§ 30. ГЕАГРАФІЯ СЕКТАРА ІНФАРМАЦЫЙНА-КАМУНІКАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ СВЕТУ

Лічбавізацыя сусветнай гаспадаркі. Хуткае развіццё ІКТ не толькі прывяло да з’яўлення новых відаў эканамічнай дзейнасці, але і выступіла найважнейшым фактарам фарміравання лічбавай эканомікі свету.

Па вызначэнні Сусветнага банка, лічбавая эканоміка — гэта сістэма эканамічных, сацыяльных і культурных адносін, заснаваных на выкарыстанні лічбавых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

У выніку лічбавізацыі сусветнай гаспадаркі на змену ранейшым вытворчым адносінам тыпу «чалавек — машына», прыходзяць новыя «машына — машына (М2М)», дзе чалавек можа ўжо не выступаць суб’ектам.

У свеце ТНК. Прыкладамі паспяховага стварэння арганізацыйна-тэхналагічных лічбавых платформ з’яўляюцца новыя віды інтэрнэт-паслуг. Напрыклад, у транспартнай сферы — гэта мабільны дадатак UBER, беспілотны транспарт; у сферы арэнды жылля — гэта анлайн-пляцоўка для размяшчэння, пошуку і кароткатэрміновай арэнды прыватнага жылля па ўсім свеце Airbnb; у сферы інтэрнэт-камерцыі — гэта Alibaba; у сферы камунікацыі — найбуйнейшая сацыяльная сетка ў свеце Facebook і інш.

У свеце цікавага. Сучасныя медыцынскія паслугі развіваюць лічбавыя генетычныя тэхналогіі, якія дазваляюць яшчэ да нараджэння чалавека карэкціраваць генетычныя адхіленні і з дапамогай некалькіх ін’екцый вылечваць хваробы, якія раней лічыліся невылечнымі. Сучасная будаўнічая галіна сёння дазваляе ствараць лічбавыя мадэлі будынкаў, максімальна аператыўна мяняць праекты, кіраваць будаўніцтвам будынкаў.

Па прагнозах экспертаў у галіне лічбавай эканомікі, прыкладна да 2020 г. каля паловы тавараў і паслуг будуць абсалютна або адносна «новымі разумнымі» («разумны горад», «разумны дом», «разумная дарога», «разумная машына», «разумнае адзенне» і г. д.).

Лічбавымі краінамі-лідарамі на сённяшні дзень з’яўляюцца Нарвегія, Швецыя і Швейцарыя. У топ-10 уваходзяць ЗША, Вялікабрытанія, Данія, Фінляндыя, Сінгапур, Рэспубліка Карэя і Ганконг.

Падвядзём вынікі. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі актыўна ўкараняюцца ва ўсе сферы дзейнасці чалавечага грамадства. Постындустрыяльныя краіны займаюцца вытворчасцю ... . Краіны, якія развіваюцца, актыўна ўкараняюць дасягненні ІКТ ва ўсіх сферах гаспадаркі. Аўтсорсінг — гэта ... . Лічбавая эканоміка — гэта ... .

Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя тэндэнцыі распаўсюджвання ІКТ? 2. У чым адрозненні ў МГПП у сектары ІКТ? 3. Якія існуюць адрозненні ва ўзроўні развіцця ІКТ паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца?

Ад простага да складанага. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце паведамленне «ІКТ і геаграфія». Выкажыце сваё меркаванне па пытанні: распрацоўка мабільных дадаткаў — новы павеў ці доўгачаканы сэрвіс?

Ад тэорыі да практыкі. Складзіце калаж «Як ІКТ змянілі жыццё маёй сям’і?».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Міжнароднага саюза электрасувязі.