§ 30. ГЕАГРАФІЯ СЕКТАРА ІНФАРМАЦЫЙНА-КАМУНІКАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ СВЕТУ

Міжнародны геаграфічны падзел працы ў ІКС. Геаграфія вытворцаў сектара ІКТ прадстаўлена трыма асноўнымі цэнтрамі. На працягу доўгага часу назіраецца ўстойлівае лідарства ЗША. Міжнароднае развіццё сектара ІКТ да пачатку 2000-х гг. характарызавалася вядучымі пазіцыямі развітых краін. Аднак на пачатку 2010-х гг. назіраецца зрух вытворчасці ІКТ-тавараў і паслуг у КНР, Індыю і іншыя краіны Азіі, якія развіваюцца. Таму трыма асноўнымі цэнтрамі развіцця ІКТ з’яўляюцца ў цяперашні час ЗША, Еўропа і лідзіруючая група азіяцкіх краін — Кітай, Рэспубліка Карэя, Японія і Індыя.

Інтэрнацыяналізацыя індустрыі ІКТ суправаджаецца паглыбленнем спецыялізацыі краін і перадачай асобных відаў вытворчасцей або паслуг у аўтсорсінг замежным кампаніям.

Аўтсорсінг — перадача прадпрыемствам/арганізацыяй пэўных відаў або функцый вытворчай прадпрымальніцкай дзейнасці іншай кампаніі, што дзейнічае ў патрэбнай галіне.

У выніку ў развіцці індустрыі ІКТ за апошнія гады адбыліся істотныя змены, якія характарызуюцца значным зрухам вытворчасці тавараў і паслуг ІКТ з развітых краін у краіны Азіі, якія развіваюцца.

У сегменце тэлекамунікацыйнага абсталявання і камп’ютараў пераважае гандаль паміж развітымі краінамі, а электронных кампанентаў — паміж краінамі, якія развіваюцца. У гандлі відэаабсталяваннем пераважаюць пастаўкі з краін, якія развіваюцца, у развітыя. КНР стала найбуйнейшым у свеце экспарцёрам тавараў ІКТ, апярэдзіўшы ў 2004 г. ЗША.

Па аб’ёмах вытворчасці сродкаў сувязі вядучыя пазіцыі ў сектары ІКТ займаюць Кітай, Індыя і краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна (АЦР). Пры гэтым Кітай кантралюе 11 % сусветнага рынку, толькі на 1 % саступаючы Японіі.

У свеце ТНК. У 2017 г. галоўнымі вытворцамі камунікацыйнага абсталявання ў свеце з’яўляліся тры ТНК: Cisco Systems (ЗША), Nokia (Фінляндыя) і ZTE (Кітай). Асноўнымі кампаніямі па прадастаўленні камп’ютарных паслуг шырокага спектру ў свеце з’яўляюцца Alphabet (ЗША), IBM (ЗША) і Facebook (ЗША). Па вытворчасці праграмнага забеспячэння лідзіруючыя пазіцыі займаюць Microsoft (ЗША), Oracle (ЗША) і SAP (Германія).

У рэгіянальным плане лідарамі з’яўляюцца краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, асноўны прадстаўнік якога — Кітай. Найлепшую дынаміку дэманструюць таксама індыйскія кампаніі. Краіны, якія развіваюцца, з эканомікай, што хутка расце, усё сур’ёзней акцэнтуюць увагу на вытворчасці інавацыйных прадуктаў ІКТ і ўзмацняюць канкурэнтны патэнцыял сусветнага рынку. Некаторыя з іх, напрыклад Рэспубліка Карэя, Сінгапур, Тайвань, Малайзія, ПАР, дабіліся значных поспехаў у інфарматызацыі сваіх эканомік.

Паразважаем. Н. Ротшыльд, заснавальнік вялікай банкаўскай дынастыі Ротшыльдаў, сказаў: «Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам». Патлумачце дадзенае выказванне.