§ 2-2. Віды маўленчай дзейнасці: гаварэнне, слуханне, чытанне і пісьмо

Практыкаванне 16

Прачытайце тэкст. Складзіце яго план. Карыстаючыся планам, перакажыце тэкст.

У аснове сучаснага беларускага пісьма ляжыць кірыліца — старажытная славянская азбука. Яна была складзена ў IX ст. на аснове грэчаскага алфавіта і атрымала шырокае распаўсюджанне на Русі з канца Х ст. у сувязі з прыняццем хрысціянства (988 г.). Паступова відазмяняючыся і прыстасоўваючыся да фанетычнай сістэмы старажытнарускай мовы, кірылічны алфавіт на працягу доўгага часу з поспехам абслугоўваў пісьмовыя зносіны ўсходніх славян, а пасля распаду іх адзінства — камунікацыю трох народаў (рускага, беларус­кага і ўкраінскага).

Побач з кірыліцай у XIX і пачатку XX ст. на Беларусі шырока выкарыстоўвалася лацінка — відазменены варыянт лацінскага алфавіта, які быў прыняты ў польскай мове. Лацінкай, напрыклад, былі надрукаваны творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага, некаторыя зборнікі выбраных твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі і іншыя публікацыі. У пачатку XX ст. газета «Наша ніва» і выданні суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца» друкаваліся і кірыліцай, і прыстасаванай да гукавой сістэмы беларускай мовы лацінкай.

Аднак выкарыстанне дзвюх графічных сістэм ускладняла выдавецкую дзейнасць, звязаную са значнымі матэрыяльнымі выдаткамі, стварала цяжкасці ў вывучэнні мовы, перашкаджала натуральнаму развіццю і стабілізацыі вымаўленчых правіл і норм, выпрацоўцы граматычных і арфаграфічных правіл. Узнікла неабходнасць прыняцця адзінага алфавіта. Праведзеная на старонках «Нашай нівы» пуб­лічная дыскусія паказала, што большасць чытачоў газеты выказалася на карысць кірыліцы. З 1912 г. «Наша ніва» і большасць беларускіх тэкстаў друкуюцца кірылаўскімі літарамі, больш звыклымі і знаёмы­мі для беларускага чытача, а лацінка паступова выйшла з актыўнага ўжытку.

Але неабходнасць у перадачы беларускіх слоў лацінскімі літара­
мі час ад часу ўзнікае і сёння. Напрыклад, калі трэба зрабіць паказаль­нікі з геаграфічнымі назвамі больш зразумелымі для турыстаў-замеж­ні­каў. Запіс лацінкай у гэтым выпадку ажыццяўляецца ў адпаведнасці з «Інструкцыяй па транслітарацыі* геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта» (2007): Homiel (Гомель), Minsk (Мінск), Žodzina (Жодзіна), Mahilioǔ (Магілёў), Dabrynavičy (Дабры´навічы).

Разгледзьце паказальнік на фотаздымку. Якія з надпісаў зроблены ў адпаведнасці з інструк­цыяй? Як вы думаеце, чаму толькі два з іх адпавя­даюць інструкцыі?


Чым транслітарацыя адрозніваецца ад перакладу?
Запішыце кірыліцай назвы станцый мінскага метро, прыведзеныя лацінскімі літарамі.

Kupalaǔskaja, Niamiha, Spartyǔnaja, Uručča, Pieršamajskaja, Plošča Pieramohi, Piatroǔščуna, Uschod.