§ 30. ГЕАГРАФІЯ СЕКТАРА ІНФАРМАЦЫЙНА-КАМУНІКАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ СВЕТУ

Склад і месца інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) у сусветнай гаспадарцы. ІКТ з’яўляюцца неад’емнай часткай развіцця сучаснага свету. Дзякуючы камп’ютарызацыі інфармацыйная прастора набыла глабальны маштаб. ІКТ сталі прымяняцца ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека, пачынаючы ад вырашэння паўсядзённых патрэб чалавека і заканчваючы забеспячэннем банкаўскай і фінансавай дзейнасці краін, падатковай сістэмы, адукацыі (мал. 204), медыцыны (мал. 205), а таксама кіраваннем транспартам, прамысловымі прадпрыемствамі і г. д.

У цяперашні час міжнародныя эканамічныя арганізацыі разглядаюць тэлекамунікацыйныя віды дзейнасці, інтэрнэт-індустрыю, электронную выдавецкую справу, вытворчасць камп’ютарнай тэхнікі, праграмнага забеспячэння і іншыя сумежныя падгаліны як адзінае цэлае — інфармацыйна-камунікацыйны сектар (ІКС), або ІК-сектар.

ІКТ уключае вялікую колькасць відаў вытворчасцей і паслуг і складаецца з двух звёнаў. Першае звяно — аснова ІКС — гэта прамысловыя галіны, якія вырабляюць прадукцыю, прызначаную для рэалізацыі інфармацыйных працэсаў і камунікацыі, уключаючы перадачу інфармацыі і яе прадстаўленне. Другім звяном ІКС з’яўляюцца сэрвісныя галіны, якія вырабляюць інфармацыйныя тавары і паслугі: публікацыя электронных газет і іншых інтэрнэт-выданняў, распаўсюджванне ПЗ, тэле- і радыёвяшчанне і тэлекамунікацыйныя паслугі па перадачы тэксту, гуку і выявы на адлегласць, кансалтынгавыя інтэрнэт-паслугі, правайдарскія паслугі па доступе ў інтэрнэт і пошуку інфармацыі і інш. (мал. 206).

Пералічаныя віды вытворчасцей і паслуг сектара ІКТ абумоўліваюць рост усіх галін сусветнай гаспадаркі, нацыянальных эканомік і свету ў цэлым.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як узровень развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій залежыць ад узроўню развіцця краіны?

ІКТ уяўляюць з сябе самастойны сектар сусветнай гаспадаркі і з’яўляюцца магутным рухавіком сусветнага эканамічнага развіцця. Яны ствараюць перадумовы для фарміравання глабальнага інфармацыйнага грамадства.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У 2000 г. у Японіі была прынята Акінаўская хартыя, якая абвясціла, што ўсе людзі без выключэння павінны мець аднолькавую магчымасць карыстацца перавагамі глабальнага інфармацыйнага грамадства. Аднак нягледзячы на хуткае развіццё ІКТ у свеце на шляху да глабальнага інфармацыйнага грамадства ляжыць «лічбавая прорва» (Digital divide) (ЛП). Дадзены тэрмін азначае сацыяльна-эканамічны разрыў паміж насельніцтвам, бізнесам і геаграфічнымі тэрыторыямі ў даступнасці да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Магчымасці насельніцтва і прыватных кампаній атрымліваць перавагі ад выкарыстання інтэрнэту ў развітых краінах значна вышэйшая за магчымасці краін, якія развіваюцца. Напрыклад, у Нарвегіі доступ да інтэрнэту мае 97 % насельніцтва, у Ліберыі — 0,07 %.

ІКС уносіць вялікі ўклад у развіццё постындустрыяльнай эканомікі. На гэты час ён з’яўляецца найбуйнейшым сегментам сусветнай гаспадаркі. Яго прадукцыя складае 6,0 % сусветнага ВУП, занятасць — 6–8 % агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, інвестыцыі — 14–20 % кошту прадукцыі.

Свет і Беларусь. Што вы ведаеце аб Парку высокіх тэхналогій? Якія дасягненні ІКТ актыўна ўкараняюцца ў Беларусі і даступныя для масавага карыстання грамадзянамі нашай краіны?