*§ 30-1. ГЕАГРАФІЯ СФЕРЫ НДВКП СВЕТУ

Навукова-тэхналагічныя цэнтры свету. У эпоху НТП сфарміраваўся новы функцыянальны тып свабодных зон, які злучыў навуку і вытворчасць высокіх тэхналогій. Гэта навукова-тэхналагічныя зоны, розныя па памерах, спецыялізацыі і асноўных крыніцах фінансавання. У 1984 г. была створана Міжнародная асацыяцыя навуковых паркаў (IASP), якая аб’яднала 390 тэхнапаркаў з 72 краін свету. Штаб-кватэра IASP знаходзіцца ў Малазе (Іспанія).

Стварэнне навукова-тэхналагічных цэнтраў адбываецца пад уплывам трох асноўных фактараў (мал. 211-5).

Мал.
Мал. 211-5. Фактары стварэння навукова-тэхналагічных цэнтраў

Да пачатку 1990-х гг. склаліся тры асноўныя тыпы навукова-тэхналагічных зон (мал. 211-6). Інавацыйныя цэнтры, або інкубатары, — гэта цэнтры падтрымкі малога інавацыйнага прадпрымальніцтва, дзе ствараецца спрыяльнае асяроддзе для падрыхтоўкі кадраў новых айчынных канкурэнтаздольных фірм. У цяперашні час у свеце налічваецца сотні інкубатараў, пераважна ў высокаразвітых краінах (ЗША, ФРГ, Вялікабрытанія).

Мал.
Мал. 211-6. Тыпы навукова-тэхналагічных зон

Навукова-тэхналагічны парк — гэта тэрытарыяльная група фірм, якая ажыццяўляе маламаштабную вытворчасць, заснаваную на навукова-тэхнічных распрацоўках мясцовага тэхнічнага ўніверсітэта або даследчага цэнтра. У навукова-тэхналагічных парках канцэнтруюцца фірмы, якія спецыялізуюцца на ўкараняльнай дзейнасці ў галіне высокіх тэхналогій, ствараюцца новыя навукаёмістыя фірмы, якія, як правіла, пакідаюць парк праз 3–5 гадоў.

У свеце цікавага. У развіцці навукова-тэхналагічных паркаў прасочваецца два этапы. У 1950–1970-я гг. узнікла большасць навуковых паркаў у ЗША, з’явіліся першыя ў еўрапейскіх краінах — Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі. З пачатку 1980-х гг. фарміруецца «другое пакаленне» навуковых паркаў, у асноўным у краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна (Японія, Сінгапур, Кітай і інш.).

Тэхнаполіс з’яўляецца найбольш перспектыўнай навукова-тэхналагічнай зонай у сусветнай гаспадарцы. Гэта, як правіла, новыя гарады, у якіх у адрозненне ад тэхнапаркаў не толькі адбываецца дзелавая актыўнасць, але і пражывае насельніцтва.

Тэхнаполіс — гэта свабодная зона высокіх тэхналогій, якая складаецца з навукаёмістых фірм і даследчых лабараторый, якія групуюцца вакол буйнога ўніверсітэта або навукова-даследчага цэнтра, дзе ажыццяўляецца спалучэнне навукі і тэхналогіі з сусветнай і традыцыйнай нацыянальнай культурай.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Тэхнаполіс, уключаючы прамысловую, навукова-даследчую і сялібную зоны, размяшчаецца ў мясцовасці з камфортным асяроддзем існавання, культурнымі і рэкрэацыйнымі магчымасцямі. Тэхнаполіс павінен быць размешчаны паблізу базавага горада, які забяспечваў бы яго камунальнае абслугоўванне. Абавязковымі ўмовамі з’яўляецца наяўнасць аэрапорта або станцыі хуткаснай чыгункі. Тэхнаполіс азначае стварэнне камфортнага асяроддзя пражывання, якое спрыяе творчай навуковай працы і мысленню.

Ідэя стварэння тэхнаполісаў упершыню ў свеце ўзнікла ў ЗША. Першымі тэхнаполісамі былі «Шаша № 128» (Rout № 128) у Масачусетсе, якая з’явілася ў 1920-х гг. на паўночным усходзе ЗША ў выглядзе паўкольцавай дарогі, што аддзяляе цэнтральныя раёны Бостана ад перыферыйных, і «Крэмнiевая даліна» (Silicon Valley) у Каліфорніі (мал. 211-7), якая ўзнікла пасля Другой сусветнай вайны.

Мал.
Мал. 211-7. Фрагмент тэхнаполіса Крэмнiевая даліна (ЗША)

Калі Крэмнiевая даліна ўзнікла «з нуля» на месцы персікавых плантацый, то бостанскі цэнтр высокіх тэхналогій утварыўся ў рэгіёне, які з часу ўзнікнення ЗША як дзяржавы з’яўляўся калыскай інтэлектуальнай эліты Амерыкі. Новая Англія — рэгіён на поўнач ад Нью-Ёрка — адзін з найбольш паспяховых. Сярэднедушавы даход тут адзін з самых высокіх у ЗША. Ужо некалькі сотняў гадоў Бостан з’яўляецца адным з адукацыйных і культурных цэнтраў ЗША. Менавіта тут размешчаны Гарвардскі (заснаваны ў 1636 г.) і Паўночна-Усходні ўніверсітэты, Масачусецкі тэхналагічны інстытут (MIT) (заснаваны ў 1861 г.).

У цяперашні час у тэхнаполісе «Шаша № 128» размяшчаюцца такія найбуйнейшыя ТНК свету, як General Electric, якая спецыялізуецца на вытворчасці бытавой электратэхнікі, Pfizer, што вырабляе фармацэўтычныя тавары. У Крэмнiевай даліне таксама размешчаны вядучыя кампаніі свету. Напрыклад, Apple, Facebook, Google, Hewlett-Packard, Intel і інш.

Найбуйнейшымі ў свеце лічацца сем тэхнаполісаў (табл. *16).

Табліца *16. Найбуйнейшыя тэхнаполісы свету
Табл.

Падвядзём вынікі. Высокатэхналагічныя галіны з’яўляюцца індыкатарам высокага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і патрабуюць значных выдаткаў на навуковыя даследаванні. Найбольшае развіццё гэтыя віды эканамічнай дзейнасці атрымалі ў эканамічна высокаразвітых краінах свету.

Праверым свае веды. 1. Якія галіны і віды эканамічнай дзейнасці з’яўляюцца высокатэхналагічнымі? 2. У якіх краінах атрымала перадавое развіццё вытворчасць касмічных лётных апаратаў? 3. Якія ТНК лідзіруюць у фармацэўтыцы? 4. Якія краіны з’яўляюцца вядучымі экспарцёрамі прадукцыі высокатэхналагічных галін?