§ 2-2. Віды маўленчай дзейнасці: гаварэнне, слуханне, чытанне і пісьмо

Практыкаванне 15-1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму. Задайце ўдакладняльныя пытанні па змесце тэксту і адкажыце на іх.

Слуханне, або аўдзіраванне (ад лац. audire — слухаць) — гэта асэнсаванае ўспрыманне вуснага маўлення. Слуханне — адзін з самых важных шляхоў атрымання інфармацыі. Выдзяляюцца наступныя віды ўспрымання: глабальнае, дэталёвае і крытычнае.

Глабальнае ўспрыманне патрабуе разумення агульнага сэнсу паведамлення. Гэта значыць, што той, хто слухае, павінен, напрыклад, вызначыць тэму, асноўную думку выказвання і г. д.

Дэталёвае ўспрыманне патрабуе поўнага і дакладнага разумення сэнсу ўсяго выказвання. Напрыклад, калі трэба дэталёва ўспрымаць тлумачэнне новага матэрыялу на ўроку, тэкст для падрабязнага пераказу і г. д.

Крытычнае ўспрыманне патрабуе і глабальнага, і дэталёвага ўспрымання, а таксама крытычнага асэнсавання пачутага. Напрыклад, таму, хто ўдзельнічае ў дыспуце, неабходна крытычнае ўспрыманне, каб потым ён мог матывавана згадзіцца з іншымі ўдзельнікамі дыспуту, выказаць свой пункт гледжання па пэўным пытанні.

Чытанне — гэта працэс дэкадзіравання (расшыфроўкі) інфармацыі, якая змешчана ў пісьмовым тэксце.

У працэсе чытання вырашаюцца розныя камунікатыўныя задачы. У сувязі з гэтым існуюць наступныя віды чытання: вывучальнае, азнаямляльнае і праглядальнае.

Вывучальнае чытанне прымяняецца тады, калі патрабуецца максімальна поўна і дакладна зразумець змест тэксту, адэкватна ўзнавіць прачытаную інфармацыю. Пры гэтым чытанні неабходна як мага паўней ахапіць увесь змест тэксту, удумацца ў сэнс кожнага з яго элементаў.

Азнаямляльнае чытанне выкарыстоўваецца тады, калі той, хто чытае, павінен ці толькі знайсці галоўнае ў тэксце, ці выявіць, што гаворыцца па пэўным пытанні, ці ахапіць змест кожнай часткі тэксту ў агульным выглядзе.

Праглядальнае чытанне — гэта такое чытанне, пры якім той, хто чытае, атрымлівае толькі самае агульнае ўяўленне пра змест тэксту.

Пэўны від чытання выбіраецца ў залежнасці ад мэты і задач, якія ставіць перад сабой чытач (Паводле У. Саўко).

Які від чытання неабходны, каб расказаць пра асноўныя віды ўспрымання і чытання? Які від чытання спатрэбіцца, каб вызначыць, пра што гэты тэкст?