§ 2-4. Жанры дыялагічнага маўлення: дыскусія і палеміка

Практыкаванне 23-4

Прачытайце тэкст. Вызначце яго адрасата і мэтанакіраванасць.

Памятка для ўдзельнікаў спрэчкі

Памятайце, што кожны мае такое ж права выказаць сваё меркаванне, як і вы. Стаўцеся з павагай да свайго апанента. Аспрэчваць думку іншага можна самым рашучым чынам, але нельга пры гэтым абражаць чужыя перакананні кпінамі і грубасцю.

Не ўступайце ў спрэчку, калі вы дрэнна ведаеце яе прадмет.

Не выпускайце з-пад увагі галоўных палажэнняў, па якіх вядзецца спрэчка.

Правільна карыстайцеся паняццямі. Важна, каб удзельнікі спрэчкі ўкладвалі ў тэрміны аднолькавы сэнс. У адваротным выпадку гэта можа прывесці да двухсэнсоўнасці, да неразумення пазіцыі апанента.

Навучыцеся слухаць свайго апанента, старайцеся не перабіваць яго. Гэта неабходная ўмова правільнага разумення яго пазіцыі, дакладнай ацэнкі разыходжанняў у поглядах.

Не трэба гарачыцца,  старайцеся спрачацца спакойна. Майце на ўвазе, што з двух чалавек, якія спрачаюцца, роўных адзін аднаму ва ўсіх іншых адносінах, пераможцам выходзіць той, хто мае большую вытрымку і паводзіць сябе больш стрымана.

Сачыце за тым, каб у вашых довадах і аргументах праціўніка не было супярэчнасцей (Паводле Л. Увядзенскай).

На аснове тэксту складзіце парады, як можна паводзіць сябе ў час спрэчкі, а як нельга. Запішыце парады ў дзве калонкі.

У час спрэчкі                         У час спрэчкі
    Можна
                                   Нельга