Печатать книгуПечатать книгу

§ 2-4. Жанры дыялагічнага маўлення: дыскусія і палеміка

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 2-4. Жанры дыялагічнага маўлення: дыскусія і палеміка
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 19:52

Практыкаванне 23-3

Прачытайце ўрывак з кнігі Цыцэрона «Аратар». Што агульнага, на думку аўтара, паміж аратарскай прамовай і майстэрствам спрэчкі? Чым яны адрозніваюцца?

Такім чынам, я мяркую, што дасканалы прамоўца павінен не толькі валодаць уласцівым яму майстэрствам шырока і падрабязна гаварыць, але таксама мець веды ў блізкай і як бы сумежнай з гэтым навуцы дыялектыцы*. Хоць і здаецца, што адна справа прамова, а іншая — спрэчка, і што гаварыць прамову і весці спрэчку — рэчы розныя, аднак сутнасць і ў тым і ў другім выпадку адна, а менавіта — разважанне. Навука аб разборах і спрэчках — галіна дыялектыкі, навука ж аб прамовах і іх упрыгожаннях — галіна аратараў. Знакаміты Зянон, ад якога пайшло вучэнне стоікаў*, часта паказваў адрозненне паміж гэтымі навукамі адным рухам рукі: сціскаючы пальцы ў кулак, ён гаварыў, што такая дыялектыка, а раскрываючы руку і рассоўваючы пальцы — што такую далонь нагадвае красамоўства. А яшчэ да яго Арыстоцель сказаў у пачатку сваёй «Рыторыкі», што гэта навука ўяўляе сабой як бы паралель дыялектыкі, і яны адрозніваюцца адна ад адной толькі тым, што майстэрства прамовы патрабуе большай шырыні, майстэрства спрэчкі — большай сцісласці (Цыцэрон).

 Раскрыйце сэнс слоў разважаць, разважанне.
Праскланяце пісьмова назоўнік дыялектыка.

Практыкаванне 23-4

Прачытайце тэкст. Вызначце яго адрасата і мэтанакіраванасць.

Памятка для ўдзельнікаў спрэчкі

Памятайце, што кожны мае такое ж права выказаць сваё меркаванне, як і вы. Стаўцеся з павагай да свайго апанента. Аспрэчваць думку іншага можна самым рашучым чынам, але нельга пры гэтым абражаць чужыя перакананні кпінамі і грубасцю.

Не ўступайце ў спрэчку, калі вы дрэнна ведаеце яе прадмет.

Не выпускайце з-пад увагі галоўных палажэнняў, па якіх вядзецца спрэчка.

Правільна карыстайцеся паняццямі. Важна, каб удзельнікі спрэчкі ўкладвалі ў тэрміны аднолькавы сэнс. У адваротным выпадку гэта можа прывесці да двухсэнсоўнасці, да неразумення пазіцыі апанента.

Навучыцеся слухаць свайго апанента, старайцеся не перабіваць яго. Гэта неабходная ўмова правільнага разумення яго пазіцыі, дакладнай ацэнкі разыходжанняў у поглядах.

Не трэба гарачыцца,  старайцеся спрачацца спакойна. Майце на ўвазе, што з двух чалавек, якія спрачаюцца, роўных адзін аднаму ва ўсіх іншых адносінах, пераможцам выходзіць той, хто мае большую вытрымку і паводзіць сябе больш стрымана.

Сачыце за тым, каб у вашых довадах і аргументах праціўніка не было супярэчнасцей (Паводле Л. Увядзенскай).

На аснове тэксту складзіце парады, як можна паводзіць сябе ў час спрэчкі, а як нельга. Запішыце парады ў дзве калонкі.

У час спрэчкі                         У час спрэчкі
    Можна
                                   Нельга

Правіла

Дыскусія — гэта від спрэчкі, у межах якога разглядаецца, даследуецца, абмяркоўваецца якая-небудзь праблема з мэтай дасягнуць пэўнай ступені згоды ўдзельнікаў спрэчкі адносна яе праблемы. Вынікам дыскусіі з’яўляецца не сума ўсіх існуючых меркаванняў, а толькі тое, што з’яўляецца агульным для розных пунктаў погляду. Але затое гэта агульнае выступае ўжо не як чыё-небудзь прыватнае меркаванне, а як нешта больш аб’ектыўнае, тое, што падтрымліваюць усе ўдзельнікі абмеркавання.

Палеміка — разнавіднасць спрэчкі, пры якой кожны апанент спрабуе даказаць, што менавіта яго пазіцыя — адзіна правільная. Мэта палемікі  не дасягненне згоды, а перамога над апанентам, сцвярджэнне ўласнай пазіцыі адносна праблемы спрэчкі.

Чым адрозніваюцца мэты дыскусіі і палемікі?

Практыкаванне 23-5

Прачытайце тэмы выступленняў. Якія з іх не з’яўляюцца дыскусійнымі? Як бы вы іх перафармулявалі для дыскусіі? Запішыце свае варыянты.

1. Аб шкодзе алкаголю (наркотыкаў, курэння).

2. Праблемы выхавання ў сям’і і школе.

3. Жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча.

4. Электронны падручнік: за і супраць.

5. Чалавек — гаспадар Зямлі?

6. Чым цікавіцца маё пакаленне?

7. Ці існуе камп’ютарная залежнасць?

8. Быць ці не быць школьнай форме?

Прааналізуйце, як фармулююцца дыскусійныя тэмы.
Якія з прапанаваных тэм больш падыходзяць для дыскусіі, а якія  для палемікі? Абгрунтуйце сваё меркаванне.

Практыкаванне 23-6

Прачытайце выказванні, прыведзеныя ў «Рыторыцы» беларускага філолага  Л. А. Мурынай. Сфармулюйце на іх аснове тэмы для дыскусіі ці палемікі.

І. Вучоныя ведаюць, колькі карысці прынесла навука чалавецтву; яны ведаюць і тое, чаго яна магла б цяпер дасягнуць, калі б на ўсім зямным шары запанаваў мір. Яны не хочуць, каб калі-небудзь былі сказаны словы: «Навука нас прывяла да пагібелі ад атамных і вадародных бомбаў».

Вучоныя ведаюць, што навука не можа быць вінаватая. Вінаватыя толькі тыя людзі, якія дрэнна выкарыстоўваюць яе дасягненні (Фрыдэрык Жаліё-Кюры, французскі фізік).

ІІ. А мне бацькі гавораць: калі хочаш, працуй, вядома, але галоўнае, каб ты вучыўся. І я на першым курсе не працаваў. Але, напрыклад, мне прыйшлося пакінуць заняткі водным пола (вельмі дарагі від спорту), таму што сорамна было прасіць у бацькоў столькі грошай. Цяпер працую настаўнікам на малодшым курсе і асістэнтам прафесара, дапамагаю яму ў падрыхтоўцы рукапісаў. Але праца — гэта не толькі заробак. Калі я не працую, то раблюся лянівым, наогул нічога не раблю. А праца мяне стымулюе, дае ўпэўненасць у сабе (Паводле інтэрв’ю амерыканскага студэнта Джошуа рэдакцыі часопіса «Современник»).

Паслухаем мовазнаўцаў

Тэарэтычна не так ужо складана аддзяліць дыскусію ад палемікі.  Складаней тэта зрабіць у рэальным жыцці. У нашых звычайных спрэчках элементы дыскусіі і палемікі часцей за ўсё пераплятаюцца. Чыстая дыскусія — такая ж рэдкасць, як і чыстая палеміка: то разгорнутая дыскусія становіцца бурнай, перарастае ў палеміку, у выніку «апанент» ператвараецца ў «суперніка»; то палеміка, робячыся спакайнейшай, пачынае быць падобнай да дыскусіі, і замест «праціўніка» з’яўляецца «паважаны апанент» (А. Івін).

Звярніце ўвагу!

Асноўныя дзеянні вядучага дыскусіі

Уступнае слова; адкрыццё дыскусіі; аб’яўленне тэмы, яе абгрунтаванне і вылучэнне праблемы (тэзіс і антытэзіс). Прадстаўленне прапанента (таго, хто вылучае і адстойвае тэзіс) і апанента (таго, хто аспрэчвае тэзіс).

Падача рэплік, якія арганізуюць дыскусію (факты, прыклады, якія актывізуюць удзельнікаў дыскусіі. Здыманне напружання, двухсэнсоўнасці. Рэплікі, якія карэкціруюць танальнасць i маўленчыя паводзіны ўдзельнікаў.

Прагаворванне сутнасці ўзнятай для абмеркавання праблемы, выўленне доказнасці пункту гледжання, падвядзенне вынікаў дыскусіі і яе якасці.

На чым заснавана дыскусія?

 Растлумачце розніцу паміж словамі апанент і праціўнік.

 Раскажыце пра паводзіны вядучага ў час дыскусіі.

Практыкаванне 23-7

 Прачытайце беларускія прыказкі. Якая народная мудрасць выказана ў іх? Ці можна выкарыстаць іх у якасці тэзіса для абмеркавання?

1. Ніхто не зробіць горш табе, чым сам сабе.

2. Моцны не той, хто стрымлівае коней, а хто можа стрымаць сябе.

3. Лепш ніякі, чым абы-які.

Сфармулюйце антытэзісы да прыведзеных выказваняў. Падбярыце да іх аргументы і контраргументы.

Звярніце ўвагу!

Тэзіс — палажэнне, правільнасць якога павінна быць раскрыта і абгрунтавана.

Антытэзіс — суджэнне, якое супрацьпастаўляецца тэзісу.

Аргумент — лагічны довад, які служыць асновай для доказу чаго-небудзь.

Контраргумент — лагічны довад, які служыць асновай для абвяржэння чаго-небудзь.

Што надае словам прыстаўка контр-?

У аснове якога тыпу маўлення ляжаць тэзіс і аргументы?

Практыкаванне 23-8

Прачытайце некаторыя выказванні «за» і «супраць» камп’ютарных гульняў. Сфармулюйце на іх аснове тэзіс і антытэзіс.

І. У камп’ютарных гульнях шмат разумовых практыкаванняў, якія развіваюць абстрактнае і лагічнае мысленне. Такія гульні вельмі цікавыя для дзяцей, таму што ў іх выкарыстоўваецца шмат прывабных анімацыйных элементаў. Гэта дазваляе ігракам лёгка і з цікавасцю вучыцца нечаму новаму.

ІІ. Дзеці часта так уцягваюцца ў камп’ютарныя гульні, што забываюцца на ўсё іншае. Яны могуць праводзіць вельмі шмат часу за маніторам. А больш карыснымі былі б актыўныя заняткі: дзецям лепш пагуляць у футбол ці хакей, проста пакідаць мяч. Нават звычайныя прагулкі на свежым паветры ў парку ці скверы прыносяць больш карысці, чым сядзенне за камп’ютарам.

ІІІ. Дзецям лёгка захапіцца камп’ютарнымі гульнямі, таму, гуляючы, яны могуць доўга сядзець на адным месцы. Доўгае знаходжанне ў адным становішчы прыводзіць да праблем са здароўем, што можа праяўляцца болямі ў спіне, стомай вачэй, галаўным болем. І наогул, доўгае сядзенне перад маніторам звычайна прыводзіць да стомленасці і перападаў настрою.

IV. Некаторыя камп’ютарныя гульні прадугледжваюць калектыўны ўдзел.  У анлайн-гульнях можа развівацца сяброўства паміж людзьмі, якія ніколі не сустракаліся раней, нават калі яны жывуць за тысячы кіламетраў адзін ад аднаго. Дзякуючы гульням дзеці вучацца працаваць у камандзе, улічваць не толькі сваю думку, але і меркаванне іншых, удзельнічаць у прыняцці калектыўных рашэнняў і падпарадкоўвацца ім.

V. У многіх камп’ютарных гульнях патрабуецца хуткая рэакцыя. Удзельніку неабходна прадбачыць, да якіх вынікаў можа прывесці любое яго дзеянне, даводзіцца імгненна вырашаць, як і што лепш зрабіць у той ці іншай сітуацыі. У час гульні ігракі вызначаюць лепшыя стратэгіі для дасягнення мэт, устаноўленых у гульнявым кантэксце. Такім чынам, камп’ютарныя гульні вучаць навыкам вырашэння праблем.

Падумайце, што лепш арганізаваць па гэтай праблеме: дыскусію ці палеміку.
 Сфармулюйце тэму і правядзіце ў класе дыскусію / палеміку.
Выкажыце ўласную пазіцыю («Я лічу, што…»); прадумайце аргументы («..., таму што…»); прывядзіце прыклады, факты, каб пацвердзіць вашы аргументы («..., напрыклад, …»); зрабіце вывад адносна вашай пазіцыі («..., таму…»).