§ 32. Ужыванне дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў, дзеепрыметнікавых і дзеепрыслоўных зваротаў

Практыкаванне 332

Прачытайце тэкст, ужываючы назоўнікі ў дужках у патрэбнай склонавай форме.
Знайдзіце ў тэксце дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі, дзеепрыметнікавыя і дзеепрыслоўныя звароты. У якіх выпадках аўтар выкарыстоўвае дзеепрыметнікі, а ў якіх — дзеепрыслоўі? Чым гэта абумоўлена?

Скончыўшы сваё снеданне сабраўся дзед крыху адпачыць. Але глу­хі шорах у (лес) прымусіў яго прыслухацца і разгледзеццас. І бачыць дзед Талаш: вялізны дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога (гушчар) і брыдзе па чэрава* ў (снег) не зважаючы на дзеда. Кабан падыходзіць да прыгожага (стажок-му­раш­нік) акуратна і роўна пры­сыпанага снегам і запыняецца. А потым пачынае разрываць яго сваім страшным ікластым лычом. Кожны рух магутнага лыча высока ўскідае ўгору камякі (снег) разам са смеццем нанесеным мураш­камі за цэлыя гады ўпартай працы. І хутка дзве цёмныя баразны выры­соўваюцца на чыстым некранутым (снег) (Я. Колас).

Запішыце сказы з дзеепрыметнікамі і дзеепрыслоўямі, раскрываючы дужкі і расстаўляючы знакі прыпынку. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.
Зрабіце марфалагічны разбор дзеяслова, дзеепрыметніка і дзеепрыслоўя з тэксту.
 Разгледзьце малюнак. Ці з’яўляецца ён ілюстрацыяй да ўсяго тэксту? Ці мож­на праілюстраваць адным малюнкам тэкст-апавяданне, тэкст-апісанне? Абгрунтуйце сваё меркаванне.