Печатать книгуПечатать книгу

*§ 30-1. ГЕАГРАФІЯ СФЕРЫ НДВКП СВЕТУ

Успамінаем. У чым падабенства і адрозненні паміж навукова-тэхнічным прагрэсам і навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй? Якія асноўныя напрамкі навукова-тэхнічнага прагрэсу? Для якіх галін сусветнай гаспадаркі характэрныя найбольшыя выдаткі на навуковыя даследаванні? У якіх краінах атрымалі найбольшае развіццё галіны высокіх тэхналогій? Чым гэта можна растлумачыць?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія найстарэйшыя ўніверсітэты свету вы ведаеце? Што такое тэхнапарк? На якіх напрамках навуковых даследаванняў яны спецыялізуюцца? З чым гэта звязана?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: *§ 30-1. ГЕАГРАФІЯ СФЕРЫ НДВКП СВЕТУ
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 07:44

Навука як самастойная галіна сусветнай гаспадаркі ў структуры сектара паслуг. Укараненне дасягненняў навукі і тэхналогій ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. набыло глабальны характар. У структуры сусветнай гаспадаркі навука стала выступаць самастойнай галіной, а ў структуры гаспадаркі эканамічна развітых дзяржаў — прыярытэтнай. Развіццё навукі ў краіне ацэньваецца наяўнасцю галін высокіх тэхналогій. Узровень развіцця навукі і навукаёмістых галін стварае аснову дынамічнага эканамічнага развіцця. Памеры навукаёмістага сектара і маштабы выкарыстання высокіх тэхналогій характарызуюць навукова-тэхнічны і эканамічны патэнцыял краін свету.

Асноўныя паказчыкі ўзроўню развіцця навуковай сферы. У канцы ХХ ст., калі навукаёмістасць вытворчасці і паслуг у свеце становіцца прыярытэтам развіцця сусветнай гаспадаркі, для міжнародных супастаўленняў і ацэнкі ўзроўню развіцця навукі існуюць некалькі сістэм паказчыкаў (Science and Technology, Science and Engineering, R & D і інш.) — Сусветнага банка, ЮНЕСКА, АЭСР, Навуковага фонду ЗША і інш. Іх агульнай рысай з’яўляецца вылучэнне трох груп паказчыкаў: 1) колькасць навуковага персаналу; 2) месца навукі і тэхналогій у структуры эканомікі; 3) рэзультатыўнасць навуковай дзейнасці. Асноўны з іх — сістэма паказчыкаў Сусветнага банка. Яна ўключае 8 паказчыкаў (мал. 211-1).

Мал.
Мал. 211-1. Сістэма паказчыкаў развіцця навукі Сусветнага банка

Тэндэнцыі развіцця навукі ў сусветнай гаспадарцы ў ХХI стагоддзі. Сучасны сусветны рынак даследчыкаў у сферы НДВКП (навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія працы) налічвае 7209,7 тыс. чал., колькасць якіх пастаянна расце за кошт дзяржаў Азіі, якія развіваюцца. На эканамічна развітыя дзяржавы прыходзіцца 62,1 %, якія развіваюцца — 37,9 % даследчыкаў свету. Азіяцкі рэгіён характарызуецца найбольшай колькасцю навуковага персаналу — каля 3 млн чал., ці 40,9 % сусветнага рынку. Няўхільна ўзрастае доля Кітая. Другое месца належыць Еўропе — 29,5 %. Амерыканскі рэгіён займае трэцяе месца — 25,4 %.

Колькасць даследчыкаў на 1 млн жыхароў у свеце складае 1277 чал. У развітых краінах гэты паказчык у тры разы вышэй, чым у краінах, якія развіваюцца.

Найбольшая колькасць даследчыкаў у разліку на 1 млн чал. характэрная для Даніі (7483 чал.), Рэспублікі Карэя (7087 чал.) і Швецыі (7021 чал.) (мал. 211-2). Больш за ўсё інжынераў у свеце на 1 млн чал. працуе ў Люксембургу, Славеніі і Ісландыі.

Мал.
Мал. 211-2. Колькасць даследчыкаў на 1 млн чал. (па даных ЮНЕСКА, 2015 г.)

Доля выдаткаў на НДВКП у структуры ВУП складае ў свеце 2,27 % пры двухразовым разрыве паміж эканамічна развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Да катэгорыі высокатэхналагічнай прадукцыі ў цяперашні час прынята адносіць такую прадукцыю, пры вытворчасці якой узровень навукаёмістасці (доля выдаткаў на даследаванні і распрацоўкі, аднесеная да вынікаў вытворчасці) складае не менш за 3,5 %. У выпадку, калі доля выдаткаў на навуку больш за 8,5 %, дадзеная вытворчасць у краіне з’яўляецца вядучай навукаёмістай тэхналогіяй. Узровень навукаёмістых тэхналогій сярэдняга ўзроўню складае 2,5 %, нізкага ўзроўню — 0,5 %. Крытычнай кропкай развіцця навуковай сферы ў краіне з’яўляецца паказчык долі выдаткаў на ўзроўні 0,33 %.

У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя росту выдаткаў у краінах, якія развіваюцца, і зніжэнне — у эканамічна развітых.

Па долі выдаткаў на НДВКП вылучаюць тры групы краін: 1) з высокімі выдаткамі, больш за 3 %; 2) сярэднімі — 1–3 %; 3) нізкімі — менш за 1 %. У першую групу ўваходзяць такія дзяржавы, як Ізраіль і Рэспубліка Карэя (па 4,3 %), Японія (3,4 %), Швецыя (3,3 %), Фінляндыя (3,2 %) (мал. 211-3). У большасці эканамічна развітых краін гэты паказчык вагаецца ад 2,5 да 3 %, у краінах з пераходнай эканомікай — 1,5 %. Цікава, што за 2000–2015 гг. доля выдаткаў у Кітаі ўзрасла амаль у тры разы — з 0,7 % да 2,0 %.

Мал.
Мал. 211-3. Доля выдаткаў на НДВКП, % ад ВУП (па даных ЮНЕСКА, 2015 г.)

Ва ўмовах постындустрыяльнага развіцця ў міжнародным гандлі прыкметна ўзрастае роля экспарту высокіх тэхналогій. Сусветны паказчык складае 17,9 %. У рэгіянальнай структуры вядучае месца належыць дзяржавам Усходняй Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёна — 24,5 %. У Філіпінах доля экспарту перавышае 50 %, у Кітаі перавысіла 25 %. Да краін з высокай доляй экспарту адносяцца таксама Сінгапур (49 %), Малайзія (43 %), Казахстан (30 %), Ірландыя (29 %), Швейцарыя, Францыя і Рэспубліка Карэя (па 27 %) (мал. 211-4).

Мал.
Мал. 211-4. Глабальныя цэнтры экспарту высокіх тэхналогій (па даных ЮНЕСКА, 2015 г.)

Адным з паказчыкаў рэзультатыўнасці навукі з’яўляецца публікацыйная актыўнасць. У 2016 г. у свеце было апублікавана 2296 тыс. артыкулаў, з іх у развітых краінах — 75,3 %, краінах, якія развіваюцца, — 24,7 %. Адметнай асаблівасцю дынамікі за 2000–2016 гг. з’яўляецца двухразовы рост колькасці артыкулаў у краінах, якія развіваюцца. Еўропа характарызуецца ў рэгіянальнай структуры найбольшай доляй публікацый — 42,5 %, Амерыка займае другую пазіцыю (35,3 %), Азія — трэцюю (30,7 %). Сярод еўрапейскіх краін першыя пазіцыі на сусветным рынку навуковых публікацый займаюць Германія і Францыя. У Азіі вылучаецца найстарэйшы цэнтр — Японія (7,6 % сусветнага рынку). Новым лідарам становіцца Кітай. За 2000–2016 гг. колькасць артыкулаў павялічылася больш чым на 30 %, і ў цяперашні час гэтая краіна займае першае месца. Другое месца ў свеце па колькасці публікацый займае Індыя.

Свет і Беларусь. Якія буйныя ўніверсітэты ў Беларусі вы ведаеце? Спецыялістаў у якіх сферах яны рыхтуюць? Выкарыстоўваючы дадатковую літаратуру, зрабіце міні-паведамленне на тэму, якія напрамкі навуковых даследаванняў у нашай краіне маюць міжнароднае прызнанне.

Рэгіёны сучаснай навукі і іх міжнародная спецыялізацыя. У навуковай прасторы свету ў ХХI ст. сфарміраваліся тры рэгіёны НДВКП: паўночнаамерыканскі, еўрапейскі і ўсходнеазіяцкі. Адметнай тэндэнцыяй геаграфіі галіны з’яўляецца высокая ступень прасторавай канцэнтрацыі. Тры дзяржавы — ЗША, Японія, Кітай — і ЕС засяроджваюць каля 80 % сусветных выдаткаў на НДВКП і аб’ёму экспарту высокіх тэхналогій, на іх долю прыпадае больш за 80 % навуковых публікацый і каля 70 % навуковых даследчыкаў свету.

ЗША валодаюць самым магутным у свеце патэнцыялам для развіцця навукі і тэхналогій і характарызуюцца найбольшымі аб’ёмамі выдаткаў на НДВКП (31,1 % сусветных). У краіне сканцэнтраваная пятая частка сусветнага рынку даследчыкаў, якімі выконваецца каля 30 % навуковых публікацый свету. Па выдатках на НДВКП у структуры ВУП (2,85 %) ЗША саступаюць у чацвёрцы лідараў толькі Японіі. Адносна высокай у параўнанні з іншымі дзяржавамі з’яўляецца доля экспарту высокіх тэхналогій у агульнай структуры экспарту — 20 %.

Еўрапейскі рэгіён з’яўляецца таксама адным з найважнейшых у сферы навукі і тэхналогій, аднак у параўнанні з ЗША мае больш глыбокія гістарычныя карані і традыцыі. Дзякуючы гэтаму фактару на долю Еўрапейскага саюза прыходзіцца 36,5 % сусветнага экспарту высокіх тэхналогій і 36,5 % навуковых публікацый. Тут таксама, як і ў ЗША, канцэнтруецца прыкладна пятая частка сусветнага рынку даследчыкаў, аднак па агульных выдатках на НДВКП ЕС займае другое месца ў сусветнай структуры (24,1 %). Для рэгіёна характэрная адносна высокая ў параўнанні з ЗША і Японіяй сярэдняя доля выдаткаў на НДВКП у структуры ВУП — 2,1 %, хоць гістарычна ў шэрагу дзяржаў (Фінляндыя, Швецыя, Данія і інш.) яны значна перавышаюць сярэднесусветныя паказчыкі. Доля экспарту высокіх тэхналогій у агульным аб’ёме экспарту рэгіёна невысокая ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі навукі і складае 15,3 %.

Усходнеазіяцкі рэгіён у сучасным свеце найбольш дынамічна развіваецца. У Японіі гістарычна надавалася большае значэнне сферы НДВКП, нягледзячы на тое што, у адрозненне ад Еўропы, гэтая галіна адносна маладая і яе найбольш інтэнсіўнае развіццё пачалося пасля Другой сусветнай вайны. Доля дзяржавы ў сусветнай структуры выдаткаў на НДВКП складае 11,2 %. Асаблівасць навукі Японіі — гэта дбайны адбор прыярытэтных напрамкаў у навукова-тэхнічнай палітыцы, эфектыўная арганізацыя і кіраванне даследаваннямі дзяржавы. Таму краіна характарызуецца высокай у свеце колькасцю даследчыкаў, якія прыходзяцца на 1 млн жыхароў, — 5230 чал., а таксама самымі высокімі значэннямі выдаткаў на НДВКП сярод чацвёркі — 3,4 %. Доля экспарту высокіх тэхналогій у агульнай структуры экспарту ў Японіі супастаўная з ЗША — 16 %. Аднак у сусветнай структуры навуковых публікацый, даследчыкаў і экспарту высокіх тэхналогій краіна саступае ЕС, ЗША і Кітаю.

Навукова-тэхналагічныя цэнтры свету. У эпоху НТП сфарміраваўся новы функцыянальны тып свабодных зон, які злучыў навуку і вытворчасць высокіх тэхналогій. Гэта навукова-тэхналагічныя зоны, розныя па памерах, спецыялізацыі і асноўных крыніцах фінансавання. У 1984 г. была створана Міжнародная асацыяцыя навуковых паркаў (IASP), якая аб’яднала 390 тэхнапаркаў з 72 краін свету. Штаб-кватэра IASP знаходзіцца ў Малазе (Іспанія).

Стварэнне навукова-тэхналагічных цэнтраў адбываецца пад уплывам трох асноўных фактараў (мал. 211-5).

Мал.
Мал. 211-5. Фактары стварэння навукова-тэхналагічных цэнтраў

Да пачатку 1990-х гг. склаліся тры асноўныя тыпы навукова-тэхналагічных зон (мал. 211-6). Інавацыйныя цэнтры, або інкубатары, — гэта цэнтры падтрымкі малога інавацыйнага прадпрымальніцтва, дзе ствараецца спрыяльнае асяроддзе для падрыхтоўкі кадраў новых айчынных канкурэнтаздольных фірм. У цяперашні час у свеце налічваецца сотні інкубатараў, пераважна ў высокаразвітых краінах (ЗША, ФРГ, Вялікабрытанія).

Мал.
Мал. 211-6. Тыпы навукова-тэхналагічных зон

Навукова-тэхналагічны парк — гэта тэрытарыяльная група фірм, якая ажыццяўляе маламаштабную вытворчасць, заснаваную на навукова-тэхнічных распрацоўках мясцовага тэхнічнага ўніверсітэта або даследчага цэнтра. У навукова-тэхналагічных парках канцэнтруюцца фірмы, якія спецыялізуюцца на ўкараняльнай дзейнасці ў галіне высокіх тэхналогій, ствараюцца новыя навукаёмістыя фірмы, якія, як правіла, пакідаюць парк праз 3–5 гадоў.

У свеце цікавага. У развіцці навукова-тэхналагічных паркаў прасочваецца два этапы. У 1950–1970-я гг. узнікла большасць навуковых паркаў у ЗША, з’явіліся першыя ў еўрапейскіх краінах — Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі. З пачатку 1980-х гг. фарміруецца «другое пакаленне» навуковых паркаў, у асноўным у краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна (Японія, Сінгапур, Кітай і інш.).

Тэхнаполіс з’яўляецца найбольш перспектыўнай навукова-тэхналагічнай зонай у сусветнай гаспадарцы. Гэта, як правіла, новыя гарады, у якіх у адрозненне ад тэхнапаркаў не толькі адбываецца дзелавая актыўнасць, але і пражывае насельніцтва.

Тэхнаполіс — гэта свабодная зона высокіх тэхналогій, якая складаецца з навукаёмістых фірм і даследчых лабараторый, якія групуюцца вакол буйнога ўніверсітэта або навукова-даследчага цэнтра, дзе ажыццяўляецца спалучэнне навукі і тэхналогіі з сусветнай і традыцыйнай нацыянальнай культурай.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Тэхнаполіс, уключаючы прамысловую, навукова-даследчую і сялібную зоны, размяшчаецца ў мясцовасці з камфортным асяроддзем існавання, культурнымі і рэкрэацыйнымі магчымасцямі. Тэхнаполіс павінен быць размешчаны паблізу базавага горада, які забяспечваў бы яго камунальнае абслугоўванне. Абавязковымі ўмовамі з’яўляецца наяўнасць аэрапорта або станцыі хуткаснай чыгункі. Тэхнаполіс азначае стварэнне камфортнага асяроддзя пражывання, якое спрыяе творчай навуковай працы і мысленню.

Ідэя стварэння тэхнаполісаў упершыню ў свеце ўзнікла ў ЗША. Першымі тэхнаполісамі былі «Шаша № 128» (Rout № 128) у Масачусетсе, якая з’явілася ў 1920-х гг. на паўночным усходзе ЗША ў выглядзе паўкольцавай дарогі, што аддзяляе цэнтральныя раёны Бостана ад перыферыйных, і «Крэмнiевая даліна» (Silicon Valley) у Каліфорніі (мал. 211-7), якая ўзнікла пасля Другой сусветнай вайны.

Мал.
Мал. 211-7. Фрагмент тэхнаполіса Крэмнiевая даліна (ЗША)

Калі Крэмнiевая даліна ўзнікла «з нуля» на месцы персікавых плантацый, то бостанскі цэнтр высокіх тэхналогій утварыўся ў рэгіёне, які з часу ўзнікнення ЗША як дзяржавы з’яўляўся калыскай інтэлектуальнай эліты Амерыкі. Новая Англія — рэгіён на поўнач ад Нью-Ёрка — адзін з найбольш паспяховых. Сярэднедушавы даход тут адзін з самых высокіх у ЗША. Ужо некалькі сотняў гадоў Бостан з’яўляецца адным з адукацыйных і культурных цэнтраў ЗША. Менавіта тут размешчаны Гарвардскі (заснаваны ў 1636 г.) і Паўночна-Усходні ўніверсітэты, Масачусецкі тэхналагічны інстытут (MIT) (заснаваны ў 1861 г.).

У цяперашні час у тэхнаполісе «Шаша № 128» размяшчаюцца такія найбуйнейшыя ТНК свету, як General Electric, якая спецыялізуецца на вытворчасці бытавой электратэхнікі, Pfizer, што вырабляе фармацэўтычныя тавары. У Крэмнiевай даліне таксама размешчаны вядучыя кампаніі свету. Напрыклад, Apple, Facebook, Google, Hewlett-Packard, Intel і інш.

Найбуйнейшымі ў свеце лічацца сем тэхнаполісаў (табл. *16).

Табліца *16. Найбуйнейшыя тэхнаполісы свету
Табл.

Падвядзём вынікі. Высокатэхналагічныя галіны з’яўляюцца індыкатарам высокага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і патрабуюць значных выдаткаў на навуковыя даследаванні. Найбольшае развіццё гэтыя віды эканамічнай дзейнасці атрымалі ў эканамічна высокаразвітых краінах свету.

Праверым свае веды. 1. Якія галіны і віды эканамічнай дзейнасці з’яўляюцца высокатэхналагічнымі? 2. У якіх краінах атрымала перадавое развіццё вытворчасць касмічных лётных апаратаў? 3. Якія ТНК лідзіруюць у фармацэўтыцы? 4. Якія краіны з’яўляюцца вядучымі экспарцёрамі прадукцыі высокатэхналагічных галін?