*§ 30-1. ГЕАГРАФІЯ СФЕРЫ НДВКП СВЕТУ

Рэгіёны сучаснай навукі і іх міжнародная спецыялізацыя. У навуковай прасторы свету ў ХХI ст. сфарміраваліся тры рэгіёны НДВКП: паўночнаамерыканскі, еўрапейскі і ўсходнеазіяцкі. Адметнай тэндэнцыяй геаграфіі галіны з’яўляецца высокая ступень прасторавай канцэнтрацыі. Тры дзяржавы — ЗША, Японія, Кітай — і ЕС засяроджваюць каля 80 % сусветных выдаткаў на НДВКП і аб’ёму экспарту высокіх тэхналогій, на іх долю прыпадае больш за 80 % навуковых публікацый і каля 70 % навуковых даследчыкаў свету.

ЗША валодаюць самым магутным у свеце патэнцыялам для развіцця навукі і тэхналогій і характарызуюцца найбольшымі аб’ёмамі выдаткаў на НДВКП (31,1 % сусветных). У краіне сканцэнтраваная пятая частка сусветнага рынку даследчыкаў, якімі выконваецца каля 30 % навуковых публікацый свету. Па выдатках на НДВКП у структуры ВУП (2,85 %) ЗША саступаюць у чацвёрцы лідараў толькі Японіі. Адносна высокай у параўнанні з іншымі дзяржавамі з’яўляецца доля экспарту высокіх тэхналогій у агульнай структуры экспарту — 20 %.

Еўрапейскі рэгіён з’яўляецца таксама адным з найважнейшых у сферы навукі і тэхналогій, аднак у параўнанні з ЗША мае больш глыбокія гістарычныя карані і традыцыі. Дзякуючы гэтаму фактару на долю Еўрапейскага саюза прыходзіцца 36,5 % сусветнага экспарту высокіх тэхналогій і 36,5 % навуковых публікацый. Тут таксама, як і ў ЗША, канцэнтруецца прыкладна пятая частка сусветнага рынку даследчыкаў, аднак па агульных выдатках на НДВКП ЕС займае другое месца ў сусветнай структуры (24,1 %). Для рэгіёна характэрная адносна высокая ў параўнанні з ЗША і Японіяй сярэдняя доля выдаткаў на НДВКП у структуры ВУП — 2,1 %, хоць гістарычна ў шэрагу дзяржаў (Фінляндыя, Швецыя, Данія і інш.) яны значна перавышаюць сярэднесусветныя паказчыкі. Доля экспарту высокіх тэхналогій у агульным аб’ёме экспарту рэгіёна невысокая ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі навукі і складае 15,3 %.

Усходнеазіяцкі рэгіён у сучасным свеце найбольш дынамічна развіваецца. У Японіі гістарычна надавалася большае значэнне сферы НДВКП, нягледзячы на тое што, у адрозненне ад Еўропы, гэтая галіна адносна маладая і яе найбольш інтэнсіўнае развіццё пачалося пасля Другой сусветнай вайны. Доля дзяржавы ў сусветнай структуры выдаткаў на НДВКП складае 11,2 %. Асаблівасць навукі Японіі — гэта дбайны адбор прыярытэтных напрамкаў у навукова-тэхнічнай палітыцы, эфектыўная арганізацыя і кіраванне даследаваннямі дзяржавы. Таму краіна характарызуецца высокай у свеце колькасцю даследчыкаў, якія прыходзяцца на 1 млн жыхароў, — 5230 чал., а таксама самымі высокімі значэннямі выдаткаў на НДВКП сярод чацвёркі — 3,4 %. Доля экспарту высокіх тэхналогій у агульнай структуры экспарту ў Японіі супастаўная з ЗША — 16 %. Аднак у сусветнай структуры навуковых публікацый, даследчыкаў і экспарту высокіх тэхналогій краіна саступае ЕС, ЗША і Кітаю.