§ 2-4. Жанры дыялагічнага маўлення: дыскусія і палеміка

Практыкаванне 23-6

Прачытайце выказванні, прыведзеныя ў «Рыторыцы» беларускага філолага  Л. А. Мурынай. Сфармулюйце на іх аснове тэмы для дыскусіі ці палемікі.

І. Вучоныя ведаюць, колькі карысці прынесла навука чалавецтву; яны ведаюць і тое, чаго яна магла б цяпер дасягнуць, калі б на ўсім зямным шары запанаваў мір. Яны не хочуць, каб калі-небудзь былі сказаны словы: «Навука нас прывяла да пагібелі ад атамных і вадародных бомбаў».

Вучоныя ведаюць, што навука не можа быць вінаватая. Вінаватыя толькі тыя людзі, якія дрэнна выкарыстоўваюць яе дасягненні (Фрыдэрык Жаліё-Кюры, французскі фізік).

ІІ. А мне бацькі гавораць: калі хочаш, працуй, вядома, але галоўнае, каб ты вучыўся. І я на першым курсе не працаваў. Але, напрыклад, мне прыйшлося пакінуць заняткі водным пола (вельмі дарагі від спорту), таму што сорамна было прасіць у бацькоў столькі грошай. Цяпер працую настаўнікам на малодшым курсе і асістэнтам прафесара, дапамагаю яму ў падрыхтоўцы рукапісаў. Але праца — гэта не толькі заробак. Калі я не працую, то раблюся лянівым, наогул нічога не раблю. А праца мяне стымулюе, дае ўпэўненасць у сабе (Паводле інтэрв’ю амерыканскага студэнта Джошуа рэдакцыі часопіса «Современник»).