прачытайце ўрывак з кнігі Цыцэрона «Аратар». Што агульнага, на думку аўтара, паміж аратарскай прамовай і майстэрствам спрэчкі? Чым яны адрозніваюцца?

Такім чынам, я мяркую, што дасканалы прамоўца павінен не толькі валодаць уласцівым яму майстэрствам шырока і падрабязна гаварыць, але таксама мець веды ў блізкай і як бы сумежнай з гэтым навуцы дыялектыцы*. Хоць і здаецца, што адна справа прамова, а іншая — спрэчка, і што гаварыць прамову і весці спрэчку — рэчы розныя, аднак сутнасць і ў тым і ў другім выпадку адна, а менавіта — разважанне. Навука аб разборах і спрэчках — галіна дыялектыкі, навука ж аб прамовах і іх упрыгожаннях — галіна аратараў. Знакаміты Зянон, ад якога пайшло вучэнне стоікаў*, часта паказваў адрозненне паміж гэтымі навукамі адным рухам рукі: сціскаючы пальцы ў кулак, ён гаварыў, што такая дыялектыка, а раскрываючы руку і рассоўваючы пальцы — што такую далонь нагадвае красамоўства. А яшчэ да яго Арыстоцель сказаў у пачатку сваёй «Рыторыкі», што гэта навука ўяўляе сабой як бы паралель дыялектыкі, і яны адрозніваюцца адна ад адной толькі тым, што майстэрства прамовы патрабуе большай шырыні, майстэрства спрэчкі — большай сцісласці (Цыцэрон).

 Раскрыйце сэнс слоў разважаць, разважанне.
Праскланяце пісьмова назоўнік дыялектыка.