Печатать книгуПечатать книгу

§ 2-2. Віды маўленчай дзейнасці: гаварэнне, слуханне, чытанне і пісьмо

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 2-2. Віды маўленчай дзейнасці: гаварэнне, слуханне, чытанне і пісьмо
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 06:03

Правіла

Маўленне існуе ў дзвюх формах — вуснай і пісьмовай.
Вуснае маўленне — гэта зносіны, якія адбываюцца пры дапамозе вымаўленых услых слоў (гутарка, спрэчка і інш.).
Пісьмовае маўленне ажыццяўляецца з апорай на запісаныя словы і фразы (чытанне тэксту, спісванне, выпраўленне памылак і інш.). Такім чынам, калі мы гаворым або слухаем, то карыстаемся вусным маўленнем, калі чытаем або пішам — пісьмовым. На працягу дня мы то гаворым, то слухаем, то чытаем, то пішам, гэта значыць мы ўвесь час уключаны ў працэс маўленчай дзейнасці.
Маўленчая дзейнасць — гэта асобы від чалавечай дзейнасці (разам з працоўнай, пазнавальнай, гульнёвай і інш.), у час якой чалавек уступае ў маўленчыя зносіны з іншымі людзьмі.

Па меркаванні некаторых даследчыкаў, нашы зносіны з навакольным светам на 50 % адбываюцца праз слуханне, на 30 % — праз гаварэнне, на 20 % — праз чытанне і пісьмо. 

Практыкаванне 14

 Прачытайце прыказкі. Вызначце іх тэматыку. Раскрыйце сэнс кожнай прыказкі.

1. Са свайго языка спусцішф — на чужым не зловіш. 2. Што на­пі­сана пяром, не возьме і сякера. 3. Хто пытае, той не блудзіць.сн 4. З разумным чалавекам добра і пагаварыць. 5. Слова — вецер, а пісьмо — грунт. 6. Слухай многа, а гавары мала. 7. Менш гавары — больш пачуеш. 8. Чытае як рэпу грызе.

 Растлумачце правапіс выдзеленых літар.
Зачытайце прыказкі, у якіх гаворыцца пра вуснае маўленне і слуханне, пісьмовае маўленне і чытанне.
Успомніце і прывядзіце ўласныя прыклады прыказак і прымавак, якія маюць адносіны да відаў маўленчай дзейнасці.

Практыкаванне 15

 Разгледзьце схему. Падрыхтуйце на яе аснове вуснае паведамленне аб відах маўленчай дзейнасці.

 З дапамогай тлумачальнага слоўніка высветліце значэнне слова рэцэптыўны.
Абгрунтуйце падзел відаў маўленчай дзейнасці на прадуктыўныя і непрадук­тыўныя (рэцэптыўныя).

Практыкаванне 15-1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму. Задайце ўдакладняльныя пытанні па змесце тэксту і адкажыце на іх.

Слуханне, або аўдзіраванне (ад лац. audire — слухаць) — гэта асэнсаванае ўспрыманне вуснага маўлення. Слуханне — адзін з самых важных шляхоў атрымання інфармацыі. Выдзяляюцца наступныя віды ўспрымання: глабальнае, дэталёвае і крытычнае.

Глабальнае ўспрыманне патрабуе разумення агульнага сэнсу паведамлення. Гэта значыць, што той, хто слухае, павінен, напрыклад, вызначыць тэму, асноўную думку выказвання і г. д.

Дэталёвае ўспрыманне патрабуе поўнага і дакладнага разумення сэнсу ўсяго выказвання. Напрыклад, калі трэба дэталёва ўспрымаць тлумачэнне новага матэрыялу на ўроку, тэкст для падрабязнага пераказу і г. д.

Крытычнае ўспрыманне патрабуе і глабальнага, і дэталёвага ўспрымання, а таксама крытычнага асэнсавання пачутага. Напрыклад, таму, хто ўдзельнічае ў дыспуце, неабходна крытычнае ўспрыманне, каб потым ён мог матывавана згадзіцца з іншымі ўдзельнікамі дыспуту, выказаць свой пункт гледжання па пэўным пытанні.

Чытанне — гэта працэс дэкадзіравання (расшыфроўкі) інфармацыі, якая змешчана ў пісьмовым тэксце.

У працэсе чытання вырашаюцца розныя камунікатыўныя задачы. У сувязі з гэтым існуюць наступныя віды чытання: вывучальнае, азнаямляльнае і праглядальнае.

Вывучальнае чытанне прымяняецца тады, калі патрабуецца максімальна поўна і дакладна зразумець змест тэксту, адэкватна ўзнавіць прачытаную інфармацыю. Пры гэтым чытанні неабходна як мага паўней ахапіць увесь змест тэксту, удумацца ў сэнс кожнага з яго элементаў.

Азнаямляльнае чытанне выкарыстоўваецца тады, калі той, хто чытае, павінен ці толькі знайсці галоўнае ў тэксце, ці выявіць, што гаворыцца па пэўным пытанні, ці ахапіць змест кожнай часткі тэксту ў агульным выглядзе.

Праглядальнае чытанне — гэта такое чытанне, пры якім той, хто чытае, атрымлівае толькі самае агульнае ўяўленне пра змест тэксту.

Пэўны від чытання выбіраецца ў залежнасці ад мэты і задач, якія ставіць перад сабой чытач (Паводле У. Саўко).

Які від чытання неабходны, каб расказаць пра асноўныя віды ўспрымання і чытання? Які від чытання спатрэбіцца, каб вызначыць, пра што гэты тэкст?

Практыкаванне 15-2

 Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль, тэму і асноўную думку. Перакладзіце (вусна) тэкст на беларускую мову.

К продуктивным видам речевой деятельности относятся такие виды, с помощью которых обеспечивается выражение мыслей в устной (говорение) и письменной (письмо) формах. Основное сходство говорения и письма состоит в том, что оба вида речевой деятельности служат для передачи информации. Говорение осуществляется в звуках и обеспечивается действием речедвигательного и слухового анализаторов, в говорении реализуются лингвистические знаки разных уровней — от звуков до ритмомелодических моделей предложений.

Письмо реализуется в графических знаках при участии зрительного и рукодвигательного анализаторов как основных, речедвигательного и слухового  как вспомогательных. Говорение и письмо по-разному ориентированы на реципиентов. Говорение предназначено главным образом для непосредственной передачи информации (контактная речь), письмо — для опосредованной передачи информации на расстояние с временны́м интервалом (дистантная речь). Говорение реализуется в форме диалогической и монологической речи, письмо — обычно в форме монологической речи (По Э. Азимову, А. Щукину).

Раскажыце, што агульнага маюць гаварэнне і пісьмо, чым яны адрозніваюцца.
Якія віды чытання вам спатрэбіліся, каб выканаць кожны элемент задання?
Запішыце па-беларуску сказ, у якім адлюстравана думка пра падабенства гаварэння і пісьма.

Практыкаванне 16

Прачытайце тэкст. Складзіце яго план. Карыстаючыся планам, перакажыце тэкст.

У аснове сучаснага беларускага пісьма ляжыць кірыліца — старажытная славянская азбука. Яна была складзена ў IX ст. на аснове грэчаскага алфавіта і атрымала шырокае распаўсюджанне на Русі з канца Х ст. у сувязі з прыняццем хрысціянства (988 г.). Паступова відазмяняючыся і прыстасоўваючыся да фанетычнай сістэмы старажытнарускай мовы, кірылічны алфавіт на працягу доўгага часу з поспехам абслугоўваў пісьмовыя зносіны ўсходніх славян, а пасля распаду іх адзінства — камунікацыю трох народаў (рускага, беларус­кага і ўкраінскага).

Побач з кірыліцай у XIX і пачатку XX ст. на Беларусі шырока выкарыстоўвалася лацінка — відазменены варыянт лацінскага алфавіта, які быў прыняты ў польскай мове. Лацінкай, напрыклад, былі надрукаваны творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага, некаторыя зборнікі выбраных твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі і іншыя публікацыі. У пачатку XX ст. газета «Наша ніва» і выданні суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца» друкаваліся і кірыліцай, і прыстасаванай да гукавой сістэмы беларускай мовы лацінкай.

Аднак выкарыстанне дзвюх графічных сістэм ускладняла выдавецкую дзейнасць, звязаную са значнымі матэрыяльнымі выдаткамі, стварала цяжкасці ў вывучэнні мовы, перашкаджала натуральнаму развіццю і стабілізацыі вымаўленчых правіл і норм, выпрацоўцы граматычных і арфаграфічных правіл. Узнікла неабходнасць прыняцця адзінага алфавіта. Праведзеная на старонках «Нашай нівы» пуб­лічная дыскусія паказала, што большасць чытачоў газеты выказалася на карысць кірыліцы. З 1912 г. «Наша ніва» і большасць беларускіх тэкстаў друкуюцца кірылаўскімі літарамі, больш звыклымі і знаёмы­мі для беларускага чытача, а лацінка паступова выйшла з актыўнага ўжытку.

Але неабходнасць у перадачы беларускіх слоў лацінскімі літара­
мі час ад часу ўзнікае і сёння. Напрыклад, калі трэба зрабіць паказаль­нікі з геаграфічнымі назвамі больш зразумелымі для турыстаў-замеж­ні­каў. Запіс лацінкай у гэтым выпадку ажыццяўляецца ў адпаведнасці з «Інструкцыяй па транслітарацыі* геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта» (2007): Homiel (Гомель), Minsk (Мінск), Žodzina (Жодзіна), Mahilioǔ (Магілёў), Dabrynavičy (Дабры´навічы).

Разгледзьце паказальнік на фотаздымку. Якія з надпісаў зроблены ў адпаведнасці з інструк­цыяй? Як вы думаеце, чаму толькі два з іх адпавя­даюць інструкцыі?


Чым транслітарацыя адрозніваецца ад перакладу?
Запішыце кірыліцай назвы станцый мінскага метро, прыведзеныя лацінскімі літарамі.

Kupalaǔskaja, Niamiha, Spartyǔnaja, Uručča, Pieršamajskaja, Plošča Pieramohi, Piatroǔščуna, Uschod.