§ 30. ГЕАГРАФІЯ СЕКТАРА ІНФАРМАЦЫЙНА-КАМУНІКАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ СВЕТУ

Узровень развіцця ІКТ у свеце і адрозненні паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца. Сусветны сегмент ІКТ атрымаў найбольш актыўнае развіццё на пачатку ХХІ ст. і з таго часу паказвае інтэнсіўны рост. Сусветны рынак інфармацыйных паслуг у развітых краінах падышоў да заканчэння інтэнсіўнага развіцця і перайшоў да задавальнення гэтымі паслугамі масавага спажыўца. Краіны, якія развіваюцца, не змаглі яшчэ ў поўным аб’ёме ўзняць узровень ІКТ-індустрыі да развітых краін. Яны імкнуцца пераадолець інфармацыйную адсталасць за кошт маштабнага ўкаранення камп’ютараў і інфармацыйных тэхналогій у эканоміку, навуку і хатнія гаспадаркі.

Адным з асноўных крытэрыяў, які характарызуе развіццё ІКТ, з’яўляецца ўзровень выкарыстання інтэрнэту (колькасць карыстальнікаў, хуткасць, кошт). Так, адбываецца рост колькасці абанентаў мабільнай сотавай сувязі і скарачаецца — фіксаванай тэлефоннай. Пры агульным росце колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў сёння ў свеце каля 50 % насельніцтва не мае доступу да яго. Няўхільна з 2010 г. адбываецца павелічэнне колькасці абанентаў мабільнай шырокапалоснай сувязі (мал. 207).

Існуе значны разрыў паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, па ўзроўні развіцця ІКТ. Напрыклад, у развітых краінах у два разы больш абанентаў высакахуткаснай сувязі, чым у краінах, якія развіваюцца. Гэтыя адрозненні таксама істотныя ў выкарыстанні інтэрнэту. Колькасць хатніх гаспадарак, якія маюць падключэнне, у развітых краінах амаль удвая вышэйшая, чым у краінах, якія развіваюцца (мал. 208).

Значныя адрозненні існуюць паміж рэгіёнамі свету (мал. 209–211).

У большасці краін Афрыкі праверыць электронную пошту зможа толькі трэцяя частка насельніцтва. Менш за ўсё шанцаў далучыцца да інтэрнэту ў жыхароў Эфіопіі. Кошт мабільнага інтэрнэту тут складае 150 дол. ЗША ў месяц за 30 Гб. Адзіная краіна ў свеце, дзе інтэрнэт забаронены на дзяржаўным узроўні, — гэта КНДР. Замест яго створаны інтранэт (нацыянальная сетка) Кванмен.

У свеце цікавага. У КНДР навіны, электронныя кнігі, свая пошукавая сістэма праходзяць праверку ў спецыяльным Цэнтры камп’ютарнай інфармацыі. Аднак для турыстаў зрабілі крок насустрач, дазволіўшы карыстацца тэлефонамі і мабільным інтэрнэтам унутры краіны. Да 2013 г. гаджэты трэба было здаваць на захоўванне ў аэрапорце. Сеткі Wi-Fi даступныя толькі на тэрыторыі замежных амбасад і міжнародных арганізацый. Да 2014 г. Wi-Fi можна было выкарыстоўваць без абмежаванняў, але закон зрабілі больш жорсткім з-за спроб грамадзян КНДР далучыцца да бясплатнага, а галоўнае — свабоднага інтэрнэту. Спробы злавіць сетку каля будынкаў консульстваў хутка спыніліся.

Самы хуткі інтэрнэт у свеце зарэгістраваны ў Нацыянальным упраўленні па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы — НАСА (ЗША) — 91 Гігабіт/с, а самы павольны — у Іране (3 Мбіт/с).

Для комплекснай характарыстыкі ўзроўню развіцця ІК-сектара выкарыстоўваецца індэкс развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ICT Development Index — IDI). Гэта камбінаваны паказчык, які быў распрацаваны Міжнародным саюзам электрасувязі — спецыялізаваным падраздзяленнем ААН у галіне ІКТ. Ён уключае 11 паказчыкаў па трох асноўных раздзелах: доступ да ІКТ, выкарыстанне ІКТ і навыкі ІКТ. Напрыклад, паказчыкам доступу да ІКТ з’яўляецца колькасць абанентаў мабільнай сувязі на 100 чал., паказчыкам выкарыстання — працэнт карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт, паказчыкам навыкаў — сярэдняя працягласць навучання.

Па даных за 2017 г., Еўропа застаецца вядучым рэгіёнам у развіцці ІКТ. Краінамі з найбольш высокім узроўнем развіцця ІКТ у свеце з’яўляюцца Ісландыя, Рэспубліка Карэя, Швейцарыя, Данія і Вялікабрытанія. Самыя адсталыя краіны па развіцці ІКТ у свеце — афрыканскія дзяржавы Эрытрэя, ЦАР, Чад, Гвінея-Бісау, Бурундзі.